Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі “Наш Быкаў”


Галіна Абакунчык, Менск У менскім Доме літаратара адбылася прэзэнтацыя кнігі ўспамінаў “Наш Быкаў”. Гэта першае выданьне, прысьвечанае памяці пісьменьніка, у якое ўвайшлі ўспаміны вядомых беларускіх і замежных літаратараў. Недзяржаўнае выдавецтва “Кніга” стварыла своеасаблівы зборнік спамінаў “Наш Быкаў” накладам 1100 асобнікаў. У часе імпрэзы было паведамлена пра магчымасьць дапоўненага перавыданьня “Нашага Быкава”.

У вечарыне прынялі ўдзел складальнікі й аўтары кнігі – паэт Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў і многія іншыя. Госьцем прэзэнтацыі была ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава. Першапачаткова плянавалася, што імпрэза адбудзецца ў бібліятэцы Дому літаратара, але насамрэч яна праходзіла ў актавай залі й сталася нешматлюднай. Адзін з арганізатараў і вядоўца вечарыны, намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Анатоль Кудравец патлумачыў гэта наступным чынам:

(Кудравец: ) “Справа ў тым, што да апошняга часу не было вядома, якое памяшканьне атрымаем у карыстаньне. Улічваючы, што імя Быкава для пэўнай катэгорыі чыноўнікаў стала закрытым і на яго накладзена “табу”, пытаньне знайсьці вялікае памяшканьне ёсьць вельмі складаным. Безумоўна, каб было вядома, што мецьмем гэтае памяшканьне, то заля была б запоўнена на сто-сто дваццаць адсоткаў”.

Паводле ініцыятараў праекту, назву “Наш Быкаў” кніга атрымала не выпадкова: зборнік складаюць асабістыя згадкі пра пісьменьніка, напісаныя такімі асобамі, як Барыс Кіт, Зянон Пазьняк, Валянцін Аскоцкі, сястра й сын пісьменьніка – усяго 39 чалавек, для якіх пісьменьнік быў і застаецца знаёмым і блізкім чалавекам. Пра сваю спрычынёнасьць да зьяўленьня кнігі гаворыць пісьменьнік Валянцін Тарас.

(Тарас: ) “Я шчасьлівы, што ўдзельнічаў у напісаньні гэтай кнігі, што я адзін з аўтараў. Перачытваючы цяпер тое, што напісаў, бачу: вельмі многае прапусьціў… Нейкія вельмі важныя дэталі – яны не ўвайшлі ў гэты мой успамін “Дарога да Васіля”, бо ўсё пісалася адразу й па самых балючых сьлядох. Я рыхтую сваю кнігу ўспамінаў, і там зьмяшчу “Дарогу да Васіля” з дапаўненьнямі. Таму што дадаць мне ёсьць што, дзякуй Богу”.

Укладальнік кнігі паэт Генадзь Бураўкін азначыў: адметнасьцю зборніка сталася тое, што самыя важкія, самыя высокія словы на гонар Васіля Быкава сказалі ягоныя сябры й паплечнікі з Расеі, Украіны й Літвы. Але кнігу меліся выдаць у сьціслыя тэрміны – да 80-годзьдзя пісьменьніка, таму ў яе не пасьпелі патрапіць згадкі Чынгіза Айтматава, Рыгора Бакланава й многіх іншых. Затое ж плянуецца дапоўненае перавыданьне.

(Бураўкін: ) “Бясспрэчна, часу было мала, каб усебакова сказаць пра Васіля Ўладзіміравіча тое, чаго ён варты. Але я думаю, што ў гэтай кнігі не адзін, а шмат працягаў. У тое, што яна распачынае дарогу да Быкава з пасьціжэньня Быкава, – мне хацелася б верыць. І за гэта я ўдзячны і выдавецтву “Кніга”, якое выпусьціла гэты зборнік, і тым людзям, хто стварыў гэтае выданьне з такой простай і глыбокай назвай – “Наш Быкаў”.

Усяго ў выдавецтве “Кніга” выйшла пяць кніжак твораў Васіля Быкава, у тым ліку пасьмяротная – “Парадоксы жыцьця”. Паводле дырэктара выдавецтва, найбольш папулярнай сталася апошняя прыжыцьцёвая кніга пісьменьніка – “Доўгая дарога дадому”, перавыдадзеная ўжо чатыры разы. Цяпер рыхтуецца да друку пятае перавыданьне – на рускай мове ў перакладзе Валянціна Тараса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG