Нарвэгія забараніла спартоўцам зь Беларусі і Расеі ўезд у краіну для ўдзелу ў спаборніцтвах

Осла, сталіца Нарвэгіі. Ілюстрацыйнае фота
Осла, сталіца Нарвэгіі. Ілюстрацыйнае фота

Урад Нарвэгіі заявіў, што не дазволіць спартоўцам з Расеі і Беларусі, а таксама іх суправаджальнікам, уяжджаць на тэрыторыю краіны для ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

Як паведаміла агенцтва Reuters, урад ухваліў гэтае рашэньне пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт і некаторыя міжнародныя фэдэрацыі ў апошнія месяцы аднавілі ўдзел Расеі ў міжнародных спартовых падзеях пасьля ранейшай забароны, выкліканай расейскім ваенным уварваньнем ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Рашэньне, якое «неўзабаве» набудзе моц, можа паўплываць на ўдзел Беларусі і Расеі ў некалькіх спаборніцтвах Кубку сьвету гэтай зімой, у тым ліку на адкрыцьцё спаборніцтваў у скачках з трампліну ў Лілегамэры (Нарвэгія) з 20 па 22 лістапада.

«Расейскі элітны спорт шчыльна зьвязаны з расейскімі ўладамі і дзяржаўнымі структурамі. Таму ўрад уважае, што ўдзел Расеі ў міжнародных відах спорту нельга разглядаць асобна ад працяглай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. Беларусь падтрымлівала і ўспамагала вайну Расеі», — адзначаецца ў заяве нарвэскага ўраду.

Раней аналягічныя рашэньні ўхвалілі ўрады Канады і Фінляндыі.

Што папярэднічала

Спартоўцы Расеі і Беларусі сутыкнуліся з шырокімі абмежаваньнямі ў міжнародным спорце з таго часу, як Расея пачала паўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, прычым Беларусь служыла пляцдармам для расейскіх войскаў.

Асноўныя спартовыя арганізацыі Швэцыі падтрымліваюць захады дзеля перадухіленьня ўдзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах у краіне, зазначаючы пры гэтым, што рашэньні аб візах і ўезьдзе прымае ўрад.

Швэдзкая лыжная асацыяцыя заявіла, што з моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну яна трымаецца той жа пазыцыі: спартоўцы з Расеі і Беларусі павінны быць выключанымі з міжнародных спаборніцтваў, пакуль працягваецца вайна.

Чаму гэта важна

Некаторыя міжнародныя спартовыя фэдэрацыі дапусьцілі зборныя Беларусі на свае турніры, іншыя захоўваюць абмежаваньні, зьвязаныя з вайной Расеі супраць Украіны, якую падтрымлівае афіцыйны Менск.

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і ад 28 сакавіка 2023 году стасоўна Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Пасьля гэтага абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў зьнялі фэдэрацыі ў наступных відах спорту: аўтамабільныя гонкі, барацьба, бокс, валейбол, веславаньне на байдарках і каноэ (з 2027 году), гандбол, гімнастыка, конны спорт, настольны тэніс, ветразевы спорт, роварны спорт, стральба з лука, студэнцкі спорт (унівэрсіяды), сучаснае пяціборства, фэхтаваньне, хакей на траве, цяжкая атлетыка, шахматы.

У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца толькі ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў: мужчынскага юніёрскага чэмпіянату сьвету ў найвышэйшым дывізіёне, жаночага юніёрскага ў трэцім дывізіёне і жаночага дарослага — у чацьвёртым. Да галоўных турніраў — мужчынскага чэмпіянату сьвету і моладзевага (для гульцоў да 20 гадоў) чэмпіянату сьвету — доступу не далі.

У скалалазеньні і тэнісе беларусам дазволілі выступаць толькі паасобку і ў нэўтральным статусе. У стралецкім спорце ў нацыянальным статусе могуць выступаць толькі юніёры.

Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі па-ранейшаму цалкам забараняе беларускім спартоўцам удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах — нават паасобку і ў нэўтральным статусе.

Нядаўна Міжнародная фэдэрацыя тэнісу (IFT) захавала прыпыненьне сяброўства Фэдэрацыі тэнісу Расеі і Фэдэрацыі тэнісу Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG