Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францішак Яноўх: “Мяне вельмі непакоіць палітычнае становішча ў Беларусі”


Юры Сьвірко, Менск У Менску адбываецца міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Сахараўскія чытаньні 2004 году: экалягічныя праблемы ХХІ стагодзьдзя”, якая ладзіцца ў Міжнародным дзяржаўным экалягічным унівэрсытэце імя А.Дз.Сахарава. У канфэрэнцыі бярэ ўдзел сябра міжнароднага апякунскага камітэту гэтага ўнівэрсытэту, прафэсар ядзернай фізыкі швэдзкага Каралеўскага інстытуту тэхналёгіяў, кіраўнік чэскага фонду праваабарончай арганізацыі “Хартыя-77” Францішак Яноўх. Спадар Яноўх наведаў менскую студыю Радыё Свабода й даў нам эксклюзіўнае інтэрвію.

(Карэспандэнт: ) “Францішак Яноўх скончыў Ленінградзкі ўнівэрсытэт 50 гадоў таму ды атрымаў спэцыяльнасьць фізыка. Ён працаваў у Празе, але пасьля інтэрвэнцыі савецкіх войскаў у 1968 годзе яго пазбавілі пасады начальніка аддзелу ядзернае фізыкі ў чэскай Акадэміі навук. Пасьля некалькіх гадоў беспрацоўя пры канцы 1974 году Францішку Яноўху прапанавалі выехаць за мяжу – на запрашэньне прафэсара швэдзкай Каралеўскай акадэміі навук. Ён паехаў, і яго пазбавілі чэскага грамадзянства – на падставе, як было зазначана, ягонага інтэрвію Радыё Свабода. Калі ў студзені 1977 году была падпісаная “Хартыя-77”, спадар Яноўх знаходзіўся ў Швэцыі, дзе заснаваў фонд “Хартыі-77”, які стаў моцным фінансавым партнэрам гэтай арганізацыі, падтрымліваючы дысыдэнтаў і сем’і палітычных вязьняў. Ці былі спробы з боку ўладаў Чэхаславаччыны дыскрэдытаваць апазыцыю на той падставе, што яна атрымлівае грошы з-за мяжы? Вось як на гэтае пытаньне адказаў Францішак Яноўх”:

(Яноўх: ) “Вядома, спробы былі, але фактычна гэтага не адбылося. Найперш я скрупулёзна стараўся выконваць усе чэскія законы. Напрыклад, мы дасылалі даволі шмат грошай, але выкарыстоўвалі для гэтага чэскія дзяржаўныя каналы. Там быў аналяг савецкай крамы “Бярозка” – Чэхаславаччыне тады вельмі была патрэбная валюта. І мы дасылалі грошы праз гэтую валютную краму, рэгулярна, штомесяц паводле вялікага сьпісу, які мы абмяркоўвалі зь сябрамі ў Празе. Маім галоўным агентам у Празе быў Вацлаў Гавал. Мы цяпер зьбіраемся апублікаваць нашу карэспандэнцыю аб’ёмам каля 500 старонак, якая была, так бы мовіць, дысыдэнцкай поштай, дзе мы абмяркоўвалі ўсе гэтыя рэчы – каб якраз паказаць, як гэта ўсё было насамрэч. Я не хачу ніякіх цэнзурных умяшаньняў у гэты вялікі дакумэнт”.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо Вы змаглі не парушыць ніводнага закону тагачаснай Чэхаславацкай сацыялістычнай рэспублікі?”

(Яноўх: ) “Напрыклад, я не хацеў дасылаць праз наш фонд друкарскія машыны, таму што гэта было забаронена. А вось кампутары, прынтэры можна было дасылаць. Мы, скажам, наладзілі сетку хатніх кінатэатраў – тое, што цяпер робіцца й называецца “home cinema”. Гэта мы зрабілі вельмі даўно й вельмі проста – мы купілі, зноў жа праз чэхаславацкую “Бярозку”, з дастаўкай на дом Вацлаву Гаўлу ды яшчэ дзесяці-дваццаці іншым асобам відэамагнітафоны й каляровыя тэлевізары. Але быў такі малы незаконны момант, што мы дасылалі відэакасэты, якія былі забароненыя. Але гэта была зусім іншая справа. Калі я ўбачыў сьпіс кінакарцін, забароненых для паказу ў Чэхаславаччыне, дык пайшоў у Лёндане ў найбольшую краму, купіў усе гэтыя кінафільмы на відэа, мы іх скапіявалі некалькі разоў – гэта быў таксама не зусім законны момант, але думаю, што ніводная кампанія ня мела б да нас прэтэнзіяў, калі патлумачыць, дзеля чаго мы гэта капіявалі – для будучага прэзыдэнта Чэхаславаччыны ды іншых людзей. Мы стараліся, адным словам, прытрымлівацца бальшыні законаў, якія былі. І ніколі ня быў выкарыстаны факт атрыманьня грошай супраць нас або супраць іх”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Яноўх, што Вас цяпер прывяло ў Беларусь – перадача досьведу, як шукаць дзіркі ў заканадаўстве для дапамогі апазыцыі?”

(Яноўх: ) “Я навуковец, сябра міжнароднага апякунскага камітэту Сахараўскага экалягічнага ўнівэрсытэту. Я сябраваў з Андрэем Сахаравым, мы адзін аднаго асабіста ведалі. Я прыяжджаю раз на год на Сахараўскія чытаньні й паседжаньні гэтага камітэту. Я зачытаў пасланьне Алены Бонэр на адрас канфэрэнцыі. Але, вядома, я сустракаюся зь людзьмі, якіх тут ведаю – ня толькі з навукоўцамі ды калегамі ў фізыцы ці экалёгіі. Я знаёмы з Шушкевічам, шмат разоў зь ім сустракаўся, але ж ён фізык, апрача ўсяго іншага. Я аднойчы арганізаваў праз фонд “Хартыі-77” невялікую канфэрэнцыю ў пытаньнях перадачы досьведу, як вы сказалі, прыблізна для 20 беларускіх прадстаўнікоў прафсаюзаў і розных няўрадавых арганізацыяў. Яны прыехалі ў Прагу, мы ім ладзілі сустрэчы з рознымі цікавымі людзьмі, абмяркоўваліся шмат якія вельмі цікавыя пытаньні”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі падобная беларуская “Хартыя-97” да Вашай “Хартыі-77”? Ці ёсьць нешта агульнае паміж імі?”

(Яноўх: ) “Я не зусім дэталёва знаёмы зь дзейнасьцю “Хартыі-97”. І мушу сказаць, што “Хартыя-77” спыніла сваё існаваньне паводле дамоўленасьці, паводле агульнай згоды прыкладна ў 1992 годзе. Але застаўся фонд “Хартыі-77”, які – гэта даволі цікава – стаў адным з найбуйнейшых фондаў у Чэхіі, што займаецца дабрачыннай дзейнасьцю. Мы маем вельмі шмат праграмаў – некаторыя працягваюцца са Стакгольму (напрыклад, прэмія “За грамадзянскую мужнасьць” імя Францішка Крыгеля – адзінага сябра палітбюро, які не падпісаў у Маскве так званага пагадненьня пра аднаўленьне сацыялістычнага ладу ў Чэхаславаччыне, – або прэмія Сайфэрта, якую мы заснавалі ў памяць паэта – першага чэскага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі). Але ёсьць і іншыя праграмы – сацыяльныя, навучальныя. Ёсьць вельмі цікавая праграма з “Майкрасофтам”, дзе яны нам даюць праграмнае забесьпячэньне й кампутары, а мы з дапамогай гэтага абсталяваньня зьнішчаем бар’еры паміж людзьмі з пэўнай ступеньню інваліднасьці, каб іх можна было пазбавіць ізаляцыі. Дарэчы, я кажу, што гэта наўпроставы працяг нашай праграмы. Мы выкарыстоўвалі кампутары для ліквідацыі або прадухіленьня ідэалягічных бар’ераў, для пераадоленьня цэнзуры – цяпер мы пераадольваем тым самым спосабам бар’еры іншага тыпу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна сказаць, што Вы пераадолелі бар’ер часу й здолелі захаваць “Хартыю-77” у выглядзе фонду, дагэтуль патрэбнага людзям?”

(Яноўх: ) “Найвялікшы збор грошай для куплі аднаго ўнікальнага інструмэнту для апэрацыяў на мозгу – бяскроўных, неінвазійных апэрацыяў – быў у фонду “Хартыі-77”. Гэта каштавала тры з паловай мільёна даляраў. Чэхія не памятае такога збору. Мы пакінулі гэты апарат сабе, каб кантраляваць яго выкарыстаньне, але ён стаіць у праскім шпіталі, які павінен увесь час рабіць справаздачы. Мы можам у любы час забраць яго, калі яны стануць выкарыстоўваць яго ня так, як трэба. Там цяпер адзін з найлепшых усясьветных цэнтраў у мікрахірургіі. Мы там, дарэчы, апэруем бясплатна ўкраінскіх дзяцей. Гэта наша воля, мы можам загадаць гэта шпіталю, які ўжо 10 гадоў мае ад нас гэты інструмэнт. Такіх цэнтраў у сьвеце – толькі адзін ці, можа, два”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Яноўх, вось Вы згадалі ўкраінскіх дзяцей, якім бясплатна робяць апэрацыі на сэрцы ў Чэхіі. А ці могуць разьлічваць на такую дапамогу беларускія дзеці?”

(Яноўх: ) “Я гатовы пашырыць гэта, але мы неяк тут не знайшлі яшчэ кантактаў, якія можна было б выкарыстоўваць. Я гатовы некалькіх дзяцей бясплатна лячыць. Мы выдзелілі Ўкраіне норму – 10 дзяцей на год, іх нават бясплатна “Чэскія авіялініі” перавозяць, амбасада дае візы. Мы прыблізна праапэравалі каля 30 дзяцей. Першыя два гады было пытаньне дыягностыкі – трэба гэтых дзяцей адшукваць. Ведаеце, калі раённыя шпіталі не разумелі, для чаго гэта трэба… Але цяпер усё наладзілася. Наш партнэр – цэнтральны інстытут нэўрахіруругіі ў Кіеве, супрацоўнікі якога часам прыяжджаюць у Прагу й нават прывозяць платных пацыентаў з Украіны – дарослых. Мы вырашылі абмежавацца ўзростам да 15 ці 16 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “А яшчэ нейкія сувязі зь Беларусьсю Ваш фонд мае? Ці з прычыны цяперашняй сытуацыі ў краіне ніякіх кантактаў?”

(Яноўх: ) “Апрача вось гэтых сахараўскіх маіх кантактаў, я заўсёды стараюся выкарыстаць іх, каб паглядзець становішча, каб аднавіць кантакты. Але канкрэтна я сустракаўся зь некаторымі вашымі палітыкамі ў Празе – ня толькі на тым сэмінары, які мы арганізавалі, але й тады, калі Васіль Быкаў прыехаў. Тады былі сустрэчы, але, на жаль, няма больш”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Яноўх, колькі разоў Вы былі ў Беларусі? Ці заўважаеце Вы зьмены – на горшае або на лепшае?”

(Яноўх: ) “Калі не лічыць, так бы мовіць, дарэвалюцыйнага часу, калі я прыяжджаў разы два ці тры – гэта было ў 50-х або 60-х гадох, – я быў цяпер прыкладна 10 разоў. Я прыяжджаў з Кіева (я быў 5 гадоў эўрапейскім дырэктарам міжнароднай арганізацыі УНТЦ – Украінскага навукова-тэхналягічнага цэнтру). Тут, у Беларусі, ёсьць філія аналягічнай арганізацыі, якая працуе ў Маскве, – Міжнароднага навукова-тэхналягічнага цэнтру, што фінансуе канвэрсійныя праграмы ўкраінскіх, беларускіх, расейскіх, казахстанскіх навукоўцаў, дае ім грошы. Уражаньні мае, разумееце, розныя. Я, калі сустракаўся з групай беларускай апазыцыі недзе ў Стакгольме або ў адным са швэдзкіх гарадоў прыблізна ў 1994 або 1995 годзе й калі чуў усе іхнія аповеды, дык тады сказаў: “Вы ведаеце, яшчэ ня так кепска”. Таму што я сабе ўявіць не магу, каб мы так сустракаліся ў 80-х гадох, каб мы маглі выяжджаць за мяжу, сустракацца, знаходзіць падтрымку й гэтак далей. Зь іншага боку, мяне вельмі непакоіць палітычнае становішча ў краіне”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму менавіта Вас так непакоіць становішча ў Беларусі?”

(Яноўх: ) “Я вельмі чульлівы. Я пражыў 15 гадоў – тры пяцігодкі – на былой тэрыторыі Савецкага Саюзу: спачатку 5 гадоў у Пецярбургу, потым 5 гадоў у Маскве, потым 5 гадоў у Кіеве. То бок я ведаю, я адчуваю становішча. Мяне некаторыя рэчы вельмі засмучаюць. Я чытаю зводкі Радыё Свабода шмат гадоў – я чытаю менавіта пра Беларусь і Ўкраіну, таму што час абмежаваны. Раней я чытаў пра Чэхію – цяпер гэта зьнікла са зводак, бо ўсе краіны, якія ўвайшлі ў Эўрапейскі Зьвяз, зьніклі адтуль. То бок я сачу за гэтым. Чыста вонкавыя ўражаньні – я адчуваю пэўныя зьмены. Выгляд гораду, жыцьцё неяк крыху наладжваецца. Але гэта павярхоўныя такія рэчы. Я быў заўсёды засмучаны, калі бачыў занядбаныя дамы й вуліцы. Цяпер я бачу, што нешта робіцца. Вось рэканструкцыя вакзалу – цудоўна ён зроблены. Я там, ведаеце, вельмі пільна глядзеў, як там зрабілі аздабленьне, і мне вельмі спадабалася гэта. Але, вядома, палітычна краіна не разьвіваецца. Я вось быў нядаўна ў Маскве й Пецярбургу, літаральна тры тыдні таму – там зусім іншы дынамізм. Хаця мне не зусім падабаецца, як Пуцін вядзе краіну й што ён робіць, я мушу сказаць, што там дынамізм. Я адчуваю – за два гады, што я ня быў у Расеі, – пэўнае разьвіцьцё, пачынаючы зь першага моманту, калі я думаў, што я ўжо ўяжджаю ў заходнюю краіну ў Пецярбургу, да моманту, калі выяжджаў – зусім нармальнае перасячэньне мяжы. А вось калі я прыехаў сюды – з Украіны ляцеў, – дык гэта было зусім іншае адчуваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG