Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на прэсавую службу АПК.
Кандыдатуру ўзгадніла кіраўніца АПК Сьвятлана Ціханоўская — «у адпаведнасьці з зацьверджанай працэдурай».
Махамет будзе займацца працай з добраахвотнікамі і іх семʼямі. Гэты напрамак прадстаўніца па сацпалітыцы Вольга Зазулінская назвала «вельмі важным для прадстаўніцтва і ўсяго АПК». Паводле слоў Зазулінскай, Махамет «мае адпаведны вопыт і ўцягнутасьць у тэму».
Анастасія Махамет родам з Івацэвічаў. Мае мэдычную адукацыю і досьвед працы мэдыкам. Зьяўляецца адной з заснавальніц незалежнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. У канцы 2021 году была вымушана пакінуць краіну, не скончыўшы інтэрнатуру.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе далучылася да беларускага палку імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), які ваюе на баку Ўкраіны. Займала пасаду камандзіра мэдычнай роты, забясьпечвала арганізацыю мэдычнай дапамогі і эвакуацыю параненых у зоне баявых дзеяньняў. У 2025 годзе завяршыла вайсковую службу па стане здароўя. Мае баявыя ўзнагароды і статус вэтэрана.
25 верасьня 2024 года стала вядома, што беларускія ўлады прызналі ПКК «тэрарыстычнай арганізацыяй».
24 красавіка 2025 года паведамлялася, што Менскі гарадзкі суд завочна прыгаварыў да працяглых тэрмінаў зьняволеньня пяць кіраўнікоў падразьдзяленьняў і байцоў ПКК. Сярод іх была Махамет — яе асудзілі да 18 гадоў пазбаўленьня волі.
16 мая 2025 года Міністэрства ўнутраных справаў дадала Махамет у сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». У чэрвені таго ж года Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ўнёс Анастасію ў пералік «фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Форум