Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калякін: Нельга хаваць ні жывога чалавека, ні дзейнай партыі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Вярхоўны Суд Беларусі пачаў разгляд скаргі на Міністэрства юстыцыі, якое адмаўляецца рэгістраваць “Саюз левых партыяў”. Працэс вядзе судзьдзя Мікалай Лабкоў.

Скаргу на Мін’юст падалі шэсьць партыйных актывістаў: двое ад кожнай з арганізацыяў, што стваралі “Саюз левых партыяў”.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон лічыць, што пасьля таго, як 11 кастрычніка Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў жаночую партыю “Надзея”, падставаў для рэгістрацыі “зусім не застаецца”.

А ўлічваючы, што дзейнасьць Партыі камуністаў беларускай з 2 жніўня прыпынілі на шэсьць месяцаў, на думку спадара Харытона, з трох суб’ектаў “Саюзу” застаўся толькі адзін — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

На гэта першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін, маючы на ўвазе сваю партыю, змрочна пажартаваў: нельга ж загадзя хаваць нават цяжка хворага чалавека. І дадаў, што міністэрства невыпадкова зьвяртае ўвагу на гэта — іншыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі выглядаюць надуманымі й не заходзяць далей тэхнічнага афармленьня дакумэнтаў.

Судзьдзя Мікалай Лабкоў выключыў са сьпісу паўнавартасных удзельнікаў працэсу прадстаўніц жаночай партыі і перавёў іх у катэгорыю сьведак. Пасьля гэтага пачалі вывучаць розныя дакумэнты й адказы бакоў на пытаньні.

Валянціна Матусевіч з партыі “Надзея” лічыць, што Міністэрства юстыцыі невыпадкова ліквідавала жаночую партыю:

“Вельмі шкада, што каб не зарэгістраваць “Саюз левых партыяў”, улады зьліквідавалі юрыдычную рэгістрацыю жаночай партыі “Надзея” — якая, дарэчы, была адной з трох жаночых партыяў у Эўропе. І ніякіх падставаў для ліквідацыі нашай партыі ня было.

“Надзею” ліквідавалі за парушэньні ў 2004 і 2005 гадах. А сёлета і летась у нас было толькі адно папярэджаньне — за тое, што мы праводзілі мерапрыемства для арганізацыі “Саюзу левых сілаў” у Чарнігаве. Але ж нас ліквідавалі.

А цяпер, улічваючы, што партыя “Надзея” ліквідаваная, яны не рэгіструюць “Саюз”. Што тут яшчэ казаць?! Што тут можна камэнтаваць?!”

Міністэрства юстыцыі ўжо двойчы адмаўляецца рэгістраваць “Саюз левых партыяў”. Першы раз таму, што ўстаноўчая канфэрэнцыя “Саюзу” напрыканцы мінулага году праводзілася за межамі Беларусі.

Летам у Менску адбылася яшчэ адна ўстаноўчая канфэрэнцыя. Але і гэтым разам Мін’юст ня даў згоды на рэгістрацыю. Таму стваральнікі “Саюзу левых партыяў” мусяць другі раз зьвяртацца ў Вярхоўны Суд.

• У судзе “Надзея” запатрабавала дзяржаўных гарантыяў, 9.10.2007 • “Саюз левых партыяў” вырашыў судзіцца з Мін’юстам, 6.03.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG