Лінкі ўнівэрсальнага доступу

146 тысяч беларусаў у Польшчы, 51 тысяча — у Літве. У Вільні прайшла канфэрэнцыя, на якой абмеркавалі наступствы рэпрэсій у Беларусі


Праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» зладзіла ў сталіцы Літвы канфэрэнцыю «Шляхі адказнасьці». Міграцыйныя, прававыя і псыхалягічныя наступствы рэпрэсій для беларусаў абмеркавалі з удзелам палітолягаў, праваабаронцаў і актывістаў.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пад рэпрэсіі, паводле праваабаронцаў, трапілі больш за 10 тысяч беларусаў. Праваабаронцы адзначаюць, што рэпрэсіі паменшыліся ў памерах, але не спыніліся. Другі год трымаецца паказьнік у больш як тысячу палітвязьняў, бо амаль штодня на зьмену тым, каго выпускаюць з-за кратаў, туды трапляюць новыя арыштанты.

Каб не апынуцца ў вязьніцы тысячы беларусаў уцяклі і працягаюць уцякаць за межы краіны. Паводле праваабаронцаў іх больш за 200 тысяч чалавек. Зь іх толькі ў Польшчы каля 146 тысяч, распавяла юрыстка Алеся Пажыток, якая жыве ў Польшчы і ўжо 5 гадоў займаецца юрыдычнай дапамогай беларусам, якія зьехалі ў гэтую краіну.

Як адзначыла Алеся Пажыток, у апошнія гады міграцыйная палітыка Польшчы мяняецца, у тым ліку ў адносінах да беларусаў. Юрыстка кажа, што цяпер беларусаў у Польшчы каля 146 тысяч, зь іх 91 тысячы жывуць там паводле часовага віду на жыхарства, а каля 42 тысяч атрымалі трывалы дазвол на пражываньне і працу.

Статус уцекача маюць толькі каля тысячы беларусаў, але 10,5 тысячы падаліся на міжнародную абарону. Ня ўсім удалося яе атрымаць, бываюць выпадкі, калі людзі чакаюць разгляду па некалькі гадоў. Алеся Пажыток ведае чалавека, які чакае міжнароднай абароны ўжо 7 гадоў. Паводле яе, разгляд справаў замарудзіўся, асабліва пасьля маштабнага ўварваньня расейскага войска ва Украіну. Гэтая падзея, паводле зьвестак юрысткі, супала зь пікам прыезду беларускіх уцекачоў у Польшчу: тады тысячы тых беларусаў, што хаваліся ва Ўкраіне ад рэпрэсій, пераехалі празь мяжу ў Польшчу.

Уберагчыся ад арышту і рэпрэсій самому ці сямейнікам — гэта і цяпер застаецца галоўнай прычынай ад’езду беларусаў за мяжу, кажа Алеся Пажыток. Паводле юрысткі, з 2020 году ўлады Польшчы шмат зрабілі, каб павялічыць юрыдычную, фінансавую і псыхалягічную дапамогу беларусам. Выдача дазволаў на жыхарства з гуманітарных прычын — гэта тое, што пачалі практыкаваць для ўцекачоў з Беларусі.

«Прабіць гэтую „опцыю“ дапамаглі беларускія дэмакратычныя палітыкі, якія змаглі пераканаць польскія ўлады ў яе неабходнасьці. Але праблемай ёсьць тое, што такі дазвол на жыхарства даюць толькі на 3 гады і ўсяго адзін раз. Шмат хто з беларусаў у Польшчы жылі з надзеяй, што вось-вось на радзіме адбудуцца зьмены да лепшага, яшчэ і цяпер ёсьць шмат такіх людзей. Але шмат і тых, хто вырашае, што трэба браць міжнародную абарону. І такая магчымасьць наладзіць сваё жыцьцё далей у Польшчы таксама ёсьць», — мяркуе юрыстка Алеся Пажыток.

Паводле Пажыток, 93% беларусаў, якія падаюць у Польшчы заявы на атрыманьне міжнароднай дапамогі атрымліваюць яе пасьпяхова. Гэта найвялікшы паказьнік сярод усіх дыяспар у Польшчы.

Пры гэтым юрыстка абазначыла іншыя праблемы беларускіх уцекачоў. У тым ліку гэта тое, што з 2023 году немагчыма атрымаць новы пашпарт у консульстве.

«Гэта часткова вырашаецца атрыманьнем праязнога дакумэнта для замежнікаў. Была пралябіявана спрошчаная схема, толькі для беларусаў. Але паводле польскага закону кожныя паўгоду міністар унутраных спраў мусіць працягваць гэты рэжым, і таму напярэдадні чарговага тэрміну ў беларускіх чатах пачынаецца бура: „Ці пасьпею, а што рабіць?!“. Вось хутка 31 сьнежня, а новага рашэньня аб падаўжэньні тэрміну яшчэ няма. Будзем спадзявацца, што беларускія палітыкі нагадаюць пра гэта польскаму міністру», — кажа Алеся Пажыток.

Паводле юрысткі, абвастраецца праблема дэпартацыяў з Польшчы тых беларусаў, якіх улады палічылі не вартымі дазволу на жыхарства і працу. Пажыток прывяла лічбы: за 2024 год цалкам з краіны выдварылі 8500 замежнікаў — у параўнаньні з 2022 годам агулам дэпартаваных стала ўдвая больш. За 9 месяцаў 2025 году з Польшчы было дэпартаваныя 955 беларусаў. «Магчыма, што будзе і горш, бо абвастрылася сытуацыя на мяжы. У Польшчы пачалася міграцыйная гістэрыка, яна закранае ўсіх», — мяркуе беларуская юрыстка.

Што да беларусаў, дык паводле зьвестак Алесі Пажыток большасьць дэпартаваныя праз нелегальнае працаўладкаваньне.

«Палякі цяпер вельмі строга да гэтага ставяцца. Але, па-мойму, службісты часам дзейнічаюць вельмі тапорна. Памятаеце гісторыю беларуса-таксіста, якога вывалаклі з машыны і ён апынуўся ў буфэрнай памежнай зоне. Як высьветлілася, чалавек не разабраўшыся падпісаў адмову абскарджваць дэпартацыю, яму проста падсунулі на подпіс паперы, якіх той ня змог прачытаць. Гэта ўрок усім: трэба ня толькі ведаць свае правы, але і быць пільнымі ды не губляць часу і вучыць мову краіны, у якой спыніўся», — мяркуе юрыстка.

Сярод праблемаў беларускіх уцекачоў, якія апынуліся ў Літве, моўная таксама важная, засьведчыла Алена Волкава, прадстаўніца ініцыятывы «Народнах амбасадаў» у Літве. Паводле Алены Волкавай, беларусам, якія маюць ВНЖ у Літве, не хапае праграмаў па вывучэньні літоўскай мовы, што значна дапамагло б інтэгравацца ў літоўскае грамадзтва.

Паводле Волкавай у 2023 годзе ў Літве жылі 59 тысяч беларусаў, цяпер крыху болей за 51 тысячу. Матывацыя міграцыі для большасьці беларусаў ранейшая — гэта бясьпека. Але цяпер, калі больш вострай стала міжнародная сытуацыя, паводле такой жа матывацыі частка беларусаў з Літвы перабіраецца ў іншыя краіны Эўропы.

Пры гэтым Алена Волкава ўхваліла праграмы дапамогі, якія прымае літоўскі ўрад адносна беларускіх уцекачоў. Гэта ў тым ліку тое, што цяпер дазвол на жыхарства ў Літве даюць на 3 гады і яго можна падаўжаць.

Іншае становішча з атрыманьнем статусу ўцекача. Паводле закон, яго трэба чакаць ня менш за паўгоду, а па факце бывае і 1,5 году. Але праблема ў тым, што на гэты час няма права на працу. Такія пэрыяды некаторым перажыць вельмі цяжка, асабліва непублічным пэрсонам, кажа прадстаўніца «Народнай амбасады». Зь яе назіраньняў, беларускім мігрантам бывае цяжка даказаць, што іх перасьледуюць на радзіме, калі там засталіся сваякі, а на іх нельга спасылацца ў мэтах бясьпекі. Таксама Алена Волкава паскардзілася на тое, што беларускім мігрантам не хапае данатаў ды іншай дапамогі.

«Патрабаваньняў да беларусаў шмат, а магчымасьцяў у іх мала. Прававы статус застаецца нестабільным, але і самаарганізацыя беларусаў мусіць быць большай. У гэтай справе стала лепш, зьяўляюцца новыя ініцыятывы, гурткі самадапамогі, але яшчэ мы не такія салідарныя, як трэба», — мяркуе Алена Волкава.

Паводле Віціса Юрконіса зь міжнароднай арганізацыі «Freedom House», большасьць мігрантаў з Беларусі ў Літве — гэта кіроўцы-дальнабоі, будаўнікі ды іншыя людзі, якія прыехалі ў Літву на працу. «Але штомесяц тут зьяўляюцца і новыя палітычныя ўцекачы зь Беларусі. Толькі палітычным актывістам трэба і тут акцэнтаваць увагу на да сабе, у тым ліку каб было лягчэй атрымаць неабходны юрыдычны статус», — мяркуе Юрконіс. Палітычным уцекачам, якія падаюць заявы на атрыманьне прытулку ў Літве, ён параіў уважлівей ставіцца да падрыхтоўкі доказаў свайго права на прытулак.

«Літва была першай краінай Эўропы, якая адкрыла для беларусаў гуманітарны калідор — ужо 31 верасьня 2020 году тут пачалі выдаваць гуманітарныя візы беларусам. То бок тут вам сапраўды рады і хочуць дапамагчы. Але і патрабаваньні павялічваюцца. Каб атрымаць прытулак, вельмі важны такі паказчык, як пасьлядоўнасьць. Бо калі тут, у Літве ў беларуса не было палітычнай актыўнасьці, а пасьля ён прыйшоў на адзін мітынг і сфатаграфаваўся для дакумэнтаў, то ўладам будзе бачна, што гэта штучная падача. Важная пасьлядоўнасьць актывізму», — зазначыў Віціс Юрконіс.

Пры гэтым Юрконіс нагадаў, што беларускіх мігрантаў ніхто не пазбавіў права абскарджваць рашэньні міграцыйных органаў у судах. Разгляд справы ў першай інстанцыі фінансуецца дзяржавай, у наступных — за свае грошы.

«Дэпартамэнт па міграцыі можа адмовіць у прытулку, але даць дазвол на жыхарства на год. Ужо ёсьць тры такія выпадкі», — дадаў прадстаўнік «Freedom House», літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс.

На канфэрэнцыі таксама абмяркуюць іншыя прававыя і псыхалягічныя наступствы рэпрэсій у Беларусі. Правядзеньню форуму паспрыяў Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG