Ня толькі Быхаў. Чабурашка з залатым канём і трохмэтровая жанчына за паўмільёна: Якія скульптуры сёлета паставілі ў Беларусі

Скульптура «Жанчына-маці» ў Быхаве
Скульптура «Жанчына-маці» ў Быхаве
Слухаць
8 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Зьяўленьне скульптуры «Жанчына-маці» ў Быхаве выклікала скандал, цяпер аўтар яе дарабляе. Мы паглядзелі, якія яшчэ скульптуры сёлета ставілі ў Беларусі.

У пачатку лістапада ў Быхаве Магілёўскай вобласьці зьявілася скульптура «Жанчыне-маці», якую зрабіў скульптар Аляксандар Мінькоў. Гэта кампазыцыя выклікала хвалю крытыкі ў сацыяльных сетках: людзі ўгледзелі ў жанчыны ненатуральна вывернутую шыю, яна глядзіць у бок пад дзіўным кутом.

Карыстальнікі сацыяльных сетак раскрытыкавалі і вобраз, у якім выяўляюць жанчыну: старая сукенка-мяшок, дзьве нязграбныя касы. Маўляў, сучасныя жанчыны выглядаюць зусім інакш.

Праз тыдзень пасьля зьяўленьня скульптуру вырашылі дапрацаваць, бо «эскіз разыходзіцца са зробленым праектам».

«Падчас адкрыцьця было выяўлена разыходжаньне паміж фактычным выкананьнем твора і эскізным праектам. У цяперашні час аўтар праводзіць работы для дапрацоўкі скульптуры з мэтай прывесьці яе ў адпаведнасьць з эскізам», — расказала ў этэры дзяржаўнага тэлеканала загадчыца сэктару культуры Быхаўскага райвыканкаму Людміла Кечык. 19 лістапада стала вядома, што скульптуру перарабілі.

Колькі каштаваў гэты культурны аб’ект, невядома, скульптар упэўніваў, што працаваў за так, а ўлады аплацілі толькі кавалак граніту. Быхаўская кампазыцыя зьявілася, сярод іншага, таму, што сёлета ўлады абвесьцілі «Год жанчыны».

І яна сёлета ў Беларусі такая не адна. Глядзім, якія яшчэ новыя скульптуры зьявіліся нядаўна на вуліцах і ў парках беларускіх гарадоў.

Трохмэтровая жанчына ў Койданаве

Да абвешчанага ўладамі Году жанчыны жаночую скульптуру ўсталявалі таксама ў Койданаве (Дзяржынску) пад назвай «Імя ёй — жанчына». Гэта трохмэтровая фігура, якая трымае ў руках калосьсе.

На адкрыцьці скульптуры кіраўнік Менскага аблвыканкаму Аляксей Кушнарэнка заявіў, што арт-аб’ект сымбалізуе сабой «зборны вобраз беларускай жанчыны, якая ўва ўсе часы была захавальніцай духоўных, маральных і сямейных каштоўнасьцяў».

Манумэнт вырабілі скульптар Канстанцін Касьцючэнка і архітэктар Уладзімер Архангельскі. Як вынікае з тэндэру, разьмешчаным на сайце дзяржаўных закупаў, праца каштавала больш за паўмільёна — 573 906 рублёў. На адкрыцьці твору кіраўнік Менскай вобласьці дзякаваў нейкім мэцэнатам, аднак у тэндэры наўпрост напісана, што крыніца фінансаваньня — бюджэтныя сродкі.

І зноў Мінькоў

Сёлета ў верасьні ў Касьцюковічах Магілёўскай вобласьці зьявілася скульптура «Алесь і Алеся», створаная на матыў лірычных твораў Аркадзя Куляшова. Юнак і дзяўчына, якія абдымаюцца, у руках у юнака кніга. Твор прысьвяцілі Дню беларускага пісьменства.

Гэтую кампазыцыю рабіў магілёўскі скульптар Аляксандар Мінькоў, ён жа аўтар спрэчнай скульптуры ў Быхаве.

Згодна з сайтам дзяржаўных закупаў, кампазыцыя абышлася ў 49 034 рублі бюджэтных грошай. За тэндэр змагаліся два індывідуальныя прадпрымальнікі і дзьве арганізацыі — юрыдычныя асобы.

