Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне ня хочацца ні ў кога прасіць». Зь якімі праблемамі сутыкаюцца былыя палітвязьні, якія вымушана зьехалі за мяжу

Сустрэча вызваленых палітвязьняў у Вільні, сьнежань 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Сустрэча вызваленых палітвязьняў у Вільні, сьнежань 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Слухаць
15 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Вызваленьне з турмы зусім не азначае заканчэньня праблемаў для беларускіх палітзьняволеных. Расказваем, з чым ім даводзіцца сутыкацца пасьля таго, як яны выходзяць на волю і выяжджаюць з краіны.

Паводле зьвестак беларускіх праваабаронцаў, пасьля жніўня 2020 году праз палітычна матываваны крымінальны перасьлед у Беларусі прайшлі каля 5 тысяч чалавек. За кратамі на гэты момант застаюцца прыкладна 900 зь іх. Гэтыя лічбы могуць быць значна большымі праз складанасьці атрыманьня інфармацыі ад беларускай судовай сыстэмы і розны падыход да падлікаў.

Колькі былых палітзьняволеных пасьля вызваленьня засталіся ў Беларусі, а колькі іх добраахвотна або вымушана зьехалі за мяжу, дакладна невядома. Далёка ня кожны з былых палітзьняволеных пасьля вызваленьня гатовы кантактаваць з праваабаронцамі ці журналістамі. За мяжой працягваюць дзейнасьць некалькі фондаў і арганізацыяў, якія спрабуюць дапамагчы былым палітзьняволеным адаптавацца да жыцьця на волі ў новай краіне. Мы ня можам раскрываць усіх дэталяў іх працы з прычын бясьпекі.

«Ніякіх навінаў няма»

Антыфашыст Тамаз Піпія трапіў за краты ў разгар пратэстаў 2020 году разам з сваім братам Цімурам. Жорсткі арышт, зьдзекі, фізычны і псыхалягічны ціск, 6 гадоў і 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму «ад званка да званка», вызваленьне і тры дні на зборы для выезду за мяжу. Так выглядала яго жыцьцё пасьля затрыманьня.

«Тры дні я пабыў на свабодзе, 4 чысла (4 траўня 2026 году. — РС) выйшаў, 6 чысла зьехаў, — расказвае Тамаз. — Мне паставілі ўльтыматум супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Сказалі, што я магу наведаць толькі магілу маці (маці Тамаза і Цімура памерла падчас іх зьняволеньня. — РС), зрабіць нейкія банальныя рэчы — і павінен зьехаць. Я хацеў бы застацца часова. Вырашыць пытаньні свае — з кватэрай, іншыя справы. Шмат каго хацеў бы пабачыць».

Тамаз прызнаецца, што ўжо не плянуе вяртацца ў Беларусь. Бачыць, як зьмянілася беларускае грамадзтва за час яго знаходжаньня за кратамі і не спадзяецца на хуткія перамены. У канцы кастрычніка на старонцы фонду BySol для братоў Піпія адкрылі збор.

«У мяне зараз на руках з дакумэнтаў толькі беларускі пашпарт, больш нічога, — расказвае Тамаз. — Гэта моцна цісьне. Віза літоўская ў ім. Я не магу адкрыць рахунак у банку, не магу арандаваць жыльлё. Я псыхалягічна прыгнечаны, не магу афіцыйна ўладкавацца на працу. Працаваць неафіцыйна на будоўлі мне складана праз стан здароўя».

Тамаз расказвае, што падаў дакумэнты на атрыманьне гуманітарнага дазволу на жыхарства ў Літве ў ліпені. Разьлічваў, што дакумэнтаў трэба будзе чакаць 2–3 месяцы. На пачатку лістапада яны яшчэ не былі гатовыя.

«Мне сказалі пры падачы, што з маім выпадкам усё зразумела, што ён не патрабуе вялікага разбору, — расказвае Тамаз. — Але пакуль ніякіх навінаў няма. Атрымаў толькі паведамленьне аб тым, што маю справу перадалі ў паліцыю. Там праводзяць праверку».

У Літву Тамаз прыехаў з адным невялікім, як ён сам кажа, «партфэльчыкам». Пасьля турмы ў яго не было неабходных для жыцьця рэчаў і сродкаў. Чымсьці дапамагла сястра, якая пасьля падзеяў 2020 году таксама зьехала за мяжу. Атрымаў ён дапамогу і ад некалькіх фондаў, аднак гэтага аказалася недастаткова.

«У самым пачатку нам аказалі дапамогу, але гэта былі ня тыя сумы, на якія можна пражыць у Эўропе, — гаворыць Тамаз. — Трэба разумець, што мне ўсё прыйшлося набываць. Вопратку, сродкі гігіены, неабходныя рэчы. Не кажу ўжо пра аплату жыльля. Большасьць былых палітвязьняў, якія выехалі з краіны, знаходзяцца ў такой жа няпростай сытуацыі. Я кантактую тут шмат з кім. Дапамога аказваецца, але яе не хапае».

Як расказалі ў размове з Свабодай прадстаўнікі некалькіх праваабарончых арганізацыяў, былыя палітвязьні, якія зьехалі зь Беларусі, па-ранейшаму могуць разьлічваць на дапамогу з аплатай жыльля ў першыя месяцы, атрымліваюць дапамогу наяўнымі (каля 1000 эўра). Акрамя гэтага, пры патрэбе ім бясплатна аказваюць мэдычныя паслугі, у тым ліку лячэньне зубоў (гэтая праблема найчасьцейшая), аплачваюць кансультацыі ў псыхоляга. У асобных выпадках былы палітвязень можа атрымаць некалькі месяцаў бясплатнага лячэньня ў санаторыі. Ёсьць таксама магчымасьць атрымаць кансультацыю аб падачы дакумэнтаў на легалізацыю.

Вывезеныя ў Літву беларускія палітвязьні ў дзень вызваленьня ў верасьні 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Вывезеныя ў Літву беларускія палітвязьні ў дзень вызваленьня ў верасьні 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Аднак усёй гэтай дапамогі ўсё адно можа не хапаць, асабліва калі легалізацыя былога палітзьняволенага зацягваецца. Гэта актуальна зараз у Польшчы, дзе міжнароднай абароны можна чакаць нават больш за год, а з пачатку лета 2026 году беларусам сталі масава ў ёй адмаўляць.

«Мы расчараваныя»

Тамаз Піпія расказвае, што за кратамі думаў пра вызваленьне, уяўляў сабе, як будзе жыць пасьля турмы. Плянаваў паступова вяртацца да жыцьця, прыглядацца да таго, што адбываецца ў грамадзтве зараз. Але атрымалася так, што амаль адразу пасьля выхаду з-за кратаў ён мусіў зноў турбавацца пра самыя базавыя патрэбы.

«Вельмі складана праходзіць мая адаптацыя, — прызнаецца былы палітзьняволены. — Я часам думаю пра турму. Яшчэ не зусім магу камунікаваць зь іншымі людзьмі. Гэта працяглы працэс (аднаўленьне. — РС), які патрабуе часу. Найбольш мне бракуе цяпер легальнага статусу, дакумэнтаў, якія дазволілі б працаваць. Фінансавых сродкаў таксама, каб вырашыць побытавыя пытаньні. Я не прывык так жыць, мне ня хочацца ні ў кога прасіць. Гэта вельмі моцна цісьне маральна».

У Беларусі да 2020 году Тамаз працаваў у гандлі. У Літве плянуе зарэгістраваць свой невялікі бізнэс у галіне клінінгу. Для гэтага трэба легалізацыя.

