Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трапіла каменем у галаву». Беларускую добраахвотніцу «Север» параніла на фронце. Праз два дні пацярпеў і ейны сабака


 Анастасія «Север» Махамет і яе сабака Шэры
Анастасія «Север» Махамет і яе сабака Шэры

У Махамет чэрапна-мазгавая траўма, у сабакі — аскепкавае раненьне лапы.

Здарэньні адбыліся на мінулым тыдні на данецкім кірунку фронту. Камандзір мэдроты палка імя Кастуся Каліноўскага Анастасія «Север» Махамет атрымала пашкоджаньне, калі па горадзе, дзе яны разьмяшчаліся, ударыла расейская крылатая ракета.

«Як бы не разьбіць пляншэт»

«Побач зь месцам прылёту быў наш экіпаж мэдэваку (мэдыцынская эвакуацыя. — РС). Пацярпела машына, два мэдыкі і нейкім цудам ніяк не пацярпеў кіроўца. Машына едзе, але пэўныя праблемы з рухавіком усё ж маюцца. Ад аскепкаў аўтамабіль не пацярпеў, а вось камянямі пабіла — дзьверы выбіла, шкло», — расказвае Анастасія.

Анастасія і яе сабака Шэры
Анастасія і яе сабака Шэры

Другі мэдык атрымаў моцную кантузію. Ён цяпер на лячэньні, як і сама «Север».

«Мне прыляцела каменем у галаву, прычым я падаю на зямлю — і ўзьнікае думка: як бы не разьбіць пляншэт. Я чатыры дні туды інфармацыю зьбірала па ўсіх бальнічках, там уся інфа мэдыцынская па рэгіёне. І нідзе гэтай інфы больш няма, я нікуды не пасьпела перакінуць. Кладзесься на зямлю і закрываеш пляншэт сабой. У выніку пляншэт застаўся цэлым, толькі працерлі яго ад пылу».

Дзяўчына кажа, што ня ведае, наколькі вялікі камень выцяў яе, бо ў той момант нават не магла зразумець, што адбываецца.

«Зь пярэпалаху кіроўца кажа: „Трэба звальваць“. Якое звальваць, мы ж мэдыкі. Пабеглі ў бок прылёту разьбірацца, найперш эвакуавалі на машыне безь дзьвярэй цяжка параненых. Мне кепска стала толькі праз пару гадзін, у мяне стаў заплятацца язык і здавалася, што вось-вось адключуся. Адразу я нават не зразумела, што ў мяне апухла вуха, драпіна за ім. Першы час было максымальна не да гэтага».

Cабака Шэры пасьля раненьня
Cабака Шэры пасьля раненьня

Суразмоўца Свабоды гаворыць, што ў яе чэрапна-мазгавая траўма. Доктар-оталярынголяг сказаў, што бубенная балона ў норме, са слыхам таксама ўсё нармальна.

«Я рвуся назад. Натуральна, я кепскі баец у пляне працы на мэдэваку, але я б магла працаваць каардынатарам, сядзець на рацыі. Магла б разгрузіць трошку нашых, бо там цяпер на ўчастку катастрафічна не хапае мэдыкаў. Лекары ж кажуць, што трэба ўзнаўляцца „ну хаця б тыдзень“».

«Праверылі лапу мэталашукальнікам»

Яшчэ летам Анастасія забрала з адной з задач у Гуляй-Полі шчанюка, якога назвала Шэрым. Сабака езьдзіць на заданьні. Калі «Север» параніла, то Шэры застаўся зь іншымі мэдыкамі.

«Праз два дні пасьля маёй эвакуацыі абстралялі пазыцыю мэдыкаў. Не да канца зразумела, чым менавіта абстрэльвалі. Было тры прыходы: адзін побач з домам, а два па доме. Яшчэ адзін мэдык атрымаў раненьне лёгкае. Гэта ня мог быць танк, але мог быць мінамёт. Не было нават часу разьбірацца. Хлопцы агледзелі Шэрага і знайшлі ў яго рану на лапе».

Аскепак з лапы Шэрага
Аскепак з лапы Шэрага

Першапачаткова лапу проста перавязалі, калі ж сабака трапіў да пяхоты палка Каліноўскага, то яны сталі назіраць, што сабака ўвесь час чухае і ліжа гэтую ранку.

«У выніку праверылі ранку мэталашукальнікам, які паказаў, што там нешта ёсьць. Мой кіроўца ўзяў Шэрага, павёз у суседні горад, дзе ёсьць вэтэрынарная клініка. Лекар кажа: „Там нічога няма!“ А мой кіроўца: „Рэж, мы ведаем, што ёсьць“. У выніку знайшлі аскепак між косткамі ў лапе. Дасталі, апрацавалі, зашылі. Цяпер „Шэры“ ўжо ў Кіеве, я яго пабачу, а потым ён паедзе ў прытулак да маіх знаёмых, бо патрэбен дагляд нармальны».

У цэлым, па словах Анастасіі, сабака ў парадку: бегае, але кульгае.

«Натуральна, ён спалохаўся. Адразу ж пабег у дом да нашых хлопцаў, а потым пасьля трэцяга абстрэлу зьбег зноў. Апошнім часам ён жыў на самавыгуле, толькі прыходзіў начаваць. Вечарам пашкрабецца ў дзьверы і ляжа спаць. Ранкам папрашайнічае ва ўсіх, просіць ежы і зноў ідзе гуляць».

Сабаку няма і года, ён нарадзіўся, калі ва Ўкраіне ўжо ішла вайна. Маці хавала сваіх шчанятаў у трубу, каб уратаваць ад расейскіх снарадаў.

«Цяпер жа, калі ляцяць самалёты ці ракеты, то ён адразу спакойна залазіць пад ложак — і яго гэтаму нават ніхто не вучыў», — сьмяецца Анастасія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG