У дасьледаваньні ўдзельнічалі 11 беларусак у веку ад 19 да 57 гадоў зь Беларусі, Польшчы і Літвы. Яны расказалі, з чым ім давялося сутыкнуцца пасьля перажытага хатняга гвалту. Дасьледчыкі вылучылі шэсьць ключавых праблем, у тым ліку «боязь зьвяртацца па дапамогу і немагчымасьць знайсьці комплексную падтрымку».
Часьцей за ўсё жанчыны спраўляліся з наступствамі гвалту самі ці з дапамогай блізкіх, зрабілі выснову дасьледчыкі. Ад пошуку дапамогі іх маглі спыняць сорам, самаабвінавачаньне, страх агалоскі, недавер да інстытутаў і няведаньне, куды ісьці.
Пры гэтым жанчынам патрэбная ня толькі псыхалягічная дапамога, але і юрыдычная, мэдыцынская, сацыяльная, інфармацыйная, часам фінансавая.
Каб выправіць гэтую сытуацыю, патрэбныя «пункт звароту і комплексная дапамога, умацаваньне недзяржаўных грамадзкіх арганізацый, даступная інфармацыя, адукацыйная прафіляктыка, прававая адвакацыя і далейшыя дасьледаваньні», — мяркуюць аўтары апытаньня.
Экспэрты адзначаюць, што іх высновы збольшага супадаюць з ранейшымі дасьледаваньнямі на тэму гендэрнага гвалту.
Гэтак, паводле апытаньня беларусак, якое праводзіў Chatham House у 2023 годзе,
- 51% з тых, хто зазнаў гвалт, не расказвалі пра яго нікому,
- кожная пятая ня верыла, што ёй змогуць дапамагчы,
- 13% баяліся, што стане толькі горш,
- 8% было сорамна,
- а 7% лічылі, што ім не павераць.
Сёлета за месяц спэцыялісты лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту апрацоўвалі каля 120 зваротаў ад беларусак. Толькі 7% зь іх ня тычыліся сэксуалізаванага гвалту.
«Калі вы перажылі сэксуалізаваны ці хатні гвалт, вы можаце напісаць на онлайн-лінію Oliviahelp.org. Там вам бясплатна і ананімна дапамогуць юрысты і псыхолягі», – заклікалі актывісты.
Што вядома пра хатні гвалт у Беларусі
Зразумець рэальны маштаб гендэрнага гвалту ў Беларусі цяжка. Толькі паводле афіцыйных заяваў штогод у Беларусі рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт. Гэта мінімум 219 фактаў гвалту за дзень. Кожнае трэцяе забойства ўчыняецца рукамі блізкіх.
Паводле апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры дапамозе Chatham House, ад розных відаў хатняга гвалту цярпяць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра.
У Беларусі няма асобнага закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Праект такога закону раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду». Улады лічаць, што дастакова мераў, прапісаных у законе «Аб асновах дзейнасьці ў прафіляктыцы правапарушэньняў». Сёлета ў яго ўнесьлі папраўкі, якія ўступілі ў дзеяньне 25 кастрычніка.
Пасьля зьнішчэньня сэктару недзяржаўных арганізацыяў і ініцыятываў у барацьбе з хатнім гвалтам у 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «выкарчоўваць» з грамадзтва гвалт над жанчынамі і дзецьмі «самымі жорсткімі мэтадамі».
Прадстаўніца Беларускага саюзу жанчын Вольга Чамаданава ў адказ на пытаньне, ці патрэбны ў Беларусі закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, заявіла, што беларусы жывуць у бясьпечнай краіне дзякуючы «працы праваахоўных органаў» і што «створаныя ўсе ўмовы, каб людзі пачуваліся ў бясьпецы».
Штогод у Беларусі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва па дапамогу зьвяртаюцца каля 15 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, заявіла пастаянная прадстаўніца Беларусі пры Аддзяленьні ААН у Жэнэве Ларыса Бельская, выступаючы 6 лютага 2025 году ў Камітэце ААН у ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын.
Паводле Бельскай, каб забясьпечыць прытулак для жанчын і дзяўчат, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, у Беларусі разьвіваецца сетка так званых «крызісных пакояў».
Форум