Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўнае — палепшыць жыцьцё беларусаў ва Ўкраіне», — Анастасія «Север» Махамет пра сваю працу ў АПК і візыт Ціханоўскай у Кіеў

Анастасія «Север» Махамет
Анастасія «Север» Махамет

Вэтэранка вайны ва Ўкраіне, мэдык Анастасія «Север» Махамет прызначаная намесьніцай прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы. У «ПіКу Свабоды» яна расказала пра задачы працы зь беларускімі добраахвотнікамі, пра візыт Ціханоўскай у Кіеў і стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў.

Анастасія Махамет паходзіць з Івацэвічаў, мае мэдычную адукацыю і досьвед працы мэдыкам. Яна ўдзельніца мірных пратэстаў 2020–2021 гадоў і адна з заснавальніц незалежнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. У канцы 2021 году мусіла пакінуць краіну, ня скончыўшы інтэрнатуру. У 2022 годзе далучылася да палку імя Кастуся Каліноўскага, як камандзір мэдычнай роты забясьпечвала арганізацыю мэдычнай дапамогі і эвакуацыю параненых у зоне баявых дзеяньняў. У 2025 годзе завяршыла вайсковую службу з прычыны стану здароўя, мае статус вэтэрана і баявыя ўзнагароды. Завочна асуджаная ў Беларусі паводле палітычных матываў на 18 гадоў пазбаўленьня волі.

— Якія вы бачыце галоўныя праблемы і задачы на новай пасадзе ў Аб’яднаным пераходным кабінэце?

— Цяпер для мяне ёсьць тры асноўныя задачы. Першая — гэта вырашэньне пытаньня з выплатамі, асабліва жонкам зьніклых бязь вестак. Другая — легалізацыя дзейных вайскоўцаў, бо ў цэлым украінскае заканадаўства моцна зьмянілася, стала больш ляяльным і зручным для добраахвотнікаў, але ёсьць асобныя выпадкі, калі людзі маюць праблемы з дакумэнтамі. Кожны такі выпадак — гэта вялікая праблема, якую трэба разьвязваць. І яшчэ ёсьць вялікая група беларускіх грамадзян, якія жывуць ва Ўкраіне шмат гадоў, гэта сваякі ўкраінскіх вайскоўцаў — іх жонкі, маці. Яны гатовыя, напрыклад, зьмяніць грамадзянства, але іх накіроўваюць у Беларусь па даведку аб нясуджанасьці. Натуральна, яны баяцца туды ехаць. І для гэтых людзей таксама трэба знайсьці разьвязаньне.

— Вы згадалі выплаты жонкам добраахвотнікаў, якія загінулі або зьніклі. Колькі людзей могуць разьлічваць на гэтыя выплаты і што гэта за выплаты?

— Фактычна беларусы ня могуць атрымліваць гэтыя выплаты. У выпадку гібелі яны заканадаўча не прадугледжаныя. Але, магчыма, з гэтым можна нешта зрабіць. Што да зьніклых бязь вестак, то гэта крыху іншая сытуацыя. Пакуль канкрэтных выпадкаў няма, бо жанчынам адмаўлялі. Але тэхнічна заробак чалавека, які зьнік бязь вестак, павінен дзяліцца напалову: адна частка ідзе сям’і, другая застаецца на рахунку на выпадак, калі чалавек знойдзецца.

— Як бы вы сфармулявалі галоўны выклік, які стаіць цяпер перад беларускімі добраахвотнікамі ва Ўкраіне?

— Складана вылучыць адзін выклік. Цяпер тут застаюцца людзі, гатовыя служыць і будаваць вайсковую кар’еру. Гэта ўжо не зусім тыя добраахвотнікі, што былі ў 2022 годзе, калі была хваля ідэйных людзей. Цяпер яны таксама ідэйныя, але больш сыстэмныя і сьвядома выбіраюць гэтую дзейнасьць. Таму для мяне галоўнае — паляпшэньне ўмоваў іх жыцьця ва Ўкраіне. А што да службы — там асноўная праблема ў тым, што вайна моцна зьмяняецца і задачыробяцца ўсё больш складанымі.

— Чакаўся візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеў, але ён быў перанесены. Якія пытаньні, на вашу думку, важна было б разьвязаць падчас сустрэчы з украінскімі ўладамі і Ўладзімірам Зяленскім?

— Спадзяюся, што калі гэтая сустрэча адбудзецца, мы зможам назваць некалькі канкрэтных выпадкаў, якія без удзелу прэзыдэнта проста не вырашаюцца. Ёсьць сытуацыі, калі людзі праз адсутнасьць нейкага дакумэнта фактычна пазбаўленыя ўсіх правоў. Некаторыя ўжо амаль два гады знаходзяцца ва Ўкраіне нелегальна, бо фармальна ня маюць магчымасьці легалізавацца. І гэта пакуль немагчыма вырашыць без удзелу людзей узроўню прэзыдэнта.

Нядаўна мусіла пакінуць Украіну Тацяна Гацура-Яворская, заснавальніца цэнтру дапамогі параненым вайскоўцам. Гэта было зьвязана з праблемамі дакумэнтаў. Ці можна разьвязаць такія сытуацыі дзякуючы візыту Ціханоўскай?

— Так, магчыма. Гэта даволі распаўсюджаная праблема, і такіх людзей шмат. Пакуль няма сыстэмнага мэханізму для вырашэньня гэтых пытаньняў. Таму трэба зьбіраць як мага больш такіх выпадкаў, каб абгрунтаваць неабходнасьць рашэньняў.

— Як вы думаеце, чаму зьмянілася рыторыка Ўладзіміра Зяленскага ў дачыненьні да беларускіх дэмакратычных сілаў?

— Складана сказаць. Хутчэй дзіўна, што гэта не адбылося раней. Пазыцыя Беларусі ў гэтай вайне была відавочная. Магчыма, паўплывала больш жорсткая рыторыка Аляксандра Лукашэнкі аб Украіне. Але гэта толькі здагадкі.

— Вы знаходзіцеся ва Ўкраіне з 2022 году. Ці зьмянілася стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў?

— Я б не сказала, што яно істотна зьмянілася. Многія ўкраінцы ня вельмі добра ведаюць пра падзеі 2020 году ў Беларусі і часта ўспрымаюць беларусаў гэтаксама, як расейцаў. Ёсьць і выпадкі адмовы ў паслугах, напрыклад, празь беларускі пашпарт. Хоць вайскоўцы, вядома, ставяцца інакш.

— Якую вы бачыце сваю галоўную мэту на гэтай пасадзе?

— Галоўная місія — палепшыць якасьць жыцьця беларусаў ва Ўкраіне. А ў кароткатэрміновай пэрспэктыве — хаця б вырашыць пытаньне з выплатамі для трох удоваў да канца году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG