У размове з журналістамі Дзьмітры просіць не называць свайго прозьвішча дзеля бясьпекі. Ён расказвае, што паходзіць з Берасьцейскай вобласьці. Нарадзіўся ў Берасьці, там жа пайшоў у школу. Пасьля бацькі Дзьмітрыя пераехалі жыць у вёску, школу заканчваў суразмоўца ўжо там.
Дзьмітры кажа, што прыкладна ў сёмай клясе школы зразумеў, «хто ён і што ён». Так суразмоўца апісвае сваю гомасэксуальную арыентацыю. Расказвае, што ў восьмай клясе пачаў весьці паблік, дзе расказваў пра людзей ЛГБТК+ супольнасьці, прыводзіў адметныя факты пра іх, выказваў сваю думку пра канфліктныя публічныя выпадкі, часам з доляй гумару. Свайго аблічча падпішчыкам Дзьмітры не паказваў, замест яго ў відэа ўдзельнічаў згенэраваны пэрсанаж.
«Бачыш, што гэта (інфармацыя пра гомасэксуальнасьць. — РС) не распаўсюджана, непапулярна, ёсьць тэндэнцыя да гамафобіі, і разумееш, што гэта ненармальна. Усе людзі розныя. Трэба, каб неперадузята ўсё было», — тлумачыць суразмоўца, чаму ён вёў тэматычныя сеткі.
Дзьмітры расказвае, што некаторыя аднаклясьнікі і сябры з часам даведаліся пра ягоную арыентацыю і рэагавалі на гэта хутчэй зь цікавасьцю.
Заўвага. Свабода змагла вэрыфікаваць некаторыя прыведзеныя ў аповедзе Дзьмітрыя факты, сапраўднасьць расказанай ім гісторыі таксама часткова пацьвярджаюць профільныя праваабарончыя арганізацыі. Рэшту зьвестак мы падаем са словаў героя публікацыі.
Цкаваньне ў каледжы
Пасьля школы Дзьмітры паступіў у адзін з каледжаў у Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся там на сьлесара і аўтамэханіка.
«Адсоткаў 60-70 навучэнцаў каледжу — падлеткі, якія ўжо мелі адміністрацыйную або крымінальную адказнасьць», — узгадвае ён сваё атачэньне таго часу.
Дзьмітры кажа, што не пачуваўся ў каледжы ў бясьпецы. У ягонай групе вучыўся былы аднаклясьнік, які нібыта жартаўліва расказаў пра арыентацыю Дзьмітрыя.
«Спачатку гэта былі непрыемныя жарты, падколы. Потым на занятках выкладчыкам адкрыта пачалі выкрыкваць: „А ў нас там сядзіць такі чалавек“ (нецэнзурнымі словамі. — РС). Выкладчыкі спачатку гаварылі, што так нельга казаць, а потым проста пачалі гэта ігнараваць. Быў адзін выкладчык вельмі клясны. Ён за мяне заступаўся, казаў: „Чалавек такім нарадзіўся. Вы таксама можаце любіць сястру, брата, свата, хто вам забараняе“», — успамінае хлопец.
З словаў суразмоўцы, паступова жарты перайшлі ў агрэсію, іншыя навучэнцы пачалі біць Дзьмітрыя. Білі гуртом у клясе, калі ніхто ня бачыў, «прабівалі сонейка» ў грудзі (удар, які зьбівае дыханьне і выклікае спазм дыяфрагмы. — РС).
«Пасьля гэтага была задышка паўтары гадзіны», — успамінае ён.
Дзьмітры гаворыць, што аднагрупнікі маглі ўдарыць яго мэталічнымі аўтадэталямі, якія стаялі ў клясе, штурхалі нагамі па нагах. На калідорах, дзе гэта маглі бачыць дарослыя, білі быццам гуляючы. У групе былі адныя хлопцы. Некаторыя («камфортныя спакойныя людзі, якія сядзяць у тэлефонах») спрабавалі за яго заступацца і прасілі пакінуць яго ў спакоі, але гэта не дапамагала.
«Баяўся кожны раз. Нават пры куратарах, выкладчыках не пачуваўся ў бясьпецы, бо ведаў, што яны нічога ня зробяць», — успамінае суразмоўца.
У выніку Дзьмітры пачаў прапускаць вучобу, сыходзіў з каледжу пасьля некалькіх заняткаў.
Псыхіятрычны шпіталь
За тры месяцы да канца вучобы Дзьмітрыя адлічылі з каледжу, расказвае ён. Перад гэтым, кажа, пабываў у закрытым псыхіятрычным шпіталі.
«Калі мне было жахліва — пабіцьцё, гэтая ўся дзікасьць — у мяне быў вельмі цяжкі стан, я ўвогуле нічога не хацеў, рабіў церазь сілу. І ў нейкі момант успомніў, што гарадзкая псыхалягіня гаварыла, што ёсьць магчымасьць легчы ў жабінкаўскі псыханэўралягічны аддзел, палячыцца там з тыдзень, хутка дапамогуць і ўсё. І я туды накіраваўся», — дзеліцца сваёй гісторыяй Дзьмітры.
Зь ягоных успамінаў, у шпіталі ён на другі тыдзень сапраўды стаў лепш сябе адчуваць.
«У мяне, аказваецца, была цяжкая дэпрэсія. Там а-ля санаторый быў. У горад свабодна выходзіш, у тэлефоне колькі хочаш сядзіш, трохразовае харчаваньне», — апісвае тыя дні суразмоўца.
У жабінкаўскім псыханэўралягічным аддзеле Дзьмітры, зь ягоных словаў, схадзіў да псыхоляга, расказаў аб праблемах у каледжы. Суразмоўца кажа, што пасьля гэтага яго перавялі ў закрыты псыхіятрычны шпіталь у вёсцы Магілёўцы Пружанскага раёну (Берасьцейская абласная псыхіятрычная лякарня «Магілёўцы». — РС), хоць ён казаў, што пачуваецца лепш, і прасіў аб выпісцы.
«Там кшталту канцлягеру. Я не разумеў, куды я еду. Але суседзі ў палаце (у Жабінцы. — РС) гаварылі: „Дай Бог табе сілаў там вытрымаць“», — характарызуе ўмовы ў Магілёўцах Дзьмітры.
Суразмоўца ня можа адказаць на пытаньне, колькі часу ён правёў у Магілёўцах. Дзьмітры расказвае, што ня меў календара і спрабаваў пазначаць праведзеныя дні на падваконьні. Дні ў ізаляцыі, з словаў Дзьмітрыя, цягнуліся як тыдні.
«У цябе забіраюць усе рэчы, цалкам разьдзяваюць да майткоў. Выдаюць паласатую робу, на два памеры большую за цябе. Нічога для асабістай гігіены не далі. Вядуць у аддзяленьне. Там усё строга, усё закрыта, усюды краты. У адной палаце ад 9 да 16 чалавек», — апісвае ўмовы ў абласным шпіталі Дзьмітры.
Паводле суразмоўцы, першую ноч ён правёў у агульнай палаце. Пасьпеў паўдзельнічаць у так званай «працатэрапіі», калі пацыенты прыбіралі памяшканьне, праціралі пыл, выносілі сьмецьце, зграбалі лісьце на двары.
Кармілі тройчы на дзень звычайнай шпітальнай ежай, але, з словаў суразмоўцы, вельмі маленькімі порцыямі. Адна мэдсястра ставілася да хлопца прыязна, размаўляла зь ім, прыносіла яму крыху больш ежы, частавала кавай.
Штодня Дзьмітрыю мералі ціск, пыталіся пра самаадчуваньне. Але часам яму рабілі іньекцыі, пасьля якіх ён пачуваўся дзіўна. Іншыя падлеткі, якія ляжалі ў шпіталі, потым расказалі Дзьмітрыю, што яму калолі галяпэрыдол і сібазон, але лекары яму не паведамлялі назвы прэпаратаў. У часе гэтых працэдураў Дзьмітрыя прывязвалі за рукі і ногі да ложку.
«Калі ты кепска адказваеш, упіраесься, ціха гаворыш, яны такія: „Усё зразумела. Ідзі ў пакой з прэпаратамі або ў палату, мы зараз прыйдзем“», — успамінае суразмоўца.
Дзьмітры дадае, што яго стан пасьля іньекцыяў спачатку нагадваў алькагольнае ап’яненьне.
«Ты ляжыш, расьцёкся па ложку, пачуцьцё эўфарыі. Потым усё сьвярбіць у суставах, каленях, ты ня можаш нармальна сядзець. У цябе пачынаецца панічка (панічная атака. — РС), і ты думаеш, што з табой адбываецца. А потым ты ўвогуле нічога ня можаш падумаць, як бы ні стараўся. У рэшце рэшт ты проста засынаеш або агрэсуеш. У цябе навязьлівыя думкі, быццам нехта табе нешта гаворыць, шэпча, або нешта табе мроіцца, асабліва перад сном», — расказвае пра свой стан пасьля іньекцыяў Дзьмітры.
З словаў хлопца, яму было вельмі кепска адразу пасьля выхаду з шпіталю. Дактары перадалі рэцэпт на лекі, якія хлопцу трэба было прымаць, ягоным родным. Аднак бацька, з словаў Дзьмітрыя, не перадаў яму ані рэцэпту, ані прэпаратаў. Той пэрыяд суразмоўца называе пеклам. Цяпер хлопец не кантактуе зь сям’ёй.
Супраца зь міліцыяй
Дзьмітры расказвае, што знайсьці сабе адэкватнага партнэра ў Беларусі, калі ты гомасэксуал, складана.
«Калі хтосьці шукае задавальненьня за грошы, то на такіх лёгка наткнуцца. Але кагосьці рэальна добрага знайсьці цяжка. Былі такія месцы, як тэлеграм-бот, нейкая тэматычная аплікацыя „ЎКантакце“. Але цяпер там ціха стала. Гэта быў год 2018, калі ў групах яшчэ можна было кагосьці знайсьці, хтосьці больш адкрытым быў. Гэта скончылася», — зазначае суразмоўца.
На думку Дзьмітрыя, цяпер у Беларусі нельга паказваць на людзях, што вы аднаполая пара, трэба быць «партызанам». Больш-менш адасобіцца можна ў нялюдных парках, пасядзець разам на лаўцы.
«Хадзіць за ручку, рабіць нейкую тактыльнасьць — не. Ходзіце, размаўляеце — гэта ўсё, нічога больш ня можаце зрабіць, бо людзі калясаўковага меркаваньня… Паўсюль ёсьць вочы. Людзі лаяцца маглі», — расказвае хлопец.
Ён адзначае, што ў Беларусі меў пастаяннага партнэра. Але цяпер ягоны хлопец ня можа зрабіць візу і выехаць за мяжу.
Дзьмітры расказвае, што ўвесну 2026 году, калі ён быў дома ў сяброўкі, да іх прыехалі міліцыянты, тэлефон Дзьмітрыя забралі на экспэртызу. Прычыну ён ня ведае. Калі празь некалькі дзён прыйшоў забіраць прыладу, то ўбачыў там «кучу палітыкі, лайкаў, падпісак», хоць ён перакананы, што аддаваў тэлефон «чыстым» і сам на забароненыя ў Беларусі каналы не падпісваўся і не рэагаваў.
У выніку Дзьмітрыя, зь ягоных словаў, змусілі да супрацы зь міліцыяй, пужалі тым, што завядуць крымінальную справу. На просьбу міліцыянтаў Дзьмітры мусіў шукаць іншых геяў і перадаваць інфармацыю пра іх сілавікам.
«Гавораць так: „Твая задача знаходзіць людзей, дзе жывуць, колькі гадоў, імя, прозьвішча, адрасы. І мне на кожнай гутарцы ўсё гэта расказваеш, перадаеш. Можаш рабіць відэа, скрыншоты, што заўгодна можаш рабіць, абы была інфармацыя“», — пераказвае суразмоўца словы сілавікоў.
Дзьмітры кажа, што прыходзіць у міліцыю і паведамляць інфармацыю ён меўся кожную пятніцу. У канцы яму давалі падпісаць паперу, якую ён, зь яго словаў, не чытаў і ня ведаў, чаго яна датычыла.
«Падпішы, таму што ў нас усё прайшло добра, нічога не здарылася, і ты быў паслухмяны», — пераказвае словы міліцыянтаў хлопец.
Дзьмітрый падкрэсьлівае, што паведамляў мінімальную інфармацыю пра людзей ЛГБТК+ супольнасьці. Прыкладам, называў імя бяз прозьвішча, раён жыхарства без канкрэтнай мясцовасьці, а часам сам папярэджваў тых, пра каго расказаў сілавікам.
«Я разумеў, на каго я працую і хто за мной стаіць. Але даверу да іх асаблівага не было. Бо яны маглі сказаць адно, ты для іх працу зробіш, а потым цябе проста пазбавяцца, куды-небудзь запруць», — кажа суразмоўца.
Дзьмітры ведае пра аднаго чалавека, які пацярпеў ад ягоных дзеяньняў. Аднойчы ён дамовіўся на сустрэчу зь іншым гомасэксуалам, а інфармацыю пра месца сустрэчы перадаў сілавікам паведамленьнем у Viber. Калі яны ішлі па вуліцы, да іх пад’ехалі міліцыянты і затрымалі гэтага хлопца, а Дзьмітрыя не чапалі. Ягонага далейшага лёсу Дзьмітры ня ведае.
Цяпер і партнэр Дзьмітрыя ў Беларусі мае праблемы зь сілавікамі, але Дзьмітры кажа, што не здаваў яго, хоць і не папярэдзіў пра сваю супрацу з міліцыяй.
«Калі мянты мяне прымусілі шукаць такіх жа, як я, і здаваць, мы зь ім (зь ягоным партнэрам. — РС) былі знаёмыя, і я нібыта павінен быў яго здаць. Але я яму проста прызнаўся ў пачуцьцях», — расказвае суразмоўца.
Пасьля сваркі з бацькамі Дзьмітры каля месяца пажыў у сяброўкі, а потым зьехаў з краіны, маючы гуманітарную візу.
«Калі б я застаўся, мне было б горш. Бо калі ўжо працуеш на мянтоў, разумееш, што будзеш далей працаваць на іх», — пералічвае прычыны пераезду ён.
Цяпер Дзьмітры жыве ў лягеры для ўцекачоў. Ён хоча зьняць сваё жытло і знайсьці працу, але дзеля гэтага яму трэба выбрацца зь лягеру, зазначае ён. Фінансава яму цяпер ніхто не дапамагае.
«Я тут максымальна адзін. Хацеў забраць сюды свайго хлопца, але не атрымліваецца», — кажа ён.
Фонд BySol ладзіць збор для Дзьмітрыя, каб ён мог зьняць сабе кватэру і пражыць першы час, пакуль ня знойдзе працу.
Форум