Ён таксама патлумачыў, чаму ў Рызе больш няма школы зь беларускай мовай навучаньня, расказаў пра падрыхтоўку гораду да магчымай ваеннай пагрозы і пэрспэктывы адносінаў зь Беларусьсю.
Размова адбылася падчас сэсіі Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы ў Страсбургу.
У Кангрэсе цяпер рыхтуюць даклад і рэкамэндацыі на тэму «Роля мясцовых і рэгіянальных уладаў у падтрыманьні беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці ў выгнаньні». Іх прэзэнтацыю плянуюць у сакавіку 2027 году. Спадар Спрынджукс заявіў, што вітае такую працу, што яе вынікі будуць важнымі і для ягонага гораду.
— У Рызе ёсьць вялікая беларуская дыяспара, у тым ліку ўцекачы, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў у Беларусі. Ім патрэбныя ўмовы для жыцьця, дакумэнты, мэдычнае абслугоўваньне й іншае. Бюракратычныя працэсы існуюць у любой краіне, гэта зразумела. Я таксама ведаю, што з 2021 году ля Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі па-ранейшаму лунае бел-чырвона-белы беларускі нацыянальны сьцяг як знак салідарнасьці з дэмакратычнымі памкненьнямі беларусаў. Як адміністрацыя Рыгі можа цяпер дапамагчы беларусам, якія апынуліся ў выгнаньні, — палітычным уцекачам?
— Думаю, на ўзроўні простых людзей мы заўсёды вельмі цёпла ставіліся да нашых суседзяў, у тым ліку да беларусаў, бо мы суседзім стагодзьдзямі. Нас лучаць шчыльныя сувязі: ёсьць зьмешаныя сем’і, многія езьдзілі адны да адных. Вядома, ніхто не чакаў, што Лукашэнка стане хаўрусьнікам Пуціна, калі пачнецца агрэсія супраць Украіны, і што тэрыторыя Беларусі будзе выкарыстана як пляцдарм для нападаў на ўкраінскія землі.
Гэта стала адной з прычын, чаму Латвія зьмяніла сваё стаўленьне да менскага рэжыму. Што ж тычыцца людзей, якія ўцякаюць з Беларусі, шукаючы прытулку, — мы гатовыя іх прыняць, забясьпечыць жыльлём і вітаем іх знаходжаньне ў нашай краіне столькі часу, колькі яны самі палічаць патрэбным. Да таго ж мы вельмі адкрытыя: нам патрэбныя адукаваныя людзі, нам, так бы мовіць, патрэбная «новая кроў» для бізнэсу і разьвіцьця нашых супольнасьцяў.
Калі людзі падзяляюць тыя ж каштоўнасьці, што і Латвія, што і Эўропа — мы запрашаем іх, месца хопіць усім. Да таго ж мы прывыклі жыць у гарадах са зьмешаным этнічным складам — узяць хаця б Рыгу, Даўгаўпілс ці іншыя гарады. Таму, як я ўжо казаў, на ўзроўні простых людзей мы вельмі гасьцінныя.
Але важна, каб людзі не прыходзілі, як мы кажам, у якасьці «пятай калёны», прадстаўляючы інтарэсы Расеі. Гэтага не дапусьцяць, і Латвія будзе займаць у гэтым пытаньні вельмі цьвёрдую пазыцыю. Што да адносін з афіцыйным Менскам, то я ня бачу магчымасьці для істотных зьменаў, калі афіцыйныя ўлады Беларусі ня зьменяць сваёй пазыцыі.
— Ці вядомыя вам людзі зь беларускай дыяспары, якія выступаюць у ролі такіх агентаў?
— Я сустракаў некалькіх чалавек, якія займаюцца бізнэсам — напрыклад, інвэстуюць у нерухомасьць ці працуюць забудоўнікамі. Здаецца, яны працуюць у Рызе і Латвіі ўжо шмат гадоў. Гэта людзі, якія здольныя камунікаваць па-рознаму і на розных мовах. Таму, як я ўжо казаў, ключавая мяжа праходзіць па каштоўнасьцях і па тым, чые інтарэсы яны прадстаўляюць. І калі яны на эўрапейскім баку і падтрымліваюць барацьбу Ўкраіны за незалежнасьць, то, на мой погляд, ніякіх абмежаваньняў быць не павінна.
— У Рызе была школа зь беларускай мовай навучаньня імя Янкі Купалы. Падчас рэформы 2024 году яе абʼядналі з школай № 86, і цяпер няма ў Рызе ніводнай беларускамоўнай школы...
—Так, і рэч ня толькі ў беларускіх школах. Усё гэта — у тым ліку і вынік вайны ва Ўкраіне. У істоце мы перагледзелі ўсю сыстэму школьнай адукацыі. У нас былі школы для нацыянальных меншасьцяў — расейскамоўныя школы, а таксама школы для ўкраінцаў, беларусаў і іншых этнічных групаў. Мы прыйшлі да высновы, што дзяцей трэба інтэграваць як мага раней і што павінна існаваць адзіная вучэбная праграма. Менавіта таму праграма была зьмененая. Цяпер мы ствараем сумесныя школы, дзе латыскамоўныя і расейскамоўныя дзеці вучацца разам у адной клясе — на латыскай мове. Дзякуючы гэтаму яны лепш разьвіваюцца, паказваюць лепшыя вынікі і лепш інтэгруюцца. Мяркую, менавіта гэта прычына. Ня варта разглядаць гэта як нешта накіраванае канкрэтна супраць беларусаў, гэта была проста частка агульнай палітыкі.
Вядома, існуюць школы для нацыянальных меншасьцяў; напрыклад, Інстытут імя Гётэ падтрымлівае вывучэньне нямецкай мовы, а польскае пасольства, здаецца, падтрымлівае адну ці дзьве школы, дзе навучаньне вядзецца на польскай мове. Гэта магчыма, але, як я ўжо казаў, гэта адбываецца ў фармаце прыватных школ. Заснавальнікі школы могуць вызначаць кірункі навучаньня, у тым ліку з акцэнтам на пэўную мову, аднак такое навучаньне ня можа фінансавацца дзяржавай.
Мы лічым, што дзеці павінны вучыцца на латыскай мове. І прычына гэтага — інтэграцыя.
— Хачу спытаць вас як дасьведчанага палітыка — вы былі міністрам, дэпутатам парлямэнту, а ваша кааліцыя «Аб’яднаны сьпіс» стала адной зь пераможцаў мінулых парлямэнцкіх выбараў у Латвіі. На вашу думку, што павінна зьмяніцца ў Беларусі, каб аднавіліся нармальныя адносіны паміж Беларусьсю і Латвіяй?
— Я лічу, што беларусы — у Эўропе. Ім самім вырашаць, чые каштоўнасьці ім бліжэйшыя. Думаю, аднойчы дэмакратыя пераможа, і людзі атрымаюць свабоду выбару, а таксама магчымасьць кіраваць сваёй краінай адпаведна сваім каштоўнасьцям. Але гэтае рашэньне павінны прыняць самі беларусы, беларуская нацыя. Мы ня можам паўплываць на гэтае рашэньне. Аднак я перакананы: краіны, якія жывуць у эўрапейскай сямʼі — такія, як Латвія, Літва, Эстонія, — разьвіваюцца. У нас таксама ёсьць праблемы — эканамічныя, сацыяльныя, міграцыйныя... Але мы свабодныя: свабодныя выказвацца, свабодныя падарожнічаць. І, мяркую, мы самі абралі свой шлях.
На мой погляд, важна, каб іншыя былыя савецкія рэспублікі таксама мелі сьмеласьць самі вызначыць свой лёс і свой шлях разьвіцьця. Украіна змагаецца за свой шлях, і іншыя краіны павінны паважаць гэтую барацьбу. Мы ня мусім — як бы гэта сказаць — вырашаць за іх. Гэта павінна быць рашэньне саміх людзей. І, на мой погляд, тое ж самае тычыцца Беларусі.
У мяне склалася ўстойлівае адчуваньне, што беларусы знаходзяцца пад прыгнётам, але толькі самі беларусы павінны вырашаць, калі і як ім выказацца.
— І апошняе, але ня менш важнае пытаньне: сытуацыя зь бясьпекай у нашым рэгіёне. Ці гатовая Рыга да магчымай нестабільнасьці?
— Так, як я ўжо казаў, кожная краіна NATO — і ў вайсковым пляне (адпаведна пятаму артыкулу Паўночнаатлянтычнай дамовы), і ў пляне цывільнай абароны — вядзе адпаведную падрыхтоўку. Мы, мэрыя і муніцыпальныя ўлады, рыхтуемся да «дня Х» на выпадак, калі нешта здарыцца. Мы абсталюем бясьпечныя зоны ў школах, спартовых збудаваньнях, грамадзкіх будынках. Мы павінны запэўніць людзям бясьпеку, і да гэтага трэба рыхтавацца.
Мы таксама распрацавалі сцэнары дзеяньняў на выпадак атакі з боку нашага ўсходняга суседа. Спадзяемся, што гэтага ніколі не адбудзецца і што ўсе гэтыя вучэньні застануцца толькі вучэньнямі. Але, як я ўжо казаў, наша грамадзтва павінна адчуваць сябе ў бясьпецы, ведаць, што мы арганізаваныя, што зможам даць адпор і адстаяць свае правы.
— Як вы лічыце, чаму цяпер менавіта Латвія найбольш цярпіць ад міграцыйнага крызісу, справакаванага ўладамі Беларусі?
— Думаю, прычына ў геаграфіі. Наша мяжа праходзіць празь лясы і балоты, з гледзішча прыродных умоваў і рэльефу тут прасьцей застацца незаўважаным. Вядома, мы мантуем рознае абсталяваньне, якое дазваляе нам адсочваць гэтых людзей. 12 000 чалавек не ўпусьцілі ў Латвію. Але такія выпадкі, пра якія мы чуем у навінах, адбываюцца кожны тыдзень. Гэта і розныя віды нанясеньня шкоды інфраструктуры. Аднак мы ня спынімся. Мы працягнем, бо, на маю думку, гэта свайго роду гібрыдная вайна, накіраваная на ўварваньне ў Эўропу шляхам адпраўкі мігрантаў з краін трэцяга сьвету. Мы ня лічым іх іншаземцамі зь легальным статусам. Іх выціскаюць незаконна пры падтрымцы ўраду Беларусі.
Форум