Краты-шахтары ў Салігорску

У канцы жніўня да Дня гораду ў Салігорску ўсталявалі 4 арт-аб’екты — фігуры кратоў. Усе яны розныя: два нібыта вылазяць з-пад зямлі, адзін стаіць, падняўшы лапу ў вітальным жэсьце, яшчэ адзін у лапах трымае рыдлёўку.

Кратоў зрабіла прыватная кампанія «Карпарацыя дэкору», якая займаецца падобнымі аб’ектамі. Стваральнікі кажуць, што кампазыцыі рабілі з дапамогай штучнага інтэлекту і 3D-мадэляваньня. Цану не называлі, тэндэру на гэты аб’ект на сайце дзяржаўных закупаў таксама няма.

Чабурашка і залаты конь у Наваполацку

У жніўні ў Наваполацку зьявілася адразу дзьве скульптуры: Чабурашка і залаты конь. Чабурашка стаіць у тэматычнай лякацыі — каля крамы «Дзіцячая», ён невялікага росту. Нібыта гэта задумана, каб дзецям было зручней разглядаць аб’ект.

Залатога каня паставілі каля Дому гандлю, кампазыцыя зробленая зь медных канструкцыяў залацістага колеру. Конь цягне воз з вадой.

На сайце дзяржаўных закупаў на гэтыя кампазыцыі не было тэндэраў, цана не агучвалася.

«Сустрэча сяброў» у Менску

Сёлета ў траўні ў Менску паставілі скульптуру «Сустрэча сяброў». Кампазыцыя зьявілася на Лагойскім тракце, каля сядзібы Таварыства паляўнічых і рыбакоў. Гэта рыбак, паляўнічы, сабака і кот. Пры гэтым сабака належыць да адзінай нацыянальнай пароды — ганчак, упершыню адліты ў бронзе. Іншыя фігуры кампазыцыі — зборны вобраз. Аўтары скульптуры Кацярына Зантарыя і Паліна Багданава, архітэктар Юры Градаў.

Цана кампазыцыі не абнародавалася.

«Чыноўнік вырашае, за які час мастак павінен нешта зрабіць»

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла з скульптарам і папрасіла яго ацаніць новыя кампазыцыі, якія зьявіліся ў розных гарадах. На ягоную думку, некаторыя зь іх выглядаюць някепска, але «недароблена».

«У Дзяржынску добрая праца, але жанчына без вачэй выглядае жудасна. Прэзэнтавалі яе жанчынам, відавочна, для галачкі. Відаць, што яе задумвалі як багіню палёў, урадлівасьці, зямлі. Ня бачна ў ёй жанчыны як чалавека, хутчэй — нешта містычнае. Алеся з Алесем — гэта тая ж рука, што і ў скульптуры ў Быхаве. Няма мастацкага рашэньня, выкананьне выклікае сумневы. Краты добрыя, добры кіч, выглядаюць танна. Чабурашка страшнаваты, але стаіць на сваім месцы — у дзіцячай краме. Конь — з шэрагу кічу, але не дацягвае. Такія працы добра пасуюць невялікім мястэчкам, але не гарадзкой прасторы. У іх няма мастацкай каштоўнасьці, няма стылю. Яны не працуюць з прасторай, ня ёсьць яе часткай», — мяркуе суразмоўца.

На ягоную думку, праблема не ў мастацкім складніку, а ў падыходзе чыноўнікаў. Узгадненьне займае больш часу, чым беспасярэдняя праца з аб’ектамі.

«Ёсьць добрыя працы і мастакі. Прычына ў тым, што людзі, якія займаюцца адміністраваньнем, пачынаюць думаць, што менавіта яны павінны прымаць канчатковае рашэньне, хоць некампэтэнтныя ў мастацкіх пытаньнях. Цяпер склалася такая тэндэнцыя, калі чыноўнік вырашае, за які тэрмін трэба зрабіць тую ці іншую мастацкую працу і за якую суму. Звычайна гэта месяц і, наколькі мага, бясплатна.

Павінна быць плянаваньне. А ў нас абвясьцілі „Год беларускай жанчыны“ і толькі пасьля гэтага пачалі думаць, што будзем рабіць. Звычайна ўсё гэта ператвараецца ў паўгода ўзгадненьняў, а ў апошні месяц-два кажуць: рабіце», — гаворыць суразмоўца.

​
XS
SM
MD
LG