«Мне шмат ня трэба, — гаворыць былы палітвязень. — Жыльлё, дакумэнты, грошы на нейкія побытавыя выдаткі. Зараз сотні людзей у такой жа сытуацыі, як я. Шмат хто зь іх невядомыя, іх няма ў СМІ. Дапамога аказваецца, але аказваецца ў самым пачатку пасьля пераезду. Людзям аплочваюць жыльлё чатыры месяцы. Але калі дакумэнты не ўдаецца за гэты час атрымаць, то што рабіць? Ты адзін у чужой краіне. Куды зьвяртацца, незразумела. У Польшчы шмат такіх гісторыяў, людзі па некалькі гадоў чакаюць, цягаюцца па нейкіх кватэрах. Мой блізкі сябра два гады чакаў дазволу на жыхарства ў Польшчы, пасьля — міжнародную абарону. Улез у вялізныя пазыкі, каб проста існаваць. Толькі зараз паволі становіцца на ногі, зьявілася нейкая праца стабільная, заробак. Але ўсё гэта ідзе на вяртаньне пазыкаў».

Тамаз Піпія пасьля вызваленьня і пераезду ў Вільню
Тамаз Піпія пасьля вызваленьня і пераезду ў Вільню

Піпія кажа, што расчараваны сытуацыяй, у якой зараз апынуўся. Прызнаецца, што расчараваны таксама і дзейнасьцю беларускіх дэмакратычных структураў, якія працуюць за мяжой.

«Людзі ў Беларусі зараз часам нават ня ведаюць пра масавыя арышты, пра вымушаны ад’езд з краіны былых палітвязьняў, — кажа Тамаз Піпія. — Гэта я ў курсе, я быў у руху яшчэ да 2020 году. Тыя, хто сутыкаўся з рэпрэсіямі, пасьля часта былі ў шоку. Зараз яны таксама расчараваныя, як і я. Вялікае расчараваньне, я шмат з кім размаўляю тут у Літве. І праз кантраст, які існуе, таксама. Бо хтосьці мае ўсё, маю на ўвазе тых, хто набліжаны да Офісу Ціханоўскай. А нехта вымушаны шукаць сабе жыльлё. Я бачу тую ж мадэль, што і ў Беларусі. Уся вэртыкаль знаходзіцца ў руках нейкіх людзей, усе сродкі там, усё фінансаваньне. Пасьля турмы я выйшаў і не пабачыў, што нешта ў беларускім дэмакратычным руху кардынальна зьмянілася. Усе паліваюць брудам адно аднаго. Гэта ўсё толькі на руку рэжыму».

Тамаз Піпія кажа, што і сам стаміўся ад удзелу ў грамадзкіх рухах. Цяпер ён плянуе найперш заняцца сабой, разьвіваць сваю невялікую справу.

«Але я таксама не магу забыць людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, — кажа ён. — Хто па-ранейшаму за кратамі. Спрабую дапамагаць. Дапамагаць іх родным. Падтрымліваю адносіны з тымі былымі вязьнямі, якія засталіся ў краіне. Вельмі прыстойныя людзі. Яны вымушаныя жыць у сваім невялікім сьвеце, ім вельмі цяжка».

«Збораў шмат стабільна»

Гісторыя братоў Тамаза і Цімура Піпія не адзіная, якая за апошні час трапіла ў публічную прастору. У кастрычніку па фінансавую дапамогу да беларусаў зьвярнуўся былы палітвязень і кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук. Зь верасьня 2025 году ён таксама вымушана жыве ў Літве, аднак дагэтуль так і ня змог стаць на ногі. Праз год пасьля выхаду на свабоду і вызваленьня ён адкрыў збор на BySol, расказаўшы, што ня мае сродкаў нават на аплату жыльля.

«Я магу казаць пра спэцыфіку BySol, — кажа ў размове з Свабодай прадстаўнік фонду Зьміцер Ягораў. — Гэта матэрыяльная дапамога. Адпаведна да нас зьвяртаюцца па аднаразовыя выплаты, роўныя 1000 эўра, якія мы даем. Гэта для былых палітвязьняў. Другі выпадак — гэта адкрыцьцё пэрсанальных збораў. Там ужо могуць быць абсалютна розныя патрэбы. Вельмі часта гэта запыты, зьвязаныя з станам здароўя. Вельмі часта ў людзей проста няма грошай, каб здымаць жыльлё, пакуль яны чакаюць дазволу на жыхарства».

З словаў Ягорава, у сытуацыю вострага недахопу сродкаў часта трапляюць тыя былыя палітвязьні, якія зьвяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы або Літве. Чакаючы атрыманьня статусу, яны ня могуць легальна працаваць.

«А жыць за нешта трэба, дапамога тым, хто чакае міжнароднай абароны, мізэрная, пражыць за яе немагчыма (маюцца на ўвазе выплаты ад дзяржавы, якая надае статус міжнароднай абароны; гэтыя сумы моцна вагаюцца і залежаць ад абранага месца жыхарства, складу сям’і, іншых фактараў. — РС), — кажа суразмоўца. — З такімі праблемамі да нас прыходзяць найчасьцей. Жыльлё, ежа, лекі і мэдычная дапамога. Мы наўпрост не арганізоўваем вырашэньня гэтых праблемаў. ня маем шэлтэраў або чагосьці такога. Дапамагаем сабраць грошы, калі ёсьць такая магчымасьць. Таксама мы можам пракансультаваць людзей аб атрыманьні легальнага статусу, перанакіроўваем у іншыя профільныя арганізацыі, калі гэта магчыма».

З словаў Ягорава, былыя палітвязьні, вымушаныя зьехаць зь Беларусі, найчасьцей маюць праблемы менавіта з атрыманьнем легальнага статусу. Асабліва гэта датычыць Польшчы, дзе дакумэнтаў даводзіцца чакаць вельмі доўга.

Зьміцер Ягораў
Зьміцер Ягораў

«Польскія банкі часта патрабуюць два дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу, — кажа Ягораў. — Гэта могуць быць пашпарт і картка дазволу на жыхарства. І вельмі часта ў беларусаў мінімум аднаго дакумэнта такога няма. Дакумэнты — гэта асноўная праблема. Затым ужо жыльлё і сродкі на ежу».

Зьміцер Ягораў дадае, што яшчэ больш абмежаваная магчымасьць дапамагаць тым былым палітвязьням, якія застаюцца пасьля вызваленьня ў Беларусі. Яны могуць разьлічваць на 1000 эўра або ананімныя зборы ў выпадку крытычнай сытуацыі.

«Колькасьць збораў, якія мы арганізоўваем, больш-менш стабільная, — расказвае суразмоўца. — Але здараюцца хвалі, і не заўсёды магчыма прадбачыць, калі іх стане больш. Іх шмат стабільна. Можна зайсьці на наш сайт і паглядзець. Сумы там розныя, самыя невялікія пачынаюцца ад тысячы эўра. Больш распаўсюджаныя сумы — 2 тысячы, 2 з хвосьцікам. Калі больш — 5–8 тысяч эўра — гэта ўжо звычайна зьвязана зь цяжкімі хваробамі, з анкалягічнымі захворваньнямі. Але паўтаруся — у апошні год, у апошнія месяцы становіцца вельмі распаўсюджаным гэты запыт, калі чалавеку трэба пратрымацца нейкі час, пакуль ён ня зможа сам працаваць. З такімі праблемамі зараз прыходзяць найчасьцей».

Наколькі актыўна закрываюцца зборы, ці не перастаюць беларусы падтрымліваць сваіх? Зьміцер Ягораў кажа, што не перастаюць. Усе зборы, абвешчаныя «Байсолам», як правіла, закрываюцца цягам адведзенага двухмесячнага тэрміну.

«На шчасьце, ахвяраваць ня перастаюць, — гаворыць Ягораў. — Зборы закрываюцца рана ці позна практычна ўсе. Яны абмежаваныя ў часе — 60 дзён. Рэдка які не закрываецца. З таго, што мы бачым, вельмі актыўная беларуская дыяспара ў Польшчы, у ЗША, у Літве. Гэта самыя актыўныя ў нас геаграфічныя зоны. Гэта зьвязана з тым, што ў тых краінах зараз жывуць найбольш беларусаў. Падтрымка не спыняецца. Сярэдні данат — гэта каля 20 эўра. Звычайна столькі ахвяруюць. Але бывае і некалькі сотняў, ці больш за тысячу, ці некалькі тысяч. Гэта, вядома, рэдкасьць, але таксама здараецца».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG