Новыя абмежаваньні прынятыя з улікам Рэглямэнту № 269/2014 ад 17 сакавіка 2014 году, які гаворыць пра абмежавальныя захады ў сувязі зь дзеяньнямі, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны.
Гэтым разам да санкцыйнага сьпісу дадалі 12 фізычных і 101 юрыдычную асобу, пераважна з Расеі.
У санкцыйны пералік унесьлі 49 банкаў і іншых крэдытных арганізацый, у тым ліку плацёжны сэрвіс «ЮMoney» і банк «Юністрым», які кіруе аднайменнай сыстэмай грашовых пераказаў і знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з 2023 году.
У пералік трапілі заснавальніца Wildberries Тацяна Кім і найбуйнейшы акцыянэр Ozon Аляксандар Чачава, якому належыць 34,95% акцый рынкавай пляцоўкі.
Акрамя таго, пад эўрапейскія санкцыі цяпер трапляюць сыстэмы звадкаваньня і перапрацоўкі газу, што працуюць ў спэцыяльнай эканамічнай зоне «Усьць-Луга», зьвязанай з портам, празь які беларускія дзяржаўныя кампаніі цяпер перавальваюць свае тавары.
У пералік уключылі й сем расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, а таксама Пецярбурскі нафтавы тэрмінал. Яны зазнаюць рэгулярных удараў украінскіх войскаў, якія імкнуцца зьменшысьць пастаўкі паліва расейскім жаўнерам на фронт ува Ўкраіну.
Уплыў на Беларусь
Якраз з украінскімі абстрэламі, зробленымі ў адказ на няспынныя атакі на цывільныя ўстановы і жылыя дамы Ўкраіны, зьвязаныя апошнія навіны пляцоўкі Wildberries. Тая моцна пацярпела ад украінскіх адказаў. Украінскі бок сьцьвярджаў, што праз плятформу расейцы перадаюць у тым ліку складнікі для зброі. Сама плятформа гэтага не запярэчвала, адкрыта разьмяшчаючы на сваіх старонках у сеціве катэгорыю тавараў «усё для СВА» («спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як Крэмль называе вайну супраць Украіны — заўв. Свабоды). Пасьля ўкраінскіх атак катэгорыю прынялі з старонкі, але ўкраінскае вайсковае камандаваньне сьцьвярджала, што прасоўваць такія тавары не перасталі.
Беларускія кампаніі, чые тавары пацярпелі на складах у Расеі, зьвярнуліся ў Міністэрства эканомікі па дапамогу ў атрыманьні кампэнсацый. Перад ударамі Wildberries зьмяніў умовы ўтрыманьня тавараў і адмовіўся ад адказнасьці за захаванасьць тавараў.
У Менскім зьвязе прадпрымальнікаў і працадаўцаў страты ацанілі як «вельмі істотныя для беларускай эканомікі». Расейскія гандлёвыя пляцоўкі Wildberries і Ozon займаюць амаль палову рынку электроннага гандлю Беларусі.
Порт ува Усьць-Лузе неаднаразова зазнаваў украінскіх атак. Апошняя зь іх адбылася якраз 16 лістапада. Згарэлі сама меней 5 рэзэрвуараў з нафтапрадуктамі, а побач зь іншымі на спадарожнікавых здымках можна пабачыць пену для тушэньня пажару.
Пасьля накладаньня санкцыяў на Беларусь Усьць-Луга стала асноўным портам для беларускага экспарту нафтапрадуктаў і мінэральных угнаеньняў. 19 лютага 2021 году ўрады Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб транспартаваньні нафтапрадуктаў праз гэты порт адразу на тры гады.
Агулам беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць 20 расейскіх партоў для паставак сваёй прадукцыі.
Форум