Як прызналі экспэрты Ўправы Высокага камісара ААН у правах чалавека, «Беларусь надалей перасьледуе актывістаў, журналістаў і адвакатаў».
Экспэрты ААН сур’ёзна занепакоеныя адвольным пазбаўленьнем свабоды праваабаронцы Ўладзімера Целепуна і блогера Максіма Шуканава, паведамленьнямі аб неналежнай мэдычнай дапамозе ў месцах зьняволеньня, а таксама меркаванымі парушэньнямі права журналіста Ігара Лосіка на справядлівы судовы разбор і рэпрэсіямі супраць яго адвакатаў.
«Мы глыбока занепакоеныя стасаваньнем заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму для крымінальнага перасьледу за мірнае ажыцьцяўленьне асноўных правоў і свабодаў, у тым ліку права на свабоду выказваньняў, свабоду абʼяднаньняў і на ўдзел у вядзеньні дзяржаўных справаў. Мы таксама занепакоеныя тым, што крымінальнае пакараньне за крытыку прэзыдэнта стрымлівае людзей ад свабоднага выказваньня сваёй думкі», — заявілі экспэрты ААН.
Уладзімер Целяпун, 70-гадовы праваабаронца і ўдзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, быў затрыманы ў красавіку 2026 году. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і «паклёпе» на Лукашэнку.
Паводле зьвестак экспэртаў ААН, яго шматкроць транспартавалі ўначы для допытаў удзень, пакідаючы яму мала часу на сон, адпачынак і яду.
«Паводле наяўных зьвестак, ён не атрымліваў мэдычнага назіраньня і дапамогі, патрэбных пры ягоным цяжкім стане здароўя», — паведамляюць экспэрты ААН.
Блогер Максім Шуканаў, які асьвятляў палітычныя падзеі і вайну Расеі супраць Украіны, у 2025 годзе быў засуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў, зьвязаных з парушэньнем грамадзкага парадку і з «экстрэмізмам».
Экспэрты ААН пішуць, што ў зьняволеньні да суду ён некалькі разоў траціў прытомнасьць і атрымаў траўмы. Экспэрты адзначылі, што ўключэньне Шуканава ў пералік асобаў, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці», можа пацягнуць за сабой неадпаведныя абмежаваньні і яго дыскрымінацыю ў зьняволеньні.
«Далейшае знаходжаньне Целепуна і Шуканава пад вартай без належнай мэдычнай дапамогі можа стварыць сурʼёзную пагрозу здароўю і жыцьцю абодвух», — папярэдзілі экспэрты.
Экспэрты таксама завярнулі ўвагу на справу Ігара Лосіка, у 2021 годзе пакаранага 15 гадамі пазбаўленьня волі ў выніку судовага паседжаньня, якое цалкам праходзіла ў закрытым рэжыме. Лосіка выпусьцілі з турмы і вывезьлі зь Беларусі ў верасьні 2025 году. У зьняволеньні яму шматкроць перашкаджалі сустракацца і канфідэнцыйна размаўляць зь ягонымі адвакатамі.
Яго адвакат Дзьмітры Лепрэтар пакінуў Беларусь у 2022 годзе, асьцерагаючыся за сваю бясьпеку, і пасьля быў уключаны ў пералік асобаў, якія нібыта маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Як паведамляюць, іншых адвакатаў, якія прадстаўлялі або спрабавалі прадстаўляць інтарэсы Лосіка, запалохвалі ці затрымлівалі.
«Сыстэматычна накладваецца абавязаньне даваць падпіску аб невыдаваньні зьвестак папярэдняга сьледзтва або дазнаньня пад пагрозай крымінальнай адказнасьці, што можа падрываць права на абарону», — заявілі экспэрты ААН.
Як сказана ў заяве, у справе Лосіка гэтае абавязаньне перашкодзіла ягонаму адвакату кансультавацца з экспэртамі і публічна адказваць на абвінавачаньні супраць ягонага падабароннага.
Аўтары заявы сьцьвярджаюць, што такім чынам могуць запалохваць адвакатаў у палітычна адчувальных справах, ствараюць перашкоды абнародаваньню імі магчымых злоўжываньняў, падрываюць прынцып роўнасьці бакоў.
Незалежныя юрысты — экспэрты ААН заявілі, што давялі гэтыя зьвесткі да ўраду Беларусі.
Чаму гэта важна?
- Групу незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стварыла Рада правоў чалавека ААН 4 красавіка 2024 году для расьсьледаваньня парушэньняў і ўшчамленьняў правоў чалавека ў Беларусі ў пэрыяд з 1 траўня 2020 году.
- Склад групы вызначаны ў чэрвені 2024 году. У яе ўвайшлі дырэктар Міжнароднага праекту ў правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада), загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту Маніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея; кіраўніца групы).
- Прадстаўнік МЗС Беларусі на сэсіі Рады правоў чалавека ААН выступаў супраць спэцыяльных спавяшчальнікаў і незалежных экспэртаў у пытаньнях Беларусі.
- Іх не дапускаюць на тэрыторыю краіны, як і спэцыяльнага спавяшчальніка ў правах чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса.
- Мандат незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі некалькі разоў працягвалі.
- Экспэрты ААН, сярод іншага, выказалі сур’ёзную занепакоенасьць адвольным прызнаньнем несапраўднымі пашпартоў васьмі былых беларускіх палітычных зьняволеных, прымусова выправаджаных зь Беларусі пасьля вызваленьня зь вязьніцаў. Экспэрты ўважаюць, што гэтыя захады могуць быць формаю працяглых транснацыянальных рэпрэсіяў.
Форум