Аднаму далі статус уцекача, а другому — не
Беларус Андрэй Саром і расеец Аляксей Бачынскі разам 15 гадоў. Жывуць у Баўгарыі з 2022 году. Аляксей працаваў журналістам у Расеі. У Баўгарыі ён атрымаў статус уцекача.
Андрэй — мастак-кераміст зь Менску. Яго сёлета ў ліпені чарговы раз адмовіліся легалізаваць у Баўгарыі. Маўляў, на радзіме яму нічога не пагражае. Не дапамагла і спроба ўзьяднацца зь сям’ёй, бо Андрэй расьпісаны з мужчынам. Сужэнства, якое афармлялі ў Даніі, не прызнаюць ні ў Баўгарыі, ні ў Беларусі, ні ў Расеі.
Саром расказваў, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у жнівеньскіх пратэстах у Менску. Аднак фатаздымкаў не рабіў дзеля бясьпекі. У некаторых эўрапейскіх краінах гэтыя фота сьведчаць, што чалавеку сапраўды пагражае турма ў Беларусі. Гэта дапамагае атрымаць міжнародную абарону. У Баўгарыі пара выходзіла на антываенныя акцыі супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Фатаздымкі зь імі зьяўляліся ў сеціве. За гэта таксама можа пагражаць перасьлед у Беларусі.
Андрэй мяркуе, што цяпер ехаць у Беларусь для яго небясьпечна.
«Думаю, мяне арыштуюць адразу на мяжы. У мяне няма сумневаў, што калі я і ня быў у сьпісах, калі зьяжджаў, то цяпер дакладна ёсьць пасьля такой колькасьці публікацыяў (у мэдыя. — РС). Я гаварыў пра свой удзел у пратэстах, пра свае палітычныя погляды», — расказваў раней Андрэй.
Прызнаваць аднаполыя шлюбы прынамсі з мэтай абароны
4 сьнежня адміністрацыйны суд Сафіі (Баўгарыя) скасаваў ранейшае рашэньне Дзяржаўнага агенцтва ў справах уцекачоў, якое адмовілася даваць статус уцекача беларусу Андрэю Сарому сёлета ў ліпені. Справу накіравалі на новы разгляд. Рашэньне можна абскардзіць цягам 14 дзён.
Сярод прычынаў новага рашэньня — Агенцтва ў справах уцекачоў не ўлічыла, што суд Эўразьвязу абавязвае прызнаваць аднаполыя сужэнствы, якія афармляюць у іншых краінах, калі гэта неабходна прынамсі для мэтаў міжнароднай абароны, нават калі нацыянальнае права не дапускае аднаполых шлюбаў.
Таксама ў судзе адзначылі, што раней Агенцтва ў справах уцекачоў ня вывучыла паўнавартасна асабістую сытуацыю Сарома і яго сужэнца. Суд указаў, што Агенцтву неабходна ўлічваць зарэгістраванае сужэнства, наяўны статус уцекача аднаго з сужэнцаў, рызыкі перасьледу для людзей з ЛГБТК+ супольнасьці ў Расеі і Беларусі.
«Наперадзе яшчэ доўгая бітва»
Андрэй Саром у камэнтары Свабодзе адзначыў, што гэтае рашэньне на ягоную карысьць.
«Гэта вельмі добрая навіна», — кажа ён.
Аднак ён зьвяртае ўвагу, што суд разглядаў выпадак менавіта двух грамадзян Эўразьвязу, чый аднаполы шлюб трэба прызнаваць у трэціх краінах, калі ёсьць пытаньне бясьпекі. Аднак яны з Аляксеем не грамадзяне дзяржаваў Эўразьвязу.
«Тым ня менш, калі трактаваць дух закону, а ня літару, то гэта таксама станоўчая зьмена для нас», — кажа ён.
Аднак беларус мяркуе, што Агенцтва ў справах уцекачоў у Баўгарыі, імаверна, будзе аспрэчваць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе. Гэты працэс, паводле яго, можа заняць прыкладна паўгоду.
«У рашэньні амаль не разглядаюць маіх асабістых абставінаў, але прызнаюць, што я сямейнік Лёшы і яго статус павінен распаўсюдзіцца на мяне. Гэта лягічная форма рашэньня, бо судзьдзя абмяркоўвае самую відавочную зь яго гледзішча акалічнасьць, якой дастаткова, каб разьвязаць справу. Але, на жаль, менавіта ў гэтым пытаньні Агенцтва ў справах уцекачоў і ўся баўгарская дзяржава максымальна ўпрэцца. Так што нам трэба будзе змагацца яшчэ доўга», — думае Андрэй.
Беларус дадае, што нават калі ён выйграе справу ў Вярхоўным судзе, гэта ня будзе азначаць атрыманьня статусу ўцекача, а толькі тое, што справу вярнуць зноў у агенцтва, каб яно вынесла новае рашэньне. Ён заўважае, што на практыцы агенцтва ігнаруе рашэньні нават Вярхоўнага суду.
«Сярод маіх знаёмых уцекачоў у Баўгарыі ёсьць ужо каля дзесяці чалавек, якія атрымалі новую адмову агенцтва пасьля абодвух выйграных судоў. Далей на гэтую новую адмову зноў падаюць апэляцыю ў суды, і ўжо ёсьць выпадкі, калі новы судзьдзя выносіў нэгатыўнае рашэньне, якое пацьвярджае адмову агенцтва, нягледзячы на выйграныя ўцекачом раней суды. Таму, хоць я і радуюся гэтай перамозе, але наперадзе яшчэ доўгая бітва», — заўважае Андрэй.
Форум