Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ, асноўныя дакумэнты ўступяць у сілу да сярэдзіны студзеня 2027 году.
Істота зьменаў у тым, што ў сетках апэратараў сотавай сувязі Беларусі цана перадачы дадзеных звыш аб’ёму, прадугледжанага тарыфным плянам, ня можа выстаўляцца аўтаматычна, бяз згоды кліента. Ясна выказаная згода цяпер будзе абавязковая.
Як заявіў у этэры АНТ намесьнік міністра інфарматызацыі і сувязі Беларусі Павал Ткач, міністэрства інфармацыі і сувязі цяпер аналізуе водгукі, звароты і скаргі кліентаў сотавай сувязі.
Выявілася, што абанэнта пры вычарпаньні прадугледжанага тарыфным плянам аб’ёму дадзеных пераводзілі на тарыфікацыю, значна вышэйшую за звычайную для яго. І абанэнт часта не здагадваўся, што за трафік пачынаюць налічваць плату паводле большага тарыфу.
«Было прынятае рашэньне, што па сканчэньні аплочанага трафіку паслуга, уключаная ў яго тарыфны плян, будзе прыпыняцца датуль, дакуль абанэнт не заплаціць за дадатковы аб’ём трафіку, каб ён разумеў, колькі ён яшчэ набывае і за якую цану. Пра згоду атрымліваць трафік за высокую цану можна будзе паведаміць розным чынам — паслаць СМС, напісаць заяву ў офісе кампаніі, іншым чынам, які прапануе мабільны апэратар», — заявіў Ткач.
Чаму гэта важна
Кліент будзе плаціць толькі за той мабільны трафік, які ёсьць у тарыфным пляне, а пры яго заканчэньні зможа сам кантраляваць далейшы расход трафіку і грошай.
Кліента больш ня будуць ставіць перад фактам пераводу на даражэйшы тарыф безь яго згоды.
Форум