З Андрэя ў Анджэя. Што адчуваюць беларускія палітычныя ўцекачы, якія за гады эміграцыі атрымалі пашпарты іншых краін

Польскі пашпарт, ілюстрацыйнае фота
Польскі пашпарт, ілюстрацыйнае фота
Слухаць
14 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Беларусы расказалі, як і навошта атрымалі польскія пашпарты, ці памянялі ў іх імя і што зрабілі з сваімі беларускімі дакумэнтамі.

Беларусы, якія выехалі з радзімы пасьля 2020 году, паступова пачынаюць атрымліваць пашпарты краінаў, дзе яны цяпер жывуць. Прасьцей і хутчэй за ўсё беларускім палітычным уцекачам атрымаць новае грамадзянства ў Польшчы — пры ўмове, што беларус мае польскія карані. Паводле афіцыйнай польскай статыстыкі, за 2025 год грамадзянства Польшчы атрымалі 6506 грамадзян Беларусі. Польскі пашпарт займае шостае месца ў рэйтынгу пашпартоў у сьвеце паводле Henley Passport Index і дазваляе падарожнічаць у 183 краіны без папярэдняга атрыманьня візы.

Польскае грамадзянства атрымалі спартоўкі зь Беларусі, якія цяпер пасьпяхова выступаюць за Польшчу: скакуха Марыя Жодзік, бягуха Крысьціна Ціманоўская, лучніца Карына Казлоўская. Польскае грамадзянства мела і зьніклая сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, нядаўна пра новае грамадзянства расказаў былы бізнэсовец Аляксандар Кныровіч.

Некаторыя беларусы апошняй хвалі эміграцыі ўжо атрымалі ўкраінскае грамадзянства, як, прыкладам, былая парамэдык палку Каліноўскага Анастасія «Север» Махамет. Цяпер адна з умоваў для вайскоўцаў-іншаземцаў — год службы паводле кантракту, раней трэба было служыць тры гады. Але ў іншых, цывільных, беларусаў ва Ўкраіне шанцаў атрымаць украінскае грамадзянства становіцца менш.

З 2023 году беларусы ня могуць памяняць свае беларускія пашпарты за мяжой. Многім небясьпечна ехаць у Беларусь праз палітычны перасьлед і пагрозу турмы. Калі заканчваецца дзеяньне беларускага пашпарта, людзі могуць застацца зусім бязь дзейных дакумэнтаў, безь якіх нельга арандаваць жытло, уладкавацца на працу, мець рахунак у банку, выяжджаць за межы краіны.

Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота
Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота

Іншае грамадзянства разьвязвае для беларуса перадусім гэтую праблему — юрыдычнае пацьверджаньне асобы. А заадно дазваляе лягчэй падарожнічаць, набываць жытло і адчуваць сябе раўнапраўным чальцом грамадзтва, у якім чалавек жыве.

Беларускія эмігранты часам мяняюць напісаньне свайго імя і прозьвішча ў новым дакумэнце, каб яно гучала больш натуральна для жыхароў краіны, куды яны пераехалі, або каб выглядаць больш «сваім». Іншыя — не мяняюць, каб «захаваць сябе» і сваю эмігранцкую прыроду. Атрыманьне польскіх дакумэнтаў не заўсёды азначае, што беларусы перастаюць пачувацца беларусамі. Свае «сінія», нават пратэрмінаваныя, пашпарты некаторыя захоўваюць у шуфлядцы з найважнейшымі дакумэнтамі і часам выцягваюць іх, каб паглядзець на зрэз свайго мінулага жыцьця.

Андрэй і Анджэй

Андрэй* (не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) атрымаў польскае грамадзянства разам зь сям’ёй у 2024 годзе. Пасьля ягонага пераезду ў Польшчу прайшло менш за тры гады.

«Я адразу пачаў крокі ў гэтым кірунку: зрабіў усёй сям’і Карты паляка, адкрыў ІП, паплаціў трошкі ZUS (абавязковыя складкі на мэдычнае і сацыяльнае страхаваньне. — РС), падаў для ўсёй сям’і заявы на stały pobyt (пастаянны дазвол на жыхарства. — РС), пачалі вучыць польскую мову для экзамэну», — расказвае суразмоўца.

Андрэй успамінае, што ў 2024 годзе заявы на грамадзянства ўлады меліся разглядаць за два месяцы. Калі разгляд падоўжылі яшчэ на два месяцы, яны моцна гэтаму абураліся. Аднак знаёмыя Андрэевай сям’і, якія атрымлівалі грамадзянства пазьней, чакалі ўжо год-паўтара, бо чэргі па дакумэнты вырасьлі.

«Першы раз я адчуў гонар (праз новае грамадзянства. — РС), калі мы выяжджалі з Харватыі ў Босьнію й Герцагавіну — пакідалі Эўразьвяз. Басьнійскі памежнік узяў нашыя пашпарты, паглядзеў, што пашпартоў чатыры і нас у машыне чатыры — і аддаў назад, нават не разгортваючы. Вось як можна падарожнічаць, калі ты чалавек з пашпартам Эўразьвязу!» — успамінае выпадак суразмоўца.

Новыя і старыя пашпарты сям'і Андрэя
Новыя і старыя пашпарты сям'і Андрэя

Польскі пашпарт, з словаў Андрэя, дае яму магчымасьць не турбавацца пра афармленьне дазволу на жыхарства ў Польшчы, якога цяпер даводзіцца чакаць па паўтара-два гады. Да таго ж гэтыя бюракратычныя працэдуры вымагаюць грошай, часу і высілкаў.

«У мяне шмат сяброў і знаёмых з „бабкамі“, кватэрамі, але яны жывуць як на парахавой бочцы: тут працягнулі, тут не працягнулі, тут чакаеш, тут падаесься, тут адбіткі пальцаў, тут зноў нейкія паперы. А мы адзін раз гэта атрымалі, і ўжо ня маем гэтых турботаў. Мы на гэта ўжо не зьвяртаем увагі і можам сваю энэргію патраціць, напрыклад, на рамонт кватэры», — разважае суразмоўца.

Навасьпечаны грамадзянін Польшчы кажа, што адчуў атрыманьне пашпарта як адзначэньне пройдзенага складанага шляху.

«І вось ты трымаеш гэты запаветны плястык (унутрыпольскае пасьведчаньне асобы, якое мае выгляд плястыкавай карткі і выдаецца разам з традыцыйным папяровым дакумэнтам. — РС)», — падсумоўвае ён.

Андрэй прызнаецца, што аднак атрыманьня польскіх пашпартоў яны ў сям’і асабліва не сьвяткавалі, у адрозьненьне ад атрыманьня пастаяннага дазволу на жыхарства. Тады, успамінае ён, сям’я пайшла ў рэстарацыю, дзе замовіла традыцыйны польскі суп журэк і іншыя стравы.

Андрэй тлумачыць, што ён памяняў у польскіх дакумэнтах напісаньне свайго імя і імёнаў дзяцей на польскі лад. У новым дакумэнце ён запісаны як Анджэй (Andrzej). Таксама спалучэньне літараў -ts- у беларускіх дакумэнтах замяніў на -c-, каб палякам іх лягчэй было чытаць.

Аднак Андрэй ня лічыць, што польскае грамадзянства стала разьвітаньнем з мінулым жыцьцём. Суразмоўца кажа, што гэта здарылася раней — на Новы 2023 год. Тады жонка зь дзецьмі таксама пераехалі ў Польшчу, але яшчэ год «сядзелі на валізках». На Новы год яны вырашылі ня цешыць сябе спадзевам хутка вярнуцца на радзіму, а далей будаваць жыцьцё ў Польшчы, прынамсі, пакуль вучацца дзеці.

Першай справай пасьля атрыманьня польскіх пашпартоў сям’я Андрэя заплянавала паездку ў Лёндан. Суразмоўца расказвае, што паездка таксама прайшла добра, зь мінімумам пытаньняў на мяжы.

Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота
Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота

«Я сябе лічу палякам зь бюракратычнага пункту гледжаньня. Гэта значыць, што я маю такія ж правы, як гэтыя людзі, якія „spierdalają“ (гоняць. — РС) нас усіх ва Ўкраіну. Да пашпарта я стаўлюся як да паперы, якая палягчае мне тут жыцьцё, але не зьмяняе маю ідэнтычнасьць цалкам. Я таксама і беларус, і беларусам памру», — гаворыць Андрэй.

Польскі пашпарт (а перад гэтым Карту паляка) Андрэй мае дзякуючы продкам па лініі маці. Яны былі каталікамі, усё жыцьцё, паводле ягоных словаў, «з гонарам вызнавалі сябе палякамі». Суразмоўца ня ведае, каб у ягоных бабуляў і дзядуляў былі праблемы празь іхную польскасьць.

Беларускія пашпарты Андрэя і яго сямейнікаў яшчэ дзейнічаюць. Сужэнцы захоўваюць іх як «мілы сэрцу рарытэт» у «ганаровым месцы», разам з польскім пашпартам і іншымі найважнейшымі дакумэнтамі. Свой «сіні» пашпарт Андрэй адмыслова не дастае, каб пагартаць або панастальгаваць. Але, кажа, калі натыкаецца на яго, то нешта ўнутры ёкае. Ён успамінае, што калі толькі прыехаў у Польшчу, то да беларусаў ставіліся больш прыязна, спачувалі і больш падтрымлівалі — на ўзроўні чыноўнікаў і ўладаў.

«Я ў кожную ўстанову прыходзіў і казаў: „Добры дзень. Я беларус“». Тады былі вэгетарыянскія спрыяльныя часы, калі зь беларускім пашпартам мне было лёгка. Цяпер сытуацыя памянялася», — заўважае ён.

«Часам я гартаю свой беларускі пашпарт»

Вераніка* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) таксама атрымала польскае грамадзянства на падставе Карты паляка, але чакала яго пасьля пераезду ў Польшчу амаль пяць гадоў.

«Мне патрэбна было зрабіць дакумэнты, бо заканчваўся мой беларускі пашпарт», — успамінае сваю сытуацыю дзяўчына.

Яна кажа, што спачатку падавала дакумэнты на разгляд прэзыдэнту Польшчы (гэта асобная працэдура). Але атрымала адмову. Тады падала заяву ваяводу (ваяводзтва — аналяг вобласьці ў Беларусі) і атрымала станоўчае рашэньне.

«Гэта дакладна карані, якія трымаюць мяне ў Польшчы», — кажа пра польскае грамадзянства суразмоўца.

Яна адзначае, што польскі пашпарт дае палёгкі: дапамагае лягчэй набыць у Польшчы сваё жытло або пабудаваць дом, дазваляе спакойна падарожнічаць у многія краіны сьвету.

Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота
Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота

«Але я застаюся і грамадзянкай Беларусі, толькі ўжо безь беларускіх дакумэнтаў. Я інтэгравалася ў польскую супольнасьць. У мяне шмат польскіх сяброў, знаёмых. Ці я пачуваюся полькай? Калі я размаўляю з тым, хто мяне ня ведае, яны чуюць акцэнт, і часам такое стаўленьне: „wypierdalaj“ (вульгарнае „валі“. — РС). Я не сутыкалася тут з ксэнафобіяй, але часам адчуваю, што я тут не свая. Гэта нібы дом для мяне ўжо, але чужы дом», — кажа суразмоўца.

Свой беларускі пашпарт, у якога скончыўся тэрмін дзеяньня, Вераніка захоўвае ў шуфлядцы разам з новым польскім і іншымі дакумэнтамі.

«Часам я яго гартаю. Ня ведаю, чаму. Сьлёзы на вочы мне праз пашпарт не накатваюць. Але нейкія сантымэнты, успаміны — так. Ён пра Беларусь, пра маё жыцьцё ў Беларусі, пра маё мінулае. Там мой здымак, якая я была там, тады», — кажа яна пра «сіні» пратэрмінаваны пашпарт.

«Адчуў сябе эўрапейцам»

Васіль* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля ягонай бясьпекі. — РС) чакаў польскага пашпарта два з паловай гады і атрымаў яго бяз Карты паляка, а толькі пацьвердзіўшы сваё польскае паходжаньне ад маці-полькі.

«Пэрспэктыва ня мець ніякага пашпарта», — называе Васіль прычыну, празь якую заняўся атрыманьнем польскага грамадзянства.

Ён запэўнівае, што да вымушанай эміграцыі ніколі нават не задумваўся, што можа мець іншае грамадзянства, акрамя беларускага. Да таго ж, калі зьбіраў пакет папераў для атрыманьня польскага грамадзянства, ня думаў пра бонусы, якія гэта можа даць, акрамя таго, што ён будзе мець дакумэнт пацьверджаньня асобы. Суразмоўца адзначае, што пачуваецца і беларусам, і прыналежным да польскага народу. Польскі пашпарт дае яму больш свабоды і больш правоў.

Тры пашпарты Васіля
Тры пашпарты Васіля

«Я адчуў сваю прыналежнасьць да эўрапейскай супольнасьці, адчуў сябе эўрапейцам канкрэтным чынам. Калі я вяртаўся з-за мяжы (Эўразьвязу. — РС), у парыскім аэрапорце Шарль-дэ-Голь францускі памежны афіцэр сказаў мне: „Welcome home“ (анг. „Сардэчна запрашаем дадому“. — РС). І я так адчуваю. Гэтая прастора бязь межаў паміж дзяржавамі для мяне важная. Гэта важнае дасягненьне эўрапейскай цывілізацыі», — кажа суразмоўца.

Калі Васіль атрымаў польскі пашпарт, то зьезьдзіў бязь візы ў ЗША. Таксама набыў кватэру, дзеля якой браў крэдыт у банку як грамадзянін Польшчы. Грамадзяне іншых краінаў таксама маюць права набыць кватэру ў Польшчы, аднак часта сутыкаюцца з праблемамі, якіх ня маюць палякі.

«Банкі па-іншаму глядзяць, калі ёсьць грамадзянства (Польшчы). Яны глядзяць, якія гарантыі платаздольнасьці ты маеш, і гэта ўскосна зьвязана з грамадзянствам», — перакананы Васіль.

Васіль расказвае, што захоўвае свой пратэрмінаваны беларускі пашпарт у скрынцы з дакумэнтамі. Там жа ляжыць і ягоны «пашпарт Новай Беларусі». Польскі дакумэнт ён носіць з сабой, у кішэні, як раней насіў беларускі, хоць такога патрабаваньня закону ў Польшчы няма.

«Я раскладваю гэтыя тры пашпарты і сябрам паказваю», — кажа суразмоўца.

Васіль адзначае, што павагі да старога беларускага пашпарта, на якім намаляваны герб у стылі савецкай сымболікі, ён ніколі ня меў. І дадае, што «сіні» беларускі пашпарт для яго — гэта мінулае, польскі — цяпершчына, а Новай Беларусі — будучыня.

​
XS
SM
MD
LG