Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасная судовая сыстэма не дае беларускім адвакатам бараніць правы людзей


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адвакацкая абарона – самае слабое месца беларускай судовай сыстэмы. З гэтым пагаджаюцца экспэрты Радыё Свабода, але іхныя погляды на прычыны і шляхі выпраўленьня гэтага становішча адрозьніваюцца.

Чаму ў беларускіх судох немагчыма абараняць правы людзей? Гэтае пытаньне кожны раз узьнікае пасьля чарговай паразы апазыцыйных палітыкаў у судох. Нагадаю, што фактычна былі прайграныя справы Старавойтава, Чыгіра, Лявонава, Бандажэўскага, а зараз не ўдаецца спыніць махавік рэпрэсіяў супроць Міхаіла Марыніча. Зразумела, што адвакату цяжка перамагчы ў такіх справах, бо яму супрацьстаіць уся дзяржаўная сыстэма. Але ці робіцца абаронцамі ўсё тое, што залежыць ад іх асабіста?

Гэтая праблема сталася тэмай экспэртызы з удзелам вядомых беларускіх адвакатаў Веры Страмкоўскай і Гары Паганяйлы. Абое пагадзіліся з даволі жорсткай тэзай, паводле якой іх адвакацкая праца, іх намаганьні па абароне правоў людзей пакуль часьцей за ўсё аказваюцца марнымі. Чаму гэтак адбываецца?

(Страмкоўская: ) “Судовая сыстэма, якая зараз існуе ў Беларусі, увогуле не дае адвакатам магчымасьці бараніць правы людзей. Законам быццам дэкляраваная роўнасьць абароны і сьледзтва падчас працэсу, але фактычна гэтай роўнасьці няма. Нават кодэксам прадугледжана, што сьледчы мае права прызначаць тэрміны, выклікаць адваката, і адвакат мусіць яму падпарадкоўвацца, а калі не, то будзе мець праблемы. Дадайце сюды яшчэ адсутнасьць прыватнай адвакатуры, і будзе зразумела, што правы людзей бараніць немагчыма”.

(Паганяйла: ) “Мы вельмі ўважліва, фактычна штогод робім маніторынг судоў, адсочваем становішча й прыходзім да высновы, што прынцып незалежнасьці судоў усё больш парушаецца”.

(Карэспандэнт: ) А як растлумачыць той факт, што Беларускі Хэльсынскі камітэт, дзе вы працуеце, днямі выйграў судовы працэс супроць падатковай інспэкцыі? Атрымліваецца, суд у Беларусі можа прымаць і такія рашэньні, якія супярэчаць волі магутнага дзяржаўнага органа?

(Паганяйла :) “Я ня цешу сябе ілюзіяй, што суд быў цалкам незалежны. І не сьцьвярджаю, што мы добра падрыхтаваліся й вельмі прафэсійна адпрацавалі ў судзе. Справа была ў дзесятках мільёнаў даляраў дапамогі, якія Эўракамісія паабяцала Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) З вашай дапамогай хацелася б вярнуцца да гісторыі пытаньня. Здаецца, напачатку 90-х гадоў адвакатура перажыла даволі істотную рэформу, паўстала на шлях дэмакратызацыі. Што адбылося далей? Чаму зараз назіраецца адваротны вынік?

(Паганяйла: ) “Тое нядрэннае заканадаўства, якое зьявілася ў нас у 1993 годзе, перадусім я маю на ўвазе Закон “Аб адвакатуры”, сапраўды дазволіла шырока ўводзіць прыватную адвакатуру, зьявіўся пэўны конкурс на адвакацкія месцы, зьявілася канкурэнцыя ўнутры самой адвакатуры. Але потым быў вядомы дэкрэт прэзыдэнта нумар 12, і гэтым дэкрэтам было перакрэсьленае ўсё дэмакратычнае і здаровае ў Законе” Аб адвакатуры”. Адвакатаў зноў загналі, як я кажу, у калгас. Пацярпела адвакацкае самакіраваньне. Ліцэнзаваньне адвакатаў прымушае іх працаваць з аглядкай, бо тыя, хто працуе ў справе з палітычнай матывацыяй, альбо наўпрост у справе супроць дзяржаўнага чыноўніка, могуць стаць ахвярамі рэпрэсіяў, не атрымаць ліцэнзіі на чарговыя 5 гадоў. Альбо такіх адвакатаў перасьледуюць праз дысцыпліну, за кожную драбязу выціскаюць прынцыповых і прафэсійных людзей з калегіі”.

(Карэспандэнт: ) Нядаўна мне давялося ўгаворваць адваката назваць сваё прозьвішча. Уявіце, чалавек цалкам публічнай прафэсіі ня хоча, каб ягонае прозьвішча назваў журналіст у сваім рэпартажы! Гэта – непрафэсіяналізм ці перш за ўсё боязь, гэткая прыкмета часу? Як вы думаеце, Вера Валянцінаўна – ці многа ў вас такіх калегаў?

(Страмкоўская: ) “Натуральна, ёсьць розныя адвакаты – нельга ўсіх адным чосам… Але так, ёсьць і тыя, хто ня хоча, каб іх імёны гучалі ў палітычна матываваных справах. Згадаю справу Вольгі Іпатавай. Калі яна бараніла свае правы ў грамадзянскім працэсе, то мусіла чатыры ці пяць разоў зьвяртацца да адвакатаў. Ніхто не хацеў брацца за гэтую справу, усе адпраўлялі яе да Страмкоўскай. Такім чынам, праблема яшчэ ў тым, што няма гарантыі абароны правоў саміх адвакатаў, а ім яна таксама патрэбная.”

(Карэспандэнт: ) Ці маглі б вы назваць факты, калі адвакатаў за іх прафэсійную дзейнасьць пазбавілі ліцэнзіі, неяк іх перасьледавалі?

(Страмкоўская: ) “Вось перад вамі Гары Пятровіч Паганяйла, знакаміты адвакат, але ён ужо не працуе ў калегіі адвакатаў. Не працуе адвакатам Сяргей Цурко, які быў абаронцам сваякоў Завадзкага, забітага журналіста”.

(Карэспандэнт: ) А якой будзе вашая парада маладым людзям, якія зараз паступаюць вучыцца на юрыстаў, мараць быць адвакатамі?

(Паганяйла: ) “Парада – усё роўна любіць гэтую прафэсію, быць прынцыповым, займаць жорсткую пазыцыю ў абароне кліента, як бы ні складалася справа, як бы ні было відавочна, што ёсьць пэўная замова. Тыя, хто выкарыстоўвае ўсе сродкі абароны, прафэсійна абараняе людзей, тыя якраз прафэсійна растуць, робяць сабе імя. І маладыя адвакаты,безумоўна, маглі б зрабіць сабе імя нават у цяперашнім становішчы”.

(Карэспандэнт: ) А не атрымліваецца, што праблема неабароненасьці людзей у судох збольшага ня будзе вырашаная, пакуль вы, адвакаты, апэлюеце толькі да судзьдзяў, а не да публікі? Давайце згадаем пра інстытут прысяжных. Чаму ён так і ня быў уведзены ў Беларусі?

(Страмкоўская: ) “Пытаньне гэтае ўздымалася яшчэ падчас зьменаў у працэсуальным заканадаўстве. Парлямэнт нават прагаласаваў за суд прысяжных, але на апошнім этапе прэзыдэнт не пагадзіўся і выкрасьліў”.

(Паганяйла: ) “Улада не жадае гэтага, таму што яна недэмакратычная. Улада хацела б кіраваць судамі і судзьдзямі , што сёньня лёгка робіць. Але, і гэта вельмі прыкра, самі судзьдзі не пажадалі такой рэформы. На першым зьезьдзе судзьдзяў старшыня Вярхоўнага суду Сукала выказаў такую нязгоду. А прэзыдэнт нібыта прыслухаўся. Між тым суд прысяжных вельмі дапамог бы адвакатам працаваць. Перш за ўсё, адвакат атрымаў бы магчымасьць прафэсійна, адукавана, нават з артыстычным элемэнтам данесьці да 12 прысяжных патрабаваньні закону, пераканаць іх у невінаватасьці ці меншай вінаватасьці свайго кліента. І мяркую, што адваката пачулі б, бо ўзьдзейнічаць на 12 чалавек з дапамогай незаконных захадаў – наўрад ці б на гэта пайшлі”.

(Карэспандэнт: ) Калі у Беларусі зараз увесьці незалежныя калегіі адвакатаў, даць ім поўную волю, ці не ўздымеце вы кошты за свае паслугі так, што яны стануць недасягальнымі для пераважнай большасьці насельніцтва, і вынік будзе такі самы як зараз, калі да вас не прыслухоўваюцца ? Ці можа такое адбыцца?

(Паганяйла: ) “Мяркую, ужо сёньня адвакаты ўсталёўваюць шмат для каго недасягальную плянку ў аплаце за сваю працу. Наведваньне сьледчага ізалятара – каля 50 даляраў, судовы дзень каштуе 100 тысяч рублёў. Шмат для каго гэта складае трэцюю частку месячнага заробку. А працэс цягнецца месяц, два, тры і болей”.

(Страмкоўская: ) “Сыстэма вельмі неэфэктыўная. Чаму? Я б сама, магчыма, бясплатна аказвала дапамогу тым, хто быў затрыманы на мітынгах ці дэманстрацыях, калі яны да мяне зьвяртаюцца, але паводле закону я магу гэта рабіць толькі для тых, хто з майго раёну. У дамове гэта ўсё трэба пазначыць. Жыхару іншага раёна я магу аказваць толькі платныя паслугі.

Але ж ёсьць і іншая магчымасьць забясьпечыць правы гэтых людзей. Гаворка пра муніцыпальную адвакатуру. Калі б дзяржава альбо горад плацілі за абарону такіх бедных людзей, тады іншыя адвакаты, зь імем ці без імя, баранілі тых, хто можа заплаціць. Бо я ўсё ж такі лічу, што добрая праца мусіць высока аплочвацца. Зараз у нас калегія адвакатаў забірае 30 адсоткаў, 20 адсоткаў складае падатак, і на заробак застаецца палова. Таму я за прыватную адвакатуру. Калі я была прыватным адвакатам, то 30 адсоткаў у калегію не плаціла, плаціла толькі падатак, і адпаведна плата з кліентаў была меншай”.

Нагадайма, што з абароны людзей пачалі свае палітычныя кар’еры шматлікія вядомыя адвакаты мінуўшчыны – Дантон, Рабэспьер, Ленін, Керанскі, Лінкальн – хаця ня ўсе захавалі пры гэтым галовы. А сёньня мы яшчэ ведаем, што і ўдзячнасьць нашчадкаў здабылі таксама ня ўсе. Якой быць адвакацкай сыстэме ў Беларусі – гэта залежыць ня толькі ад беларускіх адвакатаў, але і ад іх кліентаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG