Офіс Сьвятланы Ціханоўскай правёў круглы стол пра рэпрэсіі ў Беларусі і захады для іх спыненьня. У онлайн-дыскусіі «Па-за межамі загалоўкаў: рэпрэсіі ў Беларусі» юрыдычныя экспэрты, праваабаронцы і палітычныя актывісты абмеркавалі новыя формы палітычнага перасьледу беларусаў, рэакцыю міжнароднай супольнасьці на рэпрэсіі, выклалі свае рэкамэндацыі.
На пачатак кастрычніка 2026 году ў Беларусі 876 чалавек мелі статус палітвязьняў, зь іх у верасьні такі статус атрымалі 25 чалавек, паведаміў у пачатку дыскусіі палітоляг Вадзім Мажэйка. Пры гэтым экспэрт выказаў думку, што сапраўдны памер рэпрэсіяў значна большы, бо рэжым старанна хавае імёны новых ахвяраў.
З тым, што нельга весьці гаворку пра паслабленьне рэпрэсіяў, згодны юрыст, былы палітзьняволены Максім Знак.
«Сыстэма ўвяла пакараньне ня толькі за ўчынкі, але і за сувязь з чалавекам ці арганізацыяй, абвешчанай „экстрэмісцкаю“. Больш не патрэбныя расьсьледаваньні і складаная працэдура доказу віны ў судзе. Затрымалі падазраванага ў неляяльнасьці да рэжыму, праверылі ягоны тэлефон, знайшлі падпіску на забаронены сайт — і вось вам новы палітвязень. А ў сьпісе „экстрэмісцкіх“ рэсурсаў ужо больш за 9 тысяч пазыцыяў. Ня трапіць у гэты сьпіс вельмі складана», — заўважыў Максім Знак.
Паводле Знака, у Беларусі ня толькі не спыняюцца рэпрэсіі супраць палітычна актыўных грамадзянаў, але ўсё больш людзей з нэўтральнымі настроямі зазнаюць ціск і перасьлед з палітычных прычын. Былы палітвязень спаслаўся на нядаўняе дасьледаваньне, якое правёў Цэнтар новых ідэяў. Паводле дасьледнікаў, ужо больш за 20 дзяржаўных інстытуцыяў абавязаныя наўпрост удзельнічаць у рэпрэсіях. Акрамя розных спэцслужбаў, гэта і навучальныя ўстановы, банкі, сацыяльныя службы.
«Дайшло да таго, што цяпер там і школа, і дзіцячы садок. Усе мусяць „прымаць меры“, інакш іх пакараюць. Рэжым хоча ўцягнуць як мага больш людзей у рэпрэсіўны мэханізм», — падкрэсьлівае Максім Знак.
Прыхаваныя рэпрэсіі
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва адзначыла яшчэ адну характарыстыку рэпрэсіяў у Беларусі — гэта лятэнтнасьць, скрытнасьць, бо інфармацыю пра рэпрэсіі ўсё больш старанна хаваюць.
«Суды ўжо не даюць інфармацыі аб прысудах людзям, якіх абвясьцілі „экстрэмістамі“. Зьвесткі з калёніяў пра палітвязьняў сталі „парушэньнем унутранага парадку“, а чаты сваякоў асуджаных, дзе яны абменьваліся інфармацыяй, забаранілі. Плюс перасьледуюць праваабаронцаў і кожнага, хто выказвае хоць якую салідарнасьць з палітвязьнямі», — зазначыла юрыстка «Вясны».
Паводле Сьвятланы Галаўнёвай, прагалы ў маніторынгу рэпрэсіяў небясьпечныя тым, што ў людзей узьнікаюць марныя надзеі на гатоўнасьць рэжыму да лібэралізацыі. «Некаторыя думаюць, што рэпрэсіяў стала менш і таму варта дамаўляцца з рэжымам, але насамрэч адны рэпрэсіі спараджаюць новыя», — мяркуе юрыстка «Вясны».
Дарадца Ціханоўскай у праўных пытаньнях Леанід Марозаў падзяляе думку, што рэпрэсаваных у Беларусі значна больш, чым заяўляюць праваабаронцы. Марозаў расказаў пра так званыя трансьмежавыя рэпрэсіі, калі рэжым спрабуе паквітацца з сваімі праціўнікамі, якія апынуліся за мяжой. Такіх фактаў усё больш.
Гэта робіцца ня толькі праз завочныя суды і прызнаньне людзей «экстрэмістамі». Усё часьцей рэжым спрабуе выкарыстаць мэханізм выдачы чалавека праз сыстэму Інтэрполу, зазначыў дарадца Ціханоўскай. Марозаву вядомыя прынамсі 20 выпадкаў, калі палітычных апанэнтаў улады Беларусі абвяшчалі крымінальнікамі, падавалі адпаведныя запыты ў Інтэрпол і гэтак спрабавалі дамагчыся іх выдачы. Беларускіх грамадзянаў пасьля 2020 году гэтак затрымлівалі ў Італіі, Гішпаніі, Польшчы, іншых краінах Эўропы, расказаў Леанід Марозаў.
З постсавецкіх краін Марозаў вылучыў Грузію, якая, паводле ягонай ацэнкі, стала «найбольш небясьпечнай» для беларускіх палітычных уцекачоў. Улады гэтай дзяржавы шчыльна ўзаемадзейнічаюць з КДБ Беларусі, мяркуе юрыст. Ён падае статыстыку: калі ў 2022 годзе ў Грузіі жылі 12 тысяч уцекачоў зь Беларусі, то цяпер іх засталося 7 тысяч.
Рэжым стварае «абменны фонд»
Яшчэ адзін трывожны сымптом, паводле Леаніда Марозава, — гэта тое, што ў беларускіх вязьніцах не становіцца менш іншаземцаў. Сёлета іх было 25, сярод іх грамадзяне Расеі, Украіны, Літвы, Францыі, іншых краін. Паводле Леаніда Марозава, уладны рэжым Беларусі ўжо адзначыўся абменамі вязьняў-іншаземцаў на супрацоўнікаў сваіх спэцслужбаў. Гэтая практыка небясьпечная тым, што для павелічэньня «абменнага фонду» рэжым ідзе на правакацыі і фальсыфікацыю справаў супраць іншаземцаў, якія з розных жыцьцёвых прычынаў надалей прыяжджаюць у Беларусь, мяркуе Марозаў.
Таксама ён нагадаў пра арышты беларусаў, якія вярнуліся ў краіну, паверыўшы дзяржаўнай прапагандзе або зь іншых прычын. Паводле зьвестак спэцыяльнага спавяшчальніка ААН аб Беларусі, на якія спаслаўся Леанід Марозаў, такіх ужо больш за 100 чалавек. Часта пра затрыманьне кагосьці на мяжы становіцца вядома, калі чалавек ужо адбыў свой тэрмін, адзначыў Марозаў.
Цяжкасьці пасьля вызваленьня
Пра цяжкае становішча вызваленых палітвязьняў, якія засталіся ў Беларусі, расказала прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), былая каардынатарка ініцыятывы «Вольныя» Вераніка Станкевіч. Паводле яе, такіх беларусаў ужо шмат тысяч, і правы большасьці зь іх безупынна абмяжоўваюцца і парушаюцца.
«Дзяржава стварае ім бар’еры, якія не дазваляюць вярнуцца да нармальнага жыцьця. Былы „экстрэміст“ ня можа атрымаць працы адпаведна спэцыяльнасьці, адкрыць рахунак у банку, нават набыць sim-карту яму не дазваляюць. Што гэта, як не працяг рэпрэсіяў?» — зазначае актывістка.
Вераніка Станкевіч расказала і пра сотні беларусаў, якіх пасьля вызваленьня бязь іхнай згоды вывезьлі з краіны. Дзясяткі зь іх апынуліся за мяжой без дакумэнтаў, яны выключаныя з нармальнага жыцьця, ня могуць наведаць бацькоў, родныя мясьціны. Ёсьць тыя, хто ня можа ўзьяднацца зь дзецьмі. «У найбольш уразьлівым становішчы апынуліся эмігранты пэнсійнага ўзросту, інваліды, людзі з малымі дзецьмі — тыя, кім абавязана апекавацца дзяржава, але беларуская дзяржава гэтага ня робіць. Вось чаму мы ня можам вымяраць рэпрэсіі толькі колькасьцю палітвязьняў, гэта зьява куды шырэйшая», — мяркуе прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях АПК Вераніка Станкевіч.
«Беларускае пытаньне наўпрост зьвязанае зь бясьпекай Эўропы». Што раяць удзельнікі круглага стала
Экспэрты вызначылі магчымыя шляхі рэагаваньня міжнароднай супольнасьці на сыстэму рэпрэсіяў, створаную рэжымам у Беларусі.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Леанід Марозаў заклікаў актыўней падтрымліваць незалежныя беларускія мэдыя, якія распаўсюджваюць праўдзівую інфармацыю пра сытуацыю ў краіне. Паводле Марозава, цяпер сытуацыя ў Беларусь ня ў верхніх радках парадку дня, таму вельмі важны працяг дзейнасьці гэтых крыніцаў інфармацыі, каб у сьвеце не забываліся пра барацьбу беларусаў за дэмакратыю.
Юрыст Максім Знак заклікаў Эўразьвяз і ўлады ЗША не аддзяляць пытаньне вызваленьня беларускіх палітвязьняў ад клопату пра вяртаньне дэмакратыі ў Беларусі. «Актыўная пазыцыя больш карысная, чым проста сядзець і чакаць чарговай групы вызваленых палітвязьняў, наша найпершая агульная мэта — гэта спыненьне рэпрэсіяў», — сказаў Максім Знак і расказаў пра ініцыятыву 73 былых палітвязьняў, якія падпісалі адкрыты ліст да лідэраў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам заняць больш актыўную пазыцыю ў справе вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі. На думку Максіма Знака, да аўтараў звароту ў Эўразьвязе мусяць прыслухацца, бо беларускае пытаньне наўпрост зьвязанае зь бясьпекай Эўропы.
На ліст, які згадаў Максім Знак, 27 кастрычніка адказала Сьвятлана Ціханоўская. «Менавіта Лукашэнка трымае людзей за кратамі, менавіта ён працягвае рэпрэсіі. І рэжым выдатна разумее, што трэба зрабіць, каб санкцыі зь Беларусі былі зьнятыя, але гэтага ня робіць», — сказала Ціханоўская.
Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва выказалася за шырэйшы маніторынг і дакумэнтаваньне рэпрэсіяў у Беларусі. Традыцыйнага маніторынгу ўжо недастаткова, патрэбна актыўнае залучэньне міжнародных арганізацыяў, мяркуе праваабаронца.
Прадстаўніца АПК Вераніка Станкевіч на онлайн-дыскусіі заклікала былых палітвязьняў актыўней распаўсюджваць інфармацыю пра свае справы і пра перажытае імі ў няволі. Паводле Веранікі Станкевіч, гэтыя зьвесткі дапамогуць скласьці ў сьвеце максымальна поўную карціну рэпрэсіяў у Беларусі і не аслабляць міжнароднага ціску на рэжым у Беларусі.
Форум