На кангрэсе ў нямецкім Берхтэсгадэне Міжнародны зьвяз біятляністаў (IBU) пацьвердзіў рашэньне аб прадаўжэньні прыпыненьня ўдзелу расейскіх і беларускіх біятляністаў у спаборніцкім сэзоне 2026/27.
У Берхтэсгадэне біятлённыя ўлады афіцыйна пацьвердзілі, што расейскія і беларускія біятляністы застануцца дыскваліфікаванымі.
У чэрвені 2026 году Саюз біятляністаў Расеі накіраваў у IBU дакумэнты пра выкананьне умоў недатычнасьці да вайны супраць Украіны і да расейскага войска.
Паводле інфармацыі праўленьня IBU, створаная спэцыяльная маніторынгавая група ня выявіла істотных зьменаў, якія б апраўдвалі зьмяненьне статусу абедзьвюх фэдэрацый, якім забаронена ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах з 2022 году. У расейскіх дакумэнтах знайшлі неадпаведнасьці.
Рэакцыя Ўкраіны
Фэдэрацыя біятлёну Ўкраіны ўхваліла пастанову IBU.
«Для нас важна, каб рашэньне, прынятае ў 2022 годзе, заставалася ў сіле і сёньня. Мы будзем працягваць сачыць за гэтым пытаньнем і інфармаваць IBU аб тым, што насамрэч адбываецца.
Чаму гэта важна
Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.
7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.
Пасьля гэтага абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў ужо зьнялі фэдэрацыі ў наступных відах спорту: аўтамабільныя гонкі, барацьба, бокс, валейбол, веславаньне на байдарках і каноэ (з 2027 году), гандбол, гімнастыка, конны спорт, настольны тэніс, парусны спорт, роварны спорт, стральба з лука, студэнцкі спорт (унівэрсіяды), сучаснае пяцібор’е, фэхтаваньне, хакей на траве, цяжкая атлетыка, шахматы.
У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца толькі ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў: мужчынскага юніёрскага чэмпіянату сьвету ў найвышэйшым дывізіёне, жаночага юніёрскага ў трэцім дывізіёне і жаночага дарослага — у чацьвёртым. Да галоўных турніраў — мужчынскага чэмпіянату сьвету году і моладзевага чэмпіянату сьвету (для гульцоў да 20 гадоў) — доступу не далі.
У скалалажаньні і тэнісе беларусам дазволілі выступаць толькі паасобку і ў нэўтральным статусе. У стралковым спорце ў нацыянальным статусе могуць выступаць толькі юніёры.
Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі па-ранейшаму цалкам забараняе беларускім спартоўцам удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах — нават паасобку і ў нэўтральным статусе.
Форум