130 беларусаў падпісалі зварот да МЗС Літвы з просьбай спрасьціць выдачу візаў іхным сваякам, бо некаторыя сем’і ня бачыліся гадамі, а людзі, якія жывуць у Літве з статусам уцекача, часам ня могуць абысьціся без дапамогі родных.
Ініцыятары прапануюць прызнаць такія візыты гуманітарнымі выпадкамі, вызначыць зразумелую працэдуру і тэрміны выдачы візаў. Зварот накіруюць у літоўскае міністэрства.
Чаго хочуць уцекачы
Аўтары просяць літоўскія ўлады паспрыяць у атрыманьні візаў для блізкіх сваякоў уцекачоў. Калі такія візыты прызнаюць гуманітарнымі выпадкамі, працэдура атрыманьня візаў з прадугледжаным літоўскім законам пасярэдніцтвам МЗС можа паскорыцца.
Цяпер МЗС Літвы дапамагае толькі пры цяжкай хваробе альбо сьмерці чалавека.
Аўтары звароту прапануюць свой сьпіс катэгорыяў сваякоў, якія ў атрыманьні візы маглі б разьлічваць на пасярэдніцтва МЗС Літвы, і хочуць ведаць дэталёвую працэдуру падачы візы ў такім разе.
Паводле ініцыятыраў звароту, сьпіс яго падпісантаў строга канфідэнцыйны, яго перададуць у МЗС асобным дадаткам і нідзе не апублікуюць.
Беларускія ўцекачы ў Літве
Агульнай статыстыкі колькасьці беларускіх уцекачоў у Літве не публікуюць. Вядома, што ў 2025 годзе станоўчыя рашэньні аб наданьні прытулку ў Літве атрымалі 104 чалавекі з грамадзянствам Беларусі, яшчэ 39 чалавекам адмовілі. Сёлета беларусы падалі 83 новыя заявы, вынікі разгляду якіх пакуль невядомыя.
Паводле дэпартамэнту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных справаў Літвы, дазвол на жыхарства ў Літве на 1 кастрычніка 2026 году мелі 47 592 чалавекі з грамадзянствам Беларусі.