Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Хведарук: “Трэба ня плакаць, а дамагацца, каб барацьбіты не станавіліся пакутнікамі”


Аляксандар Уліцёнак, Менск 29 траўня вынесены прысуд пяці актывістам “Маладога фронту”. Найбольшы штраф вызначаны Зьмітру Хведаруку – 1 мільён 240 тысячаў беларускіх рублёў. Ён і стаў госьцем слухачоў Радыё Свабода.

Слухаць:



“Cяргей Місавец, Кобрын: “Зьміцер, наколькі нечаканым і гучным быў старт вашай крымінальнай справы, настолькі раптоўна-спагадлівым – прысуд. Што вас больш уразіла ў гэтай гісторыі: яе пачатак ці фініш?”

(Хведарук: ) “І пачатак, і фініш. Усё пачалося 4 лютага, калі нас, 30 чалавек, арыштавалі падчас Цэнтральнай Рады. Паседжаньне праходзіла на прыватнай кватэры. Адвезьлі спачатку ў РАУС, а затым, зусім нечакана для мяне – у турму КДБ, так званую “амэрыканку”. Парадаксальна будзе сказаць, але там я правёў тры самыя моцныя на ўражаньні дні ў маім жыцьці. Бо зразумеў тады зрэшты, чаго вартыя гэты рэжым, Беларусь і я. Ну а фініш проста канстатаваў: моладзь усё роўна даможацца свайго”.

”Шаноўныя, ніхто з нас ня бачыць самамэтай “валадарку” ці “амэрыканку”


Алег, Крычаў: “Я ня думаю, што “Малады Фронт” дасягне нечага значнага (на жаль). Бо адсідкі для іх ёсьць праяваю гераізму і адпаведна – самамэтаю”.

“Шаноўныя спадары, ніводны, хто адсядзеў за гэты час ці на Акрэсьціна, ці на Валадарцы, ці яшчэ ў якой турме, меў гэта на сваю самамэту. Сьледчы Грахоўскі мяне страшыў: “Зьміцер, ты што, хочаш пачаць сваю палітычную кар’еру так, як Шыдлоўскі й Севярынец – з турмаў?” Адным словам, заявы, нібыта мае сябры папросту піяраць сябе, а ня дзейнічаюць, – проста зьдзек з тых людзей, якія нешта робяць у гэтай краіне. Урэшце рэшт хіба за імітацыю так перасьледуюць, як маладафронтаўцаў?”

Алесь, Горадня: “Зьміцер, раскажы, калі ласка, пра твой шлях да Беларушчыны?”

“У гады Адраджэньня ён быў зразумелы для мяне, гімназіста-пачаткоўца. У 1996-1997 гадах рэжым яшчэ не пасьпеў так моцна панішчыць нацыянальнае: у клясе вісела Пагоня, былі шматлікія экскурсіі, мова выкладаньня амаль выключна беларуская – у масавым парадку моладзь пачынала гаварыць на мове Купалы... А пасьля ўжо пачалося – нашу настаўніцу звольнілі за тое, што яна не хацела вешаць партрэт Лукашэнкі, выяву чырвона-зялёнай капусты ў кабінэце... Клясная не жадала прывязваць нас да новай дзяржаўнай ідэалёгіі.

І нарэшце гадоў у пятнаццаць стала сорамна, што Беларусь адыходзіць сама ад сябе. Калі абвясьцілі чарговы ганебны рэфэрэндум, прыйшлося нешта перагледзець у душы. Давалася тое няпроста. Я стала гуляў у юнацкай футбольнай камандзе, дык на полі раз-пораз за маю беларускасьць узьнікалі нейкія сутычкі, нават бойкі. А што – маўчаць, як нехта на цябе: “Ты, вёска! Эй, калгасьнік!” Раз так – атрымай!

Такім чынам знаёмства са Зьмітром Дашкевічам не было для мяне выпадковасьцю. Аднак пасьля нашай сустрэчы ў мяне і пачалося новае, сьвядомае грамадзкае жыцьцё”

“Вы – как фашистский Союз белорусской моладзи, но победа все равно будет будет за нами, славянами!”


Алесь: “Зьміцер, ты зашмат часу аддаеш “Маладому Фронту” – як тое сумяшчаецца з асабістым?”

“Усе, з кім маю сяброўскія стасункі, вельмі добра разумеюць мяне, і часам нават дапамагаюць разруліваць нейкія сытуацыі”.

Алесь: “А для каханьня ў тваім жыцьці месца ёсьць? Ці вы ўсе баіцеся правакацыяў? Гэбісты, я чуў, нават Севярынцу падсунулі “сваю” дзяўчыну”...

“Дакладна тую інфармацыю сьцьвердзіць не магу. Сам асабіста Павала зь дзяўчынай я ня бачыў. Што да мяне, то падчас крымінальнай справы тэлефанавалі проста дзесяткі, каб пазнаёміцца. Казалі: тэлефонны нумар уведалі зь нейкіх там сайтаў, кніжак... Падазронасьць яшчэ больш узмацнілася, калі як па камандзе праз пару дзён яны пачалі гаварыць прыблізна аднолькавае: “Што цябе стрымлівае, не палохайся, я ж не з КДБ...”

Алесь: “Чым ты хочаш займацца ў вольнай Беларусі?”

“Яшчэ год таму было моцнае жаданьне настаўнічаць. А цяпер мару пра журналісцкую працу, сёлета хачу паступаць на журфак віленскага пэдагагічнага”.

(Ананімны электронны ліст: ) “Предатели, помогатые Вашингтона, недобитые полицаи и фашистский Союз белорусской моладзи, победа все равно будет будет за нами, славянами!”

“Што можна адказаць такім “заклятым сябрам”, якія ўсю сваю дзейнасьць зводзяць да таго, напрыклад, каб размаляваць абраз у Курапатах свастыкай, паламаць крыжы... Проста заклікаю вас пакаяцца, адумацца! Калі вы насамрэч жывяце для Беларусі і ў Беларусі, то хопіць жыць савецкімі стэрэатыпамі пра здраднікаў Радзімы, як вы пішаце, ці памагатых Вашынгтону.

Што да паралелі Саюзу беларускай моладзі і “Маладога Фронту”, то нашыя папярэднікі – маладыя адукаваныя людзі падчас вайны вымушаныя былі пайсьці ў СБМ, каб атрымаць адукацыю, змагацца за сваю Беларусь, беларускую... Так, ім дасталося за тое па поўнай, як кажуць, праграме – і ў вайну нацярпеліся за свае нацыянальныя перакананьні, і пасьля пасядзелі ў савецкіх лягерах... Але яны ў вынікі адыгралі сваю ролю, стварылі нацыянальны падмурак, на якім сярод іншых стаіць і сёньняшні “Малады Фронт”. Гэта асьветніцтва, змаганьне за Беларушчыну, загартоўка людзей, якія неўзабаве пачнуць выконваць важныя функцыі ў беларускім грамадзтве”.

“Камуністы за расейскія грошы расьцягваюць усіх на сябе. І мы будзем намагацца, каб такога ў Беларусі больш не паўтарылася”


(Юлія Сівец, Гомель: ) “Як будзе разьвівацца “Малады Фронт далей?”

“Пасьля такога прысуду ён мусіць працягваць сваю ранейшую дзейнасьць, толькі зь яшчэ большым імпэтам. Рэжым будзе яшчэ ачухвацца пару месяцаў, і мы зможам нарасьціць свае мускулы да восені й наступнай вясны. Бо цяпер вельмі пераломны момант для Беларушчыны. Ідучы зараз у студыю бачыў, як кляса дзяцей па 8-9 гадоў суправаджалася двума спэцназаўцмі. Яны вялі іх на нейкі стадыён. То бок калі такое апякунства, ідэалягічная апрацоўка будзе працягвацца, то проста страх бярэ, што стане з гэтымі школьнікамі празь дзесяць год...”

“Што думаеце пра спадара Мілінкевіча?”

“Безумоўна ня спынім сваёй падтрымкі гэтага чалавека і надалей. Бо апроч яго зараз ні ў кім ня бачым хоць нейкай надзеі на сапраўды вольную Беларусь. Паглядзець на астатніх – Калякіна, Лябедзьку, дык яны за Расею. Але асабіста я ўскладаю свае спадзяваньні на Павала Севярынца – ён будучы прэзыдэнт краіны”.

(СМС-паведамленьне: ) “Як вы ставіцеся да таго, што старэйшыя таварышы з палітычных партыяў баяцца актыўных дзеяньняў?”

“Гэта іхныя праблемы. Ня стану ні на каго наракаць, бо кожны робіць і ахвяруе столькі, колькі можа”.

(Юрась, Наваградак: ) “Што засьведчыў Кангрэс?”

“Тое, што нельга аб’яднаць у адзінае камуністаў, лібэралаў, БНФ, “Малады Фронт”, сацыял-дэмакратаў. Гэта ня могуць быць аб’яднаныя сілы, бо камуністы за расейскія грошы расьцягваюць усіх на сябе. І мы будзем намагацца, каб такога ў Беларусі больш не паўтарылася”.

(Спадар: ) “Зьміцер, чаго ў “МФ” больш: рамантыкі ці сур’ёзнай дзейнасьці? Калі апошняе, то якія акцыі й дзеяньні заплянаваныя на 2007 год?”

“Увесь час мы ідзем з выразным адценьнем рамантызму, бяз страху, бо пры іншым раскладзе Фронт не зацікавіў бы моладзевую аўдыторыю.Што тычыцца пэрспэктыўнай сур’ёзнай дзейнасьці, то будзем пратэставаць зараз супраць зносу помнікаў культуры, дойлідзтва, старасьвеччыны. Гэта надзвычай важна сёньня, як важна было некалі адстаяць Курапаты. Глядзіце, за нейкія там арабскія нафтагрошы ў цэнтры старога Менску хочуць збудаваць комплекс з басэйнам, барамі, пітнымі, нечым накшталт бардэлю... Што – проста глядзець на гэты зьдзек? Яшчэ чакаем гарачую восень... Студэнты губляюць дужа шмат. Важна дапамагчы ім усьвядоміць маштаб тых страт. Наступствы адмены ільготаў ва Францыі, Амэрыцы і нават Расеі ўражваюць! Падаецца, і мы не застанемся ўбаку”.

“Вэртыкаль будзе таньчыць, калі як і летась мае аднагодкі працянуць выяжджаць на праграму Каліноўскага”


(Спадар, Наваполацк: ) “Цяпер адной з формаў пратэсту супраць рэжыму зьяўляецца зыход моладзі з краіны. Улада гэта адчувае і ўсяляк перашкаджае. Што вы думаеце пра гэта?”

“Асабіста я супраць выезду маладых. Але калі за нейкія акцыі, затрыманьні выкідваюць з унівэрсытэтаў, безумоўна, гэта для многіх адзінае выйсьце працягнуць вучобу. Маю на ўвазе тых найперш, хто ня надта хоча актыўна дзейнічаць і палітычна пазыцыяніраваць сябе. Адначасова мне здаецца, што вы трохі ня маеце рацыі: вэртыкаль будзе таньчыць, калі як і летась мае аднагодкі працянуць выяжджаць на праграму Каліноўскага.

(Сп.Мушыцкі, Баранавічы: ) “Што вы думаеце пра магчымасьць дапамогі Беларусі захадам?”

“У значнай ступені яго стрымліваюць імпэрскія амбіцыі нашага усходняга суседа. Палітычная геаграфія замінае кантактам умоўна кажучы Брусэлю з дэмакратычнай Беларусьсю. Да таго ж заходнікі ня бачаць надта трывалы падмурак у беларускіх палітыках, нават апазыцыйных. Ды нам і ня варта чакаць вялікай падтрымкі ад каго-небудзь: спадзявацца трэба больш на сябе. Замежнікі ня будуць так дапамагаць апазыцыі ў змаганьні за Беларушчыну, як наш народ”.

“Народная салідарнасьць і народны дух – лепшы сродак у контарзмаганьні з КДБ ды яму падобнымі”


(Барыс Бухель, старшыня праўленьня Магілёўскага праваабарончага цэнтру: ) “У нас маладыя апазыцыянэры ўсё часьцей трапляюць пад апрацоўку спэцслужбамі: юнакоў запалохваюць, спрабуюць завэрбаваць... Псыхалягічны ціск вельмі моцны! Вы думалі над контрмерамі?”

“Самае галоўнае тут – апэратыўныя паведамленьні ў СМІ. Пры вялікім розгаласе сексоты ды гэбісты будуць пабойвацца праяўляць залішнюю актыўнасьць – ім нявыгадна апынуцца ў стужцы навінаў, тэлесюжэце ці фотакадры. А яшчэ патрэбныя рэгулярныя сустрэчы зь мясцовымі актывістамі, каб у выпадку нейкай нясталасьці не атрымаць паразу. Як тое здарылася, напрыклад, зь Яраславам Грышчэнем у Баранавічах: мясцовая суполка моладзі БНФ проста здала яго, нібы ў лепшыя савецкія часы. Моладзь трэба гартаваць, каб яна трымалася адзін аднаго. Народная салідарнасьць і народны дух – лепшы сродак у контрзмаганьні з КДБ ды яму падобнымі”.

(Бухель: ) “Я параіў бы яшчэ заўсёды патрабаваць ад тых, хто спрабуе застрашыць моладзь ці завэрбаваць яе, поўнай інфармацыі: хто, адкуль, на які загад дзейнічаюць... Трэба прама кожны раз казаць: вашыя дзеяньні незаконныя, буду пісаць у пракуратуру, паведамляць у незалежныя СМІ. Памятайце: скаргі на КДБ ці МУС у цэлым нічога не даюць – патрэбна скардзіцца на пэрсаналіі, тлумачыць, які менавіта закон яны парушаюць”.

(Сьцяпан Казека: ) “Капітан УКДБ па Менску Дзьмітрый Сьвістун, сьледчы Сяргей Грахоўскі – вы доўга будзеце памятаць гэтых й іншых людзей, што вас арыштоўвалі, дапытвалі? Што зробіце зь імі, калі ўлада пераменіцца? Як ставіцеся да ідэі забароны на прафэсію?”

“Капітана Сьвістуна, пэўна, я запомню. Бо ён стаў першым чэкістам, зь якім мне давялося мець справу. І ён двойчы камандаваў маімі арыштамі – летась і сёлета. У абодвух выпадках літаральна выцягваў маладафронтаўцаў пад крымінальныя справы, вельмі моцна ўзьдзейнічаў. Той чалавек, які змог быць ляяльным да ўлады і нават, кажучы па-іхнаму, дэманстраваў “стаханаўскую” руплівасьць у сваёй працы, у дэмакратычнай Беларусі працаваць у КДБ ці пракуратуры ня мае права. Той жа спадар Грахоўскі вельмі цудоўна паказаў сваю сутнасьць у справе “Партнэрства”, цяпер вось “добра” парупіўся з намі: маўляў, я такі профі, глядзіце, што зрабіў з вашымі папярэднікамі, то й вас на пасадачны канвэер пастаўлю... Да такіх людзей неабходна прымяняць цалкам адэкватныя меры. Прычым на аснове тых законаў, якія яны парушалі менавіта ў лукашэнкаўскай Беларусі”.

“Хрысьціянства яшчэ мацнейшы чыньнік, чым палітычнае ахрышчваньне. Калі хрысьціяне змагаюцца, гэта непераможна”


(Тацяна, Менск: ) “Які з хрысьціянскіх прынцыпаў для вас найгалоўнейшы? І хто вы паводле канфэсіі?”

“Кожны запавет Хрыста зьвязаны зь іншымі, тут нельга вылучаць нешта адно. Я час ад часу наведваю Чырвоны касьцёл, гэтаксама як і пяцідзясятніцкую царкву пастара Яраслава, якога вось-вось дэпартуюць зь Беларусі”.

(Тацяна: ) “А ці можа рэлігія паспрыяць прыходу моладзі да Беларушчыны?”

“Шматлікім расейскамоўным вернікам мы прапаноўвалі паразважаць на такую тэму: як Гасподзь кожнаму даў сваю мову, значыцца нельга, ня маем мы права зьняважаць дары тыя? І вельмі многія пачынаюць гаварыць па-беларуску. Вялікае значэньне мае і прыклад вядомых вернікаў, удзельнікаў дэмакратычнага руху. Гэта Павал Севярынец, Аляксей Шэін, Зьміцер Дашкевіч, Дзяніс Садоўскі... Спрацоўваюць і адмысловыя хрысьціянскія праекты, напрыклад, “Ліцьвінскі клюб”. Я ўжо маўчу пра Чырвоны касьцёл, дзе ёсьць свой тэатар, ладзяцца канцэрты хрысьціянскай музыкі – нядаўна Андрэй Мельнікаў з Алесяй Янукоўскай сьпявалі... Не кажу пра такі яскравы прыклад, як Адам Станкевіч. То бок хрысьціянства яшчэ мацнейшы чыньнік, чым палітычнае ахрышчваньне. Калі хрысьціяне змагаюцца, гэта непераможна. Тое пацьвярджае і досьвед Польшчы, Чэхіі. Без Бога мы ніколі не пераможам. А будзем яшчэ доўга-доўга хадзіць у цемры, як зараз”.

(Вольга Камека, Менск: ) “Неяк па Свабодзе пачула ад вас выраз: пара забыцца пра культ пакутніцтва!” Што гэта азначае?”

“У кнізе аднаго з чэскіх пісьменьнікаў прачытаў пра савецкую акупацыю: шмат хто тады вызнавалі менавіта гэты культ – шанаваньня тых, хто да сьмерці змагаўся з навязаным рэжымам. Іх хіба ці не абагаўлялі. Але – пасьля сьмерці патрыётаў... Тады шкадавалі: так рана памёр, якім быў, от жа ненавідзеў камуністаў, мы ганарымся, будзем вечна памятаць, дзецям раскажам, кніжкі напішам, вуліцы назавем... Плакалі і адначасова чакалі: а вось жа яшчэ адзін з гэтай кагорты неўзабаве загіне ці сядзе, аддасьць сябе ў ахвяры за іх, плаксівых... І зноў тады яны будуць шкадаваць, абяцаць, захапляцца...

Не, сябры, па-іншаму трэба – узяцца за рукі, як казаў Кастусь Каліноўскі, і пайсьці наперад. А ня плакаць, што можа пасадзяць маладафронтаўцаў, а можа – не... Куды важней рабіць так, каб тыя пасадкі, арышты, зьнікненьні, нечаканыя сьмерці больш не паўтараліся. Хопіць з нас ахвярніцтва, досыць жыць культам пакутніцтва”.

(Вольга: ) “Што ёсьць сёньня беларускі патрыятызм?”

“Сёньня гэта хрысьціянская форма і нацыянальны зьмест”.

“Ва што вы верце, Зьміцер?”

“Веру ў Бога. Бо як казаў адзін хрысьціянскі філёзаф, калі Бог на першым месцы, то і ўсё астатняе на сваім месцы. Таго вам зычу”.

• Зьміцер Хведарук: “За гэтыя 2 месяцы мы зможам нарасьціць яшчэ большыя мускулы” 31.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG