Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад заклікае прыйсьці на суботнік. Добраахвотна


Беларускі ўрад працягвае савецкія традыцыі суботнікаў, прымеркаваных да дня народзінаў Леніна. Гэтым разам Усебеларускі дзень дармовай працы вырашана правесьці 16 красавіка.

Як паведамляе БелТА, гэта вызначана пастановай Савету Міністраў № 423.

Урад рэкамэндуе правесьці рэспубліканскі суботнік на «добраахвотнай аснове»:

«Людзі будуць працаваць на працоўных месцах або добраўпарадкаваць і прыводзіць у належны стан тэрыторыі населеных пунктаў, мэмарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы, пахаваньні воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны».

Рабочую групу для падрыхтоўкі і правядзеньня суботніка ўзначальвае намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, у яе складзе — кіраўнікі міністэрстваў, камітэтаў, аблвыканкамаў, Менскага гарвыканкаму.

Ад працы 16 сакавіка можна будзе «добраахвотна» адкупіцца, пералічыўшы аднадзённы заробак.

Грашовыя сродкі, заробленыя на працоўных месцах у дзень суботніка, будуць пералічвацца ў Мінфін. Зноў жа «ў добраахвотным парадку». Палову заробленых сродкаў абяцаюць накіраваць на мінімізацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG