Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доказаў аб супрацоўніцтве Іраку з Аль-Кайдай ня знойдзена


Ганна Соусь, Прага “Мы ня маем ніякіх дакладных сьведчаньняў таго, што Ірак і Аль-Кайда супрацоўнічалі ў справе нападаў на Злучаныя Штаты”, заявіў былы намесьнік дырэктара ЦРУ Дуглас МакІчын. Да такой высновы прыйшлі сябры незалежнай камісіі, якая расьсьледавала абставіны тэрактаў 11 верасьня 2001 году.

Камісія таксама паведаміла, што першапачаткова тэрарысты “Аль-Кайды” плянавалі захапіць 10 рэактыўных самалётаў і абрынуць іх на амэрыканскія аб’екты ў ЗША й Азіі з мэтай прычыніць шкоду эканоміцы Злучаных Штатаў.

Яшчэ напачатку 1999 году Усама Бін Лядэн плянаваў захапіць самалёты і абрынуць іх на Вашынгтон і Нью-Ёрк. Гэтую ідэю яшчэ ў 1996 годзе прапанаваў Бін Лядэну ягоны паплечнік Халід Шэйх Мохамэд, які цяпер знаходзіцца за кратамі. Праз тры гады ў аўганскім горадзе Кандагар лідэр Аль-Кайды ўхваліў гэтую ідэю, і тая сустрэча ў выніку прывяла да трагічных падзеяў 11 верасьня 2001 году, калі загінулі 2 800 чалавек.

Гэты эпізод ёсьць толькі адным з многіх, што ўтрымліваюцца ў дзьвюх папярэдніх справаздачах, абнародаваных ўчора ў Вашынгтоне незалежнай нацыянальнай камісіяй у справе расьсьледаваньня тэрарыстычных нападаў на ЗША 11 верасьня 2001 году.

Хаця большая частка справаздачы тычыцца плянаваньня нападаў на ЗША, а таксама кіруючых асобаў Аль-Кайды, амэрыканскія мэдыі засяродзіліся на іншым аспэкце паведамленьняў. Праўдападобна, што вынік расьсьледаваньня можа выклікаць ціск на прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша напярэдадні восеньскіх выбараў.

У справаздачы гаворыцца, што няма ніякіх сьведчаньняў таго, што Ірак дапамагаў Аль-Кайдзе ў нападах на ЗША. Больш падрабязна гэтую інфармацыю пракамэнтаваў былы намесьнік дырэктара Цэнтральнага разьведнага ўпраўленьня Дуглас МакІчын.

(МакІчын: ) “Паводле сьведчаньняў, у 1994 годзе Бін Лядэн прасіў Ірак даць яму месцы для трэніровачных лягераў, а таксама забясьпечыць яго зброяй, аднак Ірак, хутчэй за ўсё, ніколі не адказаў на гэтыя просьбы. Былі паведамленьні пра кантакты паміж Іракам і Аль-Кайдай пасьля вяртаньня Бін-Лядэна ў Аўганістан, аднак гэтыя кантакты не разьвіліся ў адпаведнае супрацоўніцтва”.

Гэтае цьверджаньне МакІчына супярэчыць пазаўчорашняй заяве віцэ-прэзыдэнта ЗША Дзіка Чэйні аб шчыльным супрацоўніцтве Хусэйна з Аль-Кайдай. Праўда, нават сам Джордж Буш летась у верасьні дапускаў, што ягоная адміністрацыя ня мае доказаў датычнасьці Хусэйна да тэракту 11 верасьня.

Камісія зрабіла свае высновы, абапіраючыся на прыкладна 1 100 праведзеных гутарак ў 10 краінах сьвету. Большая частка інфармацыі была атрыманая ад падазраваных тэрарыстаў на чале з Халідам Шэйхам Мохамэдам, затрыманых амэырканцамі.

Сярод іншых высноваў справаздачы – інфармацыя пра тое, што Бін Лядэн у сапраўднасьці не такі багаты, як меркавалася раней. Ён ніколі не атрымліваў у спадчыну 300 мільёнаў даляраў, а ў 1994 годзе, верагодна, быў пазбаўлены штогадовай сямейнай выплаты памерам у адзін мільён даляраў.

Насуперак многім паведамленьням СМІ, камісія не знайшла ніякіх доказаў таго, што Савудаўскі ўрад фінансаваў Аль-Кайду. Гэтая арганізацыя, хутчэй за ўсё, атрымлівае сродкі галоўным чынам ад прыватных донараў з шэрагаў мусульманаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG