Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі зноў галадае за кратамі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Валеры Леванеўскі галадае ў гарадзенскім сьледчым ізалятары з 17 гадзінаў 12 жніўня. Але пра гэта стала вядома толькі цяпер, пасьля таго, як яго наведаў адвакат. Існуе яшчэ толькі адна магчымасьць паведаміць пра сябе — лісты, аднак яны даходзяць толькі праз два тыдні.

За кратамі спадар Леванеўскі ўжо 110 дзён, тэрмін утрыманьня пад вартай яму працягнуты да 13 верасьня. Ён зьяўляецца абвінавачаным па крымінальнай справе аб публічнай абразе прэзыдэнта Лукашэнкі.

Паводле адваката Аляксандра Бірылава, Валеры Леванеўскі адмовіўся ад ежы, але п’е ваду. Адчувае сябе пакуль што больш-менш нармальна. Працягваць галадоўку ён мяркуе да той пары, пакуль ня выканаюць яго патрабаваньняў. Ён патрабуе, каб траплялі адрасатам ягоныя хадайніцтвы і скаргі, якія адміністрацыя турмы перастала прымаць. Ён патрабуе сустрэцца з судзьдзём, які будзе разглядаць ягоную справу, і з пракурорам, а таксама з сынамі, якіх ня бачыў з 1 траўня. Яго сын Уладзімер гаворыць, што рабіў спробы сустрэцца з бацькам.

(У.Леванеўскі: ) “У гутарцы, калі я зь сьледчым размаўляў, ён гаварыў, што “гэта маё права, а не абавязак — даваць спатканьне”. Я даслаў, напэўна, два пісьмовыя запыты. Брат мой таксама адзін запыт даслаў”.

Але адказ быў адмоўны. Стала вядома, што турэмнае начальства нарэшце зноўку пачало прымаць скаргі й хадайніцтвы спадара Леванеўскага. 22 ліпеня ён ужо пачынаў галадоўку, але неўзабаве спыніў яе, паколькі кіраўніцтва турмы выканала тады некаторыя яго патрабаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG