Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пярэварацень»: Латвія падводзіць першыя вынікі апэрацыі супраць пранікненьняў зь Беларусі

Мяжа Латвіі зь Беларусьсю
Мяжа Латвіі зь Беларусьсю

Паводле латвійскай памежнай службы, сёлета колькасьць спробаў незаконна перайсьці мяжу зь Беларусі перавысіла 12 тысяч. Каб спыніць гэты паток, улады яшчэ ў жніўні пачалі адмысловую апэрацыю «Пярэварацень», якая працягваецца дагэтуль. Цяпер яны падводзяць яе першыя вынікі.

Паводле латвійскіх уладаў, апэрацыя дазволіла ўдвая скараціць колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня мяжы. За яе час спынілі больш за 1400 чалавек, затрымалі перавозчыкаў мігрантаў і ліквідавалі два тунэлі. Аднак памежнікі папярэджваюць, што ціск на мяжу захоўваецца.

Адзін з найбольш сур’ёзных інцыдэнтаў адбыўся 5 кастрычніка. Паводле латвійскага боку, група людзей у масках, якая заставалася на тэрыторыі Беларусі, пагражала адтуль латвійскім вайскоўцам і падштурхоўвала мігрантаў да мяжы. Пазьней адказнасьць за здарэньне ўзяла на сябе малавядомая групоўка «Чорныя русы».

Аляксандар Лукашэнка назваў паведамленьні пра інцыдэнт інсцэніроўкай Латвіі і адрынуў датычнасьць беларускіх уладаў. У Рызе гэтым заявам не паверылі.

Кіраўнік латвійскага Цэнтру крызіснага кіраваньня Арвіс Зіле лічыць, што сытуацыя можа сьведчыць альбо пра ўдзел беларускіх уладаў у арганізацыі пераходаў, альбо пра тое, што яны не кантралююць гэты ўчастак мяжы. Паводле яго, на беларускім баку стварылі дадатковую агароджу ўглыб тэрыторыі краіны. Там, як мяркуе Зіле, могуць зьбірацца мігранты і людзі, якія дапамагаюць ім перайсьці мяжу, яны рыхтуюцца да пераходаў і вырабляюць для гэтага рыштунак.

Пасьля ўзмацненьня патрулёў мігранты ідуць углыб Латвіі

Латвійскія ўлады таксама паведамляюць, што ў перавозцы мігрантаў за грошы ўдзельнічаюць некаторыя жыхары іх краіны і грамадзяне Ўкраіны. Памежнікі спрабуюць выяўляць такія сеткі і затрымліваць тых, хто дапамагае незаконна перасякаць мяжу. Паводле латвійскіх памежнікаў, пасьля пачатку апэрацыі зьмянілася і тактыка гэтых людзей, якія дапамагаюць мігрантам дабірацца да Заходняй Эўропы. Раней перавозчыкі стараліся пад’ехаць як мага бліжэй да мяжы і забраць людзей там. Цяпер мігранты спрабуюць абыходзіць патрулі і пранікаць на 25–30 кілямэтраў углыб Латвіі, дзе іх падбіраюць аўтамабілі.

Міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава нават прапанаваў дазволіць страляць па парушальніках на паражэньне. Аднак гэтую ідэю раскрытыкавалі і ягоныя партнэры па ўрадзе, і юрысты. Яны нагадалі, што права на жыцьцё абараняецца Эўрапейскай канвэнцыяй правоў чалавека, а прымяненьне зброі ня можа аўтаматычна вызваляць ад адказнасьці. У дадатак Эліна Луізе Вітола, прадстаўніца МЗС Латвіі нагадала, што «дзеючае заканадаўства ўжо дае Памежнай ахове права ў пэўных выпадках, пры крайняй неабходнасьці, прымяняць агнястрэльную зброю, нават без папераджальнай стрэлу».

Што адбываецца на межах Літвы і Польшчы

Латвія цяпер стала галоўным напрамкам ціску мігрантаў на ўсходняй мяжы Эўразьвязу зь Беларусьсю. Але праблема закранае і суседнія краіны.

Паводле апошніх даступных зьвестак, на 18 кастрычніка 2026 году латвійскія памежнікі спынілі сёлета 12 205 спробаў незаконна перайсьці мяжу зь Беларусі. У Літве на 23 кастрычніка было зафіксавана 1 745 такіх спробаў. У Польшчы за студзень—верасень зарэгістравалі 474 спробы — значна менш, чым у папярэднія гады. Аднак пасьля 20 кастрычніка, праз 34 дні цішыні, польская Памежная варта паведаміла аб 8 спробах незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі.

Пры гэтым Літва сутыкаецца і з другаснай міграцыяй: частка людзей, якія трапілі ў Латвію зь Беларусі, спрабуе празь Літву і Польшчу дабрацца далей на захад. Паводле літоўскай памежнай службы, у 2025 годзе ў Літве затрымалі 1 288 мігрантаў, якія ўехалі ў Латвію зь Беларусі, а потым спрабавалі працягнуць шлях у іншыя краіны ЭЗ.

Латвія, Літва і Польшча абвінавачваюць Менск у выкарыстаньні міграцыі для ціску на Эўразьвяз. Беларускія ўлады гэтыя абвінавачаньні адкідаюць.

Апэрацыя «Вілкаціс» (Vilkatis, па-латыску — «пярэварацень» або «ваўкалак») — гэта спэцыяльная апэрацыя Латвіі, распачатая 11 жніўня 2026 году для ўзмацненьня аховы ўсходняй мяжы на тле росту спробаў незаконнага пераходу зь Беларусі.

Сутнасьць апэрацыі — ня толькі затрымліваць мігрантаў на мяжы, але і разбураць сеткі, якія, паводле латвійскіх уладаў, арганізуюць іх перапраўку ў краіну і далей у Шэнгенскую зону.

У межах апэрацыі прадугледжаныя: — больш шчыльная каардынацыя памежнікаў, паліцыі, войска і службаў бясьпекі; — больш актыўнае выкарыстаньне дронаў, верталётаў і авіяцыі для назіраньня за мяжой; — праверкі аўтамабіляў і пошук людзей, якія перавозяць мігрантаў углыб краіны; — абмен інфармацыяй і каардынацыя дзеяньняў зь Літвой, Эстоніяй і Польшчай.

Першапачаткова апэрацыю плянавалі завяршыць раней, але ў кастрычніку яе працягнулі да 31 сьнежня 2026 году. Паводле латвійскай памежнай службы, за час яе правядзеньня былі спыненыя больш за 1400 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы, а таксама затрыманыя некалькі меркаваных арганізатараў перавозкі мігрантаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG