Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актыўныя спажыўцы піва з часам робяцца жанчынападобнымі


Падрыхтавала Юлія Шарова, Менск Агляд сьвежых нумароў беларускіх газэтаў

Менскія ўлады будуць плаціць маладым маці па 20 даляраў на месяц, паведамляе сёньняшняя “Камсамолка”. У сталіцы прынялі праграму адраснай сацыяльнай дапамогі, згодна зь якой кожная жыхарка Менску, што народзіць дзіця ад студзеня 2005 году, будзе штомесяц атрымліваць 44.940 рублёў – пакуль дзіцяці ня споўніцца год. І гэтую суму будуць атрымліваць усе жанчыны, незалежна ад узроўню іхных прыбыткаў. Такім чынам у Менску хочуць паспрыяць разьвязаньню дэмаграфічнай праблемы: можа, з-за 20 даляраў на месяц жанчыны пачнуць часьцей нараджаць?

“Камсамолка” таксама дае парады на той выпадак, калі вас пакусалі пчолы ці восы. Цяпер лета, і шмат хто нават з гарадзкіх жыхароў церпіць ад гэтай жамяры. Дык вось, калі вас раптам укусіла аса ці пчала, то вам трэба рабіць на месца ўкусу прымочкі нашатырнага сьпірту ці разьведзенай з вадой гарэлкі, а таксама можа дапамагчы й кампрэс з распушчанага ў вадзе актываванага вугля. Варта прыняць і супрацьалергенныя сродкі, бо ўкусы жамяры могуць выклікаць даволі моцную алергію.

“Курьер из Борисова” апавядае пра тое, як часам небясьпечна бывае езьдзіць у гарадзкім грамадзкім транспарце. Для 53-гадовай жыхаркі Барысава Надзеі Багадзяж адна такая вандроўка скончылася сур’ёзнай траўмай – яна выпадкова сарвалася з падножкі аўтобуса, што раптоўна рушыў зь месца. Цяпер высьвятляюць, хто ў гэтым вінаваты. Кіроўца аўтобуса адмоўчваецца: нічога ня бачыў, нічога ня ведаю. Цікава, што ў машыне гэтага кіроўцы не было нават аптэчкі, каб аказаць жанчыне дапамогу, але ягонае начальства, відаць, на гэтае відавочнае парушэньне не зьвяртае ўвагу.

А вось ваўкавыскае выданьне “Местная газета” сёньня піша пра шкоду піва. Як расказаў мне галоўны рэдактар газэты Андрэй Шантаровіч, зьмясьціць такі артыкул яны хацелі даўно, бо праблема піўнога алькагалізму для Беларусі і для ўсяго сьвету цяпер вельмі актуальная. Піва шкодзіць здароўю, гаворыцца ў артыкуле пад красамоўным загалоўкам “Прыдуркаватасьць праз асалоду”. Ад яго паўнеюць, мужчыны робяцца жанчынападобнымі, а ў актыўных спажыўцоў наагул можа й “бычынае сэрца” разьвіцца, і нават прыдуркаватасьць, сказаў спадар Шантаровіч. Таму вельмі важна, што менавіта рэгіянальнае выданьне “Местная газета” ўздымае праблему, якую ў Менску амаль што ігнаруюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG