Аўтары просяць літоўскія ўлады пасадзейнічаць у атрыманьні ўязных візаў для блізкіх сваякоў уцекачоў.
Калі такія візыты будуць аднесеныя да гуманітарных выпадкаў, працэдура атрыманьня візаў можа паскорыцца праз прадугледжанае літоўскім законам пасярэдніцтва МЗС, мяркуюць аўтары звароту.
«Самі ўцекачы ехаць у Беларусь ня могуць, некаторым гадамі не ўдаецца пабачыцца з бацькамі ці блізкімі сваякамі, бо ў тых з візытамі ў Літву таксама праблемы — амаль немагчыма атрымаць візу, бо зараз МЗС Літвы дапамагае толькі пры цяжкай хваробе альбо сьмерці чалавека. Таму нашая задума ў тым, каб візыт блізкіх сваякоў быў прызнаны гуманітарным выпадкам, пры якім МЗС паводле закону аказвае пасярэдніцтва», — распавяла Свабодзе адна з аўтарак звароту, кіраўніца валянтэрскай арганізацыі «Dapamoga» Натальля Калегава.
Аўтары звароту прапануюць свой сьпіс катэгорый сваякоў, якія ў атрыманьні візы маглі б разьлічваць на пасярэдніцтва МЗС Літвы, і хочуць ведаць дэталёвую працэдуру падачы візы ў такім выпадку.
«Бо людзям трэба дакладна ведаць, якія будуць патрэбныя дакумэнты, у якія тэрміны разглядаецца заява, як будуць правяраць кожнага запрошанага ў Літву», — патлумачыла Натальля Калегава.
Яна мяркуе, што на беларускай мяжы бясьпека сваякоў не павінна пацярпець:
«На мяжы ў сваяка могуць спытаць толькі, адкуль у яго віза ў Літву. Чалавек адкажа, што ў яго сын ці дачка маюць літоўскія дакумэнты, яго запрасілі. Усё. Ніхто ж не хавае, што ён едзе да свайго блізкага на сустрэчу, хай сабе ён будзе тройчы „экстрэмістам“. Сьпісы „экстрэмістаў“ у іх і так ёсьць, а за сустрэчу ў Беларусі яшчэ ня садзяць. А што ўдалося нарэшце атрымаць візу — гэта іншая, цалкам законная справа».
Паводле Калегавай, сьпіс падпісантаў звароту будзе строга канфідэнцыйны, яго перададуць у МЗС асобным дадаткам і нідзе не апублікуюць.
Подпісы пад зваротам у МЗС Літвы актывісты будуць зьбіраць да 23 лістапада ў віленскім прытулку «Замак».
Беларускія ўцекачы ў Літве
Агульнай статыстыкі колькасьці беларускіх уцекачоў у Літве не публікуюць. Вядома, што ў 2025 годзе станоўчыя рашэньні аб прадстаўленьні прытулку ў Літве атрымалі 104 грамадзяніна Беларусі, яшчэ 39 чалавекам адмовілі, за гэты год беларусы падалі 83 новыя заявы, вынік разгляду якіх пакуль не вядомы.
Паводле Дэпартамэнту міграцыі пры міністэрстве ўнутраных спраў Літвы, дазвол на пражываньне ў Літве па стане на 1 кастрычніка 2026 года мелі 47592 грамадзяніна Беларусі.
Форум