На канец кастрычніка 2026 году, паводле падлікаў праваабаронцаў, у Беларусі за кратамі знаходзяцца больш за 880 палітычных зьняволеных. Агулам за ўвесь час ад пачатку хвалі рэпрэсіяў летам 2020 году афіцыйны статус палітвязьня атрымалі больш за 4800 чалавек. Агульная колькасьць тых, хто зазнаў перасьлед з палітычных прычынаў, аднак не атрымаў адпаведнага статусу, можа дасягаць больш чым 8800 чалавек.
Прыкладна 4000 палітычных зьняволеных ужо вызваліліся з-за кратаў. Некаторыя зь іх цалкам адбылі пакараньне, прыкладна 700 чалавек памілаваныя ў выніку перамоваў з ЗША. Невялікія групы палітвязьняў памілаваныя з ініцыятывы ўладаў Беларусі.
Пры гэтым за кратамі з палітычных прычынаў у Беларусі зараз знаходзяцца як мінімум некалькі дзясяткаў чалавек, якія не могуць разьлічваць на памілаваньне або вызваленьне пасьля адбыцьця прызначанага ім турэмнага тэрміну. Гэта людзі, якія з ініцыятывы сілавых структураў знаходзяцца на прымусовым псыхіятрычным лячэньні.
Расказваем, што вядома пра іх сытуацыю і стан праваабаронцам, у якіх умовах трымаюць такіх людзей і ці маюць яны нейкі шанец на вызваленьне.
Як мінімум 22 чалавекі
Такую лічбу палітвязьняў, якія на гэты момант праходзяць прымусовае псыхіятрычнае лячэньне ў Беларусі, называюць правабаронцы. Большасьць зь іх мужчыны, вядома таксама пра як мінімум 7 палітзьняволеных жачын, якіх з розных прычын зьмясьцілі ў мэдычныя установы для псыхіятрычнага лячэньня. Правабаронцы ня могуць публічна назваць імёны і падрабязнасьці справаў гэтых людзей.
Бадай, самая вядомая сярод іх у публічнай прасторы — Марыя Ўсьпенская, удава Андрэя Зельцара, забітага 28 верасьня 2021 году ва ўласнай кватэры ў выніку перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ. Марыю затрымалі ў той жа дзень і спачатку трымалі ў цяжкіх умовах у ізалятары на завулку Акрэсьціна, потым на «Валадарцы» ў Менску. У сьнежні 2021 году Ўсьпенская правяла тры тыдні ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры (РНПЦ) псыхічнага здароўя ў Навінках, дзе праводзілі псыхіятрычную экспэртызу яе стану.
Праваабаронцам вядома, што Марыю абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка (п. 5 і 10 арт. 16, ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу). Яе разглядалі як асобу, «якая ўчыніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне... у стане бесьсьвядомасьці або захварэла пасьля ўчыненьня злачынства на псыхічнае расстройства» (п.13 арт. 6 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу).
На судзе інтарэсы Марыі прадстаўляла ейная маці, самой палітзьняволенай не было на паседжаньнях. Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Валянціна Зянькевіч прызначыла Ўсьпенскай прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары. Тэрміну лячэньня ў такіх выпадках суд не вызначае, у псыхіятрычнай лякарні Марыя будзе датуль, дакуль лекары будуць лічыць гэта мэтазгодным. Пасьля Ўсьпенскую можа чакаць новы суд.
Псыхіятар Сяргей Папоў сам зьведаў, што такое палітычныя рэпрэсіі. 7 лістапада 2020 году яго затрымалі на маршы пратэсту мэдыкаў, Папоў адседзеў 15 дзён на Акрэсьціна, у Жодзіне і Магілёве. Да 2021 году Папоў выкладаў на катэдры псыхіятрыі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі і практыкаваў у псыхіятрычным шпіталі. Цяпер ён працуе лекарам у Фінляндыі.
Сяргей Папоў дапускае, што пасьля таго, што перажыла Марыя Усьпенская, у яе можа быць ня проста посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), а больш сур’ёзнае псыхічнае захворваньне.
«Суд мог кваліфікаваць, што яна нясе пагрозу для іншых. Але і тое, што жанчыну столькі часу трымаюць на прымусовым лячэньні, што яна наагул ня бачыць пэрспэктывы, будучыні, маючы непаўналетняе дзіця, — таксама адбіваецца на ейным псыхічным стане», — мяркуе экспэрт.
Сярод іншых жанчын, якім таксама прызначылі прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, — рамесьніца, мастачка і літаратарка з Полацку Нэлі Алфёрава. У сацыяльных сетках яна называла сябе «літаратурна-творчай асобай». Была назіральніцай на выбарах, публікавала відэаролікі. У 2021 годзе эмігравала з сынам у Польшчу, аднак пасьля вярнулася ў Беларусь. У 2024 годзе Алфёраву судзілі ў закрытым рэжыме «за абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) як «асобу, якая ўчыніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне». Нэлі таксама мае непаўналетняга сына з інваліднасьцю.
Натальлю Манылу асудзілі на прымусовае лячэньне паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Вядома, што да арышту яна дапамагала палітзьняволеным, якія трапілі за краты.
Натальлю Мікуліч накіравалі ў псыхіятрычную ўстанову «за абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «распальваньне сацыяльнай варожасьці» (арт. 130) і «паклёп» (арт. 188).
«Абраза прэзыдэнта»
Паводле праваабаронцы, юрысткі «Вясны» Сьвятланы Галаўнёвай, найчасьцей на псыхіятрычную экспэртызу адпраўляюць палітвязьняў, якіх абвінавачваюць у «абразе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Але ёсьць і абвінавачаньні паводле іншых крымінальных артыкулаў.
У 2024 годзе прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраньнем прызначылі 25-гадоваму менчуку Аскеру Алахвердзіеву. Яго вінавацілі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў ваенных дзеяньнях» (артыкул 361-3 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
21-гадоваму Івану Мікшу прызначылі прымусовае лячэньне пасьля таго, як ён сарваў дзяржаўныя сьцягі з будынкаў Дому культуры ў Іўі і рэдакцыі раённай газэты «Іўеўскі край».
Паводле сьледзтва, увечары 26 сакавіка 2021 году Мікша вырашыў «прадэманстраваць сваё абразьлівае і блюзьнерскае стаўленьне да дзяржаўнага сымбалю Рэспублікі Беларусь» (арт. 370 КК). Цяпер маладога чалавека лечаць у закрытай псыхіятрычнай установе.
Данілу Жарына судзілі за акт тэрарызму (арт. 289 КК),
абвінаваціўшы ў нападзе на будынак Інстытуту МУС у Магілёве ў чэрвені 2021 году. Судовая калегія Магілёўскага абласнога суду прызначыла Жарыну «лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам».
Усе накіраваныя на прымусовае лячэньне палітвязьні праходзяць псыхіятрычную экспэртызу. Пра яе неабходнасьць можа заявіць міліцыянт, сьледчы, пракурор або судзьдзя, тлумачыць праваабаронца Сьвятлана Галаўнёва.
«Паводле артыкулу 228 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, падставы сфармуляваныя так: „Калі ўзьнікае сумненьне наконт наяўнасьці ў іх сьвядомасьці або здольнасьці самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы ў крымінальным працэсе“. То бок калі чалавеку інкрымінуюць артыкул „абраза прадстаўніка ўлады“ або „абраза прэзыдэнта“, яго накіроўваюць на экспэртызу: у сьледчага ці пракурора адразу зьяўляюцца гэтыя сумневы. Ну і іншыя абставіны могуць паўплываць. Напрыклад, тое, як чалавек стасуецца зь сьледчым», — разважае юрыстка.
Канчатковае рашэньне накіраваць зьняволенага на лячэньне прымае суд. Пры гэтым судовыя паседжаньні часта праходзяць у закрытым рэжыме.
«Людзі (якіх накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. — РС) ня лічацца асуджанымі ў крымінальнай справе. У тэорыі прымусовае лячэньне не павінна быць пакараньнем за злачынства. Але на практыцы яно менавіта ім і аказваецца. Гэта сапраўды „бестэрміновы тэрмін“, бо чалавека трымаюць прымусова ў закрытай установе, фактычна ў няволі, пакуль дзяржава не прызнае, што чалавек вылечыўся. Вялікая праблема ў тым, што людзі знаходзяцца ў псіхыятрычных лякарнях пад неабмежаванай уладай галоўнага лекара, бяз сувязі з навакольным сьветам», — кажа праваабаронца «Вясны».
Права спатканьня з сваякамі, званкі, атрыманьне пасылак для тых, каму прызначылі прымусовае лячэньне, прадугледжаныя агульнымі нормамі аб правах пацыентаў псыхіятрычных стацыянараў згодна з артыкулам 40 закону «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі». Адвакат таксама тэарэтычна можа наведваць такога чалавека, калі сваякі заключылі зь ім дамову і аплачваюць ягоныя паслугі. Сам палітзьняволены, якога прызналі недзеяздольным, ня можа самастойна заключыць дамову з адвакатам і выклікаць яго да сябе, тлумачыць праваабаронца. І дадае, што сыстэма псыхіятрычных установаў вельмі закрытая і невядома, што там адбываецца насамрэч.
«Ператварэньне чалавека ў „чмо“»
Пакуль невядомы ніводзін выпадак вызваленьня палітвязьняў, якія пасьля падзеяў 2020 году знаходзіліся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні. Аднак некалькі былых палітзьняволеных прайшлі праз так званыя «псыхіятрычныя экспэртызы», на якія іх накіроўвалі з калёніяў.
Паліна Шарэнда-Панасюк адбывала пакараньне ў гомельскай ПК-4 і ў рэчыцкай ПК-24 — з узмоцненым рэжымам. Ёй прызначалі некалькі судова-псыхіятрычных экспэртызаў. Паліна расказала, што на тэрыторыі менскага РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках ёсьць для гэтага асобны будынак.
«Тэрыторыя агароджаная бэтонным плотам і слупамі з калючым дротам. Умовы як у турме, а можа, яшчэ і горшыя. Паміж плотам і слупамі — сабачыя будкі, бегаюць некалькі сабакаў. У 2024 годзе ў самім будынку быў рамонт, яго рабілі людзі азіяцкага аблічча. Завозілі туды людзей зь СІЗА з Валадаркі (а цяпер з Калядзічаў) аўтазакам, усе ў кайданках. Стаім пад сьценкай — асобна мужчыны і жанчыны. Забіраюць усе рэчы і пераапранаюць у такую страшную вопратку! Я назвала гэта „ператварэньнем чалавека ў чмо“. Вопратка сапраўды жудасная, велічэзнага памеру, жанчынам даюць шлёпанцы 45 памеру — усе выглядаюць як сапраўдныя „псіхі“! На шпацыры — рукі за сьпінай, а калі я адмовілася так хадзіць, мяне перасталі вадзіць на прагулкі. Дворык — бэтонны мяшок, ні травы, ні дрэваў», — узгадвае Паліна.
Паводле яе словаў, у палаце 4 жалезныя ложкі, матрацы і бялізну выдаюць. Ёсьць стол, абабіты жалезам, і жалезная лава — усё прыкручана да падлогі. Ні ўмывальніка, ні прыбіральні няма, вакно бяз ручак — не адчыняецца.
«Дзьверы з „кармушкай“. 4 разы на дзень выводзяць у прыбіральню, у іншы час — у плястыкавае вядро. Душ — раз на тыдзень. Даюць адну плястыкавую бутэльку: і для піцьця, і, прабачце, каб падмывацца. Сродкі гігіены адваёўваеш з боем. Валасы часалі зубной шчоткай, грабянец не дазвалялі. Адзіная аддушына — можна хоць цэлы дзень ляжаць на ложку», — расказвае Паліна Шарэнда-Панасюк.
Паводле былой палітзьняволенай, кожны раз на экспэртызах у Навінках у яе былі новыя лекары. На думку Паліны, дактары ў прынцыпе разумеюць, чаму палітзьняволеныя там апынаюцца.
«Я катэгарычна адмаўлялася гутарыць з псыхіятрамі, казала, што гэта карная псыхіятрыя. Таму мяне асабліва і не чапалі. Уявіце: праводзяць тэсты, даюць нейкія старыя кніжачкі. Аднойчы мне далі тэсты на ўкраінскай мове. Я ім сказала: „Нічога сабе! У вас яшчэ іх не адабралі?“ Цяжка апісаць увесь гэты „сюр“: сядзіць маладая лекарка, разумее, чаму я тут знаходжуся, а мне цяжка ўявіць, чаму яна, разумеючы, штэ гэта рэпрэсіі, робіць сур’ёзны выгляд. Я з сарказмам, яхіднасьцю праходзіла гэтыя тэсты: „2 + 2“ — пішу „10“. Кафка адпачывае!» — узгадвае суразмоўца.
Яна дадае, што калі людзі не гуляюць паводле гэтых правілаў, рэжым расцэньвае іх паводзіны як псыхічнае адхіленьне.
«Калі называеш себя палітзьняволеным — гэта дыягназ: „паранаідальны разлад асобы“. „Ты ня любіш Лукашэнку? Як гэта? Гэта тое самае, што не любіць сонца!“ Вярхі рэжыму ўжо настолькі сябе нейкай боскай функцыяй уяўляюць, што той, хто ў гэта ня верыць, расцэньваецца як „псыхічнае адхіленьне“», — кажа Паліна.
«Экспэртызу могуць запрасіць толькі „людзі ў пагонах“»
Былы беларускі лекар Сяргей Папоў, які цяпер працуе псыхатэрапэўтам ў Хэльсынкі, добра знаёмы з сыстэмай аказаньня псыхіятрычнай дапамогі ў Беларусі. Ён адзначае два важныя аспэкты: мэдычны (які абапіраецца на закон «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі»), і юрыдычны.
«Экспэртызу могуць запрасіць толькі „людзі ў пагонах“ (сьледчыя, пракуроры, а таксама судзьдзі). І зразумела, якое тут месца ў лекараў. Лекары толькі робяць экспэртызу, а не прымаюць рашэньняў, суд вырашае, які лёс будзе ў гэтага чалавека. Так, на судовае паседжаньне запрашаюць часам і лекараў, задаюць пытаньні. Але, паўтаруся, толькі суд вырашае, накіруюць чалавека ў пэнітэнцыярную ўстанову ці на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычную ўстанову», — тлумачыць Сяргей Папоў.
Згодна з заканадаўствам, суд можа выбраць 4 варыянты прымусовага лячэньня. Першы — найлягчэйшы — калі чалавек знаходзіцца дома, але ў вызначаны тэрмін павінен зьяўляцца да псыхіятра. Да палітвязьняў такі варыянт не прымяняюць. Тры астатнія зьвязаныя з абмежаваньнем свабоды, кажа псыхіятар.
«Другі варыянт — гэта можа быць звычайная псыхіятрычная клініка, псыханэўралягічны інтэрнат, гэта аддзяленьне закрытага тыпу. Аднак чалавек там мае адносную свабоду, звычайны лячэбны рэжым. Як у Астрашыцкім гарадку, у Лепелі. Трэці — шпіталі з узмоцненым назіраньнем. Іх некалькі ў Беларусі, самыя вядомыя — у Гайцюнішках Воранаўскага раёну і РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках, дзе ёсьць некалькі карпусоў, аддзеленых ад асноўнай тэрыторыі. Мяркую, што бальшыню палітвязьняў трымаюць там. Чацьверты варыянт — установа зь вельмі строгім рэжымам, гэта ўжо як турма. Але там ёсьць лекары-псыхіятры, да 2020 году там нават псыхатэрапэўты былі. Цяпер — ня ведаю. Да таго ж мы дакладна ня ведаем, каму якую меру суд прызначыў», — кажа Сяргей Папоў.
Праваабаронцы ня маюць інфармацыі, які тып лячэньня прызначыў суд некаторым палітвязьням і ў якіх установах іх трымаюць.
«Немагчыма лячыцца бясконца»
Што тычыцца так званага «бестэрміновага тэрміну» лячэньня, такога вызначэньня ў законе «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі» няма, сьцьвярджае псыхіятар Сяргей Папоў. У законе запісана, што кожны чалавек, які знаходзіцца на прымусовым лячэньні, як мінімум раз у 6 месяцаў абавязкова павінен праходзіць лячэбна-кансультацыйную экспэртызу.
«Звычайна гэта робяць некалькі лекараў, загадчык аддзяленьня і хтосьці з адміністрацыі. Яны ацэньваюць агульны псыхіятрычны стан пацыента, вызначаюць дыягназ. І калі яны з мэдычнага гледзішча прымаюць рашэньне, што чалавек вылечыўся, рыхтуюць дакумэнты, высновы — усё гэта перадаюць у суд. З мэдычнага, псыхіятрычнага гледзішча немагчыма лячыцца бясконца. Але я дапускаю, што сілавыя структуры што хочуць, тое і робяць. Бываюць, напэўна, канфліктныя моманты, калі лекары пішуць, што чалавек не патрабуе лячэньня. Але ўсё адно вырашаюць суды, пракуратура, КДБ — людзі ў пагонах. Увогуле тэма вельмі закрытая», — кажа экспэрт.
Сяргей Папоў таксама мяркуе, што лекары, якія працуюць у псыхіятрычных стацыянарах, дзе трымаюць палітзьняволеных, усё ж робяць сваю справу, аказваюць ім дапамогу.
«Як можна вызваліць чалавека зь лячэньня? Ніяк»
Лекар-псыхіятар паводле асноўнай адукацыі, былы турэмны доктар Васіль Завадзкі таксама знаёмы зь беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмай знутры. Ён кажа, што і ў лячэбных псыхіятрычных установах, і ў пэнітэнцыярных ёсьць жорсткія лекары кшталту «доктара Мэнгеле», але ёсьць і эмпатычныя дактары.
Завадзкі зьвяртае увагу на тое, што палітзьняволеныя, якіх накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, спачатку трапілі ў поле зроку праваахоўных органаў.
«То бок гэта не мэдычная ініцыятыва — накіраваць іх на лячэньне, а ініцыятыва „людзей ў пагонах“. Міліцыянтаў, сьледчых, пракурораў, супрацоўнікаў КДБ. Камісія з мэдыкаў толькі дае выснову, што чалавек мае „дыягназ“ і яму неабходнае прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Ну, а ўмовы нават у звычайных псыхіятрычных шпіталях складаныя, нават больш жорсткія, чым ў пэнітэнцыярных установах. Я ўжо не кажу аб прымусовым лячэньні», — перакананы Васіль Завадзкі.
Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што, адрозна ад зьняволеных у турмах і калёніях, накіраваныя на прымусовае лячэньне палітвязьні пазбаўленыя волі на нявызначаны тэрмін.
«Звычайных вязьняў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, рана ці позна вызваляюць. Пасьля заканчэньня тэрміну, па амністыі, па памілаваньні. А як можна вызваліць чалавека зь лячэньня? Ніяк. То бок яны не трапляюць ў сьпісы на памілаваньне, не трапляюць пад амністыю, пад умоўна-датэрміновае вызваленьне. Яны знаходзяцца ў такой „шэрай зоне“. Я б нават сказаў: у „чорнай зоне“», — кажа спадар Завадзкі.
Былы турэмны лекар таксама прызнае, што інфармацыю пра тое, у якіх ўмовах трымаюць палітвязьняў на прымусовым лячэньні, здабыць вельмі складана.
«У каго ёсьць сваякі — можа, лягчэй. Хто без сваякоў — то ўвогуле цяжка. Але і сваякі ня хочуць дзяліцца. Да таго ж ёсьць мэдычная таямніца. Што да сувязі з вонкавым сьветам, выкажу сваю думку: нават у звычайных псыхіятрычных установах забіраюць мабільныя тэлефоны. Сваякі могуць пазваніць, і калі мэдсястра будзе ў добрым настроі, яна можа і паклікаць пацыента. А ў закрытых установах — наўрад ці. Што да перапіскі, можа, палітзьняволеныя і маюць права адпраўляць лісты, але дзе ж яны возьмуць канвэрты? Няма ні грамадзкага кантролю, ні пацыенцкіх арганізацыяў — нічога. За турмамі больш кантролю, а туды калі і прыйдзе пракурор, лекары скажуць што захочуць — і ўсё. Тэма вельмі закрытая», — падсумоўвае Васіль Завадзкі.
Форум