Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казішча: “Узімку страўсы, як куры, бегаюць па сьнезе”


Ягор Маёрчык, Казішча, Кобрынскі раён, Берасьцейшчына (эфір 6 лютага)

На мяне глядзяць лупатыя вочы. Раптам галава на тонкай шыі ляціць наперад — і праз імгненьне дзюба ўчапілася ў дыктафон і цягне яго да сябе. Я вырываю тэхніку і адыходжу на мэтар.



Экскурсавод Яраслаў тлумачыць:

(Яраслаў: ) “Іх вабіць усё, што блішчыць. Можна зайсьці ў вальер і застацца бяз гузіка. Я б не сказаў, што яны моцна агрэсіўныя. Самкі больш лагодныя, чым самцы. Я згадваю, як я першы раз трапіў на фэрму. Я ішоў, дзе між загонамі ўсяго мэтар. Мы ідзем па гэтым загоне, і з двух бакоў на нас зьвешваюцца шыі страўсаў. Мне страшна стала, бо я першы раз. Я ледзь на карачкі ня ўпаў, а пасьля гляджу, што іх дзеці кормяць. Думаю: “Нішто сабе, а я баюся”.

(Карэспандэнт: ) “Любая птушка выдае нейкія гукі. А што робяць страўсы?”

(Яраслаў: ) “У гэты пэрыяд ад іх можна пачуць лёгкае патрэскваньне. А ў шлюбны пэрыяд — такі гул, вельмі гучны”.

(Карэспандэнт: ) “Ці праўда, што калі яны баяцца, зарываюць галаву ў пясок?”

(Яраслаў: ) “Насамрэч гэта казка. Яны такога ня робяць”.

(Карэспандэнт: ) “А катаньне на страўсах — гэта таксама міт?”

(Яраслаў: ) “Іхны мозг вельмі маленькі. Праўду кажучы, гэта дурная птушка. Іхны мозг не трымае інфармацыі. Прыкладам, яна прасунула галаву між жардзінаў і тут жа забылася, як яна гэта зрабіла. Птушка гэтая непрадказальная, і навучыць яе чамусьці будзе вельмі складана, практычна немагчыма”.

За 20 кілямэтраў ад Кобрыня прыватнае беларуска-польскае прадпрыемства “ПМ і Кампанія” пабудавала самую вялікую ў Беларусі страўсіную фэрму. На 100 гектарах там жывуць 600 птушак.

Гэта не заапарк, гэта — бізнэс-праект. Кіляграм мяса каштуе 15 эўра. Адна скурка, сыравіна для абутку — 150 даляраў. Шкарлупкі яек і пер’е — на сувэніры для турыстаў. Мяса, яйкі і скура ідзе на экспарт. За тры месяцы з экскурсіямі на фэрме пабывала 5 тысяч чалавек. У плянах “ПМ і Кампаніі” будаўніцтва рэстарацыі страўсіных страваў, дзіцячай пляцоўкі і гасьцявых дамкоў.

За кілямэтар знаходзіцца вёска Казішча, у якой жыве некалькі дзясяткаў чалавек. Крама, пошта, праваслаўная царква пачатку XX стагодзьдзя — вось, бадай што, і ўсё.

Аксана — зь нямногіх, хто яшчэ не на пэнсіі. У 30-гадовай з выгляду кабеты ёсьць двое дзетак. А яшчэ Аксана — бадай што адзіная зь вяскоўцаў, каму пашчасьціла працаваць на страўсінай фэрме.

(Карэспандэнт: ) “Даўно вы там працуеце?”

(Аксана: ) “Амаль два месяцы. Я працавала ў калгасе, вартавала цяляты і каровы, а там я звычайная прыбіральніца”.

(Карэспандэнт: ) “А ўладкавацца туды лёгка?”

(Аксана: ) “Не-а. Я хацела прыстроіць туды свайго мужа, але мне сказалі, што людзей там пакуль хапае”.

(Карэспандэнт: ) “Калі і страўсінае мяса дарагое, і яйкі дарагія, а есьць птушка тое самае, што куры, чаму людзі не разводзяць іх на ўласных падворках?”

(Аксана: ) “З гэтымі страўсамі вельмі шмат праблемаў. Тыя людзі ведаюць, як зь імі кантактаваць, як да іх падысьці”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы першы раз пабачылі страўсаў, якія ў вас былі ўражаньні?”

(Аксана: ) “Страшна ля іх стаяць. Яны жахліва б’юцца. Яны вельмі агрэсіўныя: могуць нагой ударыць, а могуць і дзюбнуць. Лепей да іх не падыходзіць. Я стараюся іх бокам абыходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Любая птушка альбо сьпявае, альбо нейкія іншыя гукі выдае. А што страўсы?”

(Аксана: ) “Яны нібыта як кракаюць. Ня так, як качкі, гук нейкі незразумелы”.

(Карэспандэнт: ) “Вы страўсінае мяса елі?”

(Аксана: ) “Так, каштавала. Яно смачнейшае за сьвініну. Там ёсьць спэцыяльная кухня. Людзі прыяжджаюць на экскурсіі і ім даюць дэгуставаць. Мяса гэтае тушаць з рознымі прыправамі”.

(Карэспандэнт: ) “Ідзе цяпер такая хвароба, птушыны грып...”

(Аксана: ) “Так, я пра гэта чула. Але да нашых страўсаў такое не дайшло. І дай Бог, каб такога не было. Іх там абараняюць. Нават санстанцыя прыяжджае і робіць ім прышчэпкі”.

Будаўнік Сяргей у Казішчы толькі нарадзіўся, а жыве ў суседняй вёсцы за 15 кілямэтраў. Аднак празь дзень ён прыяжджае ў паселішча, каб адведаць хворых бацькоў. У мінулым Сяргей меў да фэрмы самае непасрэднае дачыненьне. Тры гады таму свае першыя крокі па берасьцейскай зямлі страўсы рабілі менавіта на ягоных вачах. У той час ён ставіў вальеры.



(Сяргей: ) “Некалі сюды прывезьлі чатырох птушанятак. Яму шэсьць месяцаў, а ён ужо вышэйшы за мяне — 1,8 мэтра. У іх там высокая агароджа, а ён яшчэ вышэйшы за тую агароджу! Страўс ня лётае і пералезьці ня можа, а галаву перавесіць можа. Я быў у працоўнай форме. Усе гузікі былі звычайныя, і толькі адзін блішчаў. Ён перагнуўся і дзюбай адарваў яе. Узімку яны, як куры, бегаюць па сьнезе. Ім хоць бы што! Праўда, пасьля сябе яны пакідаюць такія ляпёшкі, як каровы. Але самае цікавае, калі вартаўнік іх на ноч заганяе ў стойла. Ім туды ісьці ня хочацца, і птушка можа лупануць чалавека так, што мала не падасца. Карацей, вартаўнік здымаў зь сябе футра і футрам іх заганяў”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі паставіліся да таго, што тут пачалі разводзіць страўсаў?”

(Сяргей: ) “Выдатна! Сюды сталі прыяжджаць людзі, і для мясцовых зьявілася праца. Карацей кажучы, гэта добрая справа”.

(Карэспандэнт: ) “Якія самыя галоўныя праблемы ў вёсцы?”

(Сяргей: ) “Цяпер, мабыць, усё добра. З гандлем было хранова, але цяпер усе наладзілася. Цяпер выдатнае забесьпячэньне. Апроч таго, што тры разы на тыдзень працуе крама, тры разы на тыдзень прыходзіць аўталаўка”.

Некалі ў Казішчы быў калгас. Дакладней, фармальна гаспадарка тут ёсьць і сёньня, але напраўду на ўскрайку паселішча я бачу толькі рэшткі некалькіх кароўнікаў. Насустрач мне да прыезду аўталаўкі сьпяшаецца пэнсіянэрка: у старым паліце, захутаная ў некалькі хустак. На хвілінку прыпыняю яе. Я ёй пра страўсаў, а яна мне пра занядбаны калгас.



(Спадарыня: ) “У нас разбурылі двухпавярховы кароўнік. Вунь, бачыце рэшткі? Быў ажно на дзьвесьце кароваў, а яго разбурылі. У нас няма гектара ворыўнай зямлі — старшыня ўсё запусьціў! Людзі нават ад сотак адмовіліся. Трава да пояса. “Кіравец” у той траве каляіну разарае, і ідзі бульбу засыпай. А пасьля яе не праполеш і ня выкапаеш. І хто бульбу пасадзіў, там яна засталася”.

(Карэспандэнт: ) “Страўсаў бачылі?”

(Спадарыня: ) “Бачыла, і яйкі іхныя бачыла. Птушка вялікая з пухнатымі пёркамі. Вельмі прыгожа!”

(Карэспандэнт: ) “А мяса елі?”

(Спадарыня: ) “Не, яно вельмі дарагое”.

Калі адысьці ад экзотыкі і засяродзіцца на штодзённым жыцьці Казішча, варты ўвагі будзе аповед бабы Веры. Ціхае вясковае жыцьцё нядаўна ўскалыхнулася ад забойства.

(Вера: ) “Жылі мы з мужыком. Ён піў і знайшоў сабе каханку. Я ўцякла на хутар. А яны тут пілі-пілі, і ён яе забіў. Яго забралі. Я пайшла да дэпутаткі. Кажу: вярніце мне тую хату, дзе мы жылі. Яны мне вярнулі хату. А мне за яе прыйшоў рахунак — заплаціць 120 тысяч. А там ні сьвятла, ні дзьвярэй! Я кажу дэпутатцы: дайце мне дапамогу! А дэпутатка мне адказала: вы і безь сьвятла пражывяце”.

(Карэспандэнт: ) “Пра страўсаў ведаеце?”

(Вера: ) “Бачыла я іх, вельмі спужалася. Не хачу я іх болей бачыць! Каб там карова ці сьвінчо стаяла, а то там страўсы!”

(Карэспандэнт: ) “Вы нейкую гаспадарку трымаеце?”

(Вера: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “Бярыце страўса!”

(Вера: ) “Ён у мяне падохне”.

Мясцовая ўлада ў Казішчы — гэта пэнсіянэр Міхал Грыгорык. Гаваркі такі дзядок, які сочыць за парадкам у вёсцы і час ад часу кантактуе зь сельсаветам. Некалі дзед Міхал дапамагаў будаваць страўсіную фэрму. Цяпер ён там не бывае, але зь непрыхаваным задавальненьнем распавядае пра свой досьвед кантактаў з экзатычнай птушкай.

(Міхал Грыгорык: ) “Яны такія здаровыя, на 150 кіляграмаў. Хоць і птушка, але здаровая! Яны не лагодныя і сваімі дзюбакамі цюкаюць. Адно яйка каштуе 84 тысячы”.

(Карэспандэнт: ) “А вы каштавалі?”

(Міхал Грыгорык: ) “Я ня еў, бо ў мяне няма такіх грошай”.

(Карэспандэнт: ) “Калі такія дарагія яйкі і мяса, можа, замест кур разводзіць страўсаў?”

(Міхал Грыгорык: ) “А калі на іх нападзе птушыны грып? Нам казалі, каб з 1 сакавіка мы не выпускалі сваіх прыватных птушак, каб яны грыпу не падхапілі, бо тады будуць пералётныя птушкі вяртацца. Адкуль я ведаю, калі тут той грып зьявіцца, і што мне зь ім рабіць? Кажуць, што навукоўцы не дапускаюць грыпу ў Беларусь і хочуць яго ад нас адагнаць”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі ў Казішчы чулі, што будуць выбары прэзыдэнта?”

(Міхал Грыгорык: ) “Чулі”.

(Карэспандэнт: ) “За каго галасаваць будуць?”

(Міхал Грыгорык: ) “Пэнсіянэры будуць галасаваць дза Лукашэнку”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вёсцы ведаюць іншых кандыдатаў?”

(Міхал Грыгорык: ) “Нібыта пра такое я ня чуў. У мяне чатыры сыны. Адзін жыве ў Берасьці, і той супраць яго”.



На ўсё Казішча страўсаў ня бачыў адзіны чалавек — пэнсіянэр Іван Грыгорык. Ён здольны зьлезьці з ложка і дайсьці да печы, а на далёкія падарожжы, да крамы ці нават на двор выйсьці дзеду Івану бракуе сілаў.

(Іван Грыгорык: ) “Колькі мне хацелася іх пабачыць... Кажуць, што яны вышэйшыя за чалавека, што лапамі б’юцца... Але я туды не зайду, бо ледзь з кіем хаджу па хаце. Адымае ногі. Яшчэ баліць галава так, што магу ісьці і раптам паваліцца”.

(Карэспандэнт: ) “Пра вас нехта клапоціцца?”

(Іван Грыгорык: ) “У мяне няма ні жонкі, ні дзяцей. У мяне тут жыве пляменьніца і пляменьнік. Я ім увесь час грошы даваў, а пасьля вырашыў не даваць. Грошы яны забіраюць, а нічым не дапамагаюць! Кожнаму даў мільён, а яны нават не цікавяцца пра маё здароўе”.

За тры гады афрыканскія страўсы выдатна акліматызаваліся ў Беларусі. Сама фэрма стала эканамічна пасьпяховым прадпрыемствам. Казішча ператвараецца ў турыстычную зону. Шкада толькі, што за гэты час дзед Іван так і не пабачыў страўсаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG