— Беларусі на зімовай Алімпіядзе ў Італіі фактычна няма. Гэта пакараньне для рэжыму ці трагедыя для спартоўцаў?
— Я думаю, што гэта 50 на 50. І для рэжыму, і для спартоўцаў, якія ня могуць спаборнічаць з наймацнейшымі ў сьвеце, — гэта, вядома, трагедыя.
— Што за гады ад апошняй Алімпіяды страціў беларускі спорт?
— Я буду казаць пра сваё, пра лыжы і біятлён. Канешне ж, гэта спаборніцтвы з найлепшымі лыжнікамі і біятляністамі. Калі лыжнікі, магчыма, і не былі канкурэнтаздольныя, то ў біятлёне Беларусь магла б змагацца. Таксама важнае пытаньне змазкі. За мяжой ужо чатыры гады не выкарыстоўваюцца флёравыя. Калі б вяртаньне адбылося адразу, то і адразу была б параза. Калі ты спаборнічаеш на такіх хуткасьцях, то вельмі складана ўліцца ў гэтую раку. Патрэбны год ці паўтара, магчыма сэзон. Нават калі зараз вярнуцца, будзе вялізная прорва.
— Ці захавалася ў Беларусі сыстэма падрыхтоўкі спартоўцаў? Ці ўсё трымаецца на асобных энтузіястах?
— Я думаю, што нічога не зьмянілася. Як была сыстэма ручнога кіраваньня, так і засталася. Яна апошнія 6-7 гадоў толькі дэградуе. Спартыўныя школы закрываліся. Ёсьць Раўбічы — адзін з лепшых цэнтраў у сьвеце, але няма паліва, няма прытоку людзей, няма адбору. Вельмі мала людзей.
— Як вы ставіцеся да ўдзелу беларускіх спартоўцаў у нэўтральным статусе? Гэта кампраміс ці прыніжэньне?
— Я лічу, што гэта кампраміс. Спартоўцы радыя, што ўвогуле могуць удзельнічаць. Што яны адчуваюць усярэдзіне — лепш пытацца ў іх. Я магу казаць толькі за сябе.
— А калі ўявіць, што вы самі выступалі б без сьцяга. Каго тады прадстаўляе спартовец?
— Усё роўна ведаюць, адкуль ты. Так, ня будзе сьцяга і гімна, асабліва калі выйграеш мэдаль. Але ў цэлым спартоўцы бегаюць і бегаюць. Гэта не так моцна адчуваецца, як можа здавацца з боку. Для спартоўцаў проста важна, што яны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах.
— Ці прагназуеце вы мэдалі для беларускіх спартоўцаў у Італіі?
— У лепшым выпадку — фрыстайл. Астатняе — гэта хутчэй удзел і спроба паказаць, што спорт у Беларусі яшчэ не памёр.
— Ці мае сэнс вялікае фінансаваньне спорту, калі спартоўцы пад санкцыямі і не дапускаюцца да буйных стартаў?
— У Беларусі зараз не да тлушчу. І раней на спорт марнавалі занадта шмат, таму што адзін чалавек гэтым хварэў — усё было ў ручным кіраваньні. Датацыі ні да чаго добрага не прыводзяць. Спорт павінен разьвівацца па рынкавых прынцыпах: ёсьць вынік — ёсьць разьвіцьцё.
— Вы жывяце і працуеце ў Польшчы. Наколькі там іншая сыстэма?
— Галоўнае адрозьненьне — клюбная сыстэма. Любы можа адкрыць клюб, і калі ты паказваеш рэзультат, атрымліваеш датацыі. Фэдэрацыя ці міністэрства не можа ціснуць, калі нешта захочуць зрабіць з клюбам. Ты працуеш так, як лічыш патрэбным. Гэта ключавая розьніца.
— Вы вымушана апынуліся за мяжой, рыхтуеце спартоўцаў і сваю дачку. Наколькі складана заставацца ў прафэсійным спорце без сваёй дзяржавы?
— У мяне прайшло ўсё даволі лёгка. Праз паўгода я ўжо працаваў у Фэдэрацыі біятлёну. Ужо трэці год працую ў спартыўнай школе-інтэрнаце. Дачцэ цяжэй, яна вымушаная працаваць пасьля трэніровак, каб сябе ўтрымліваць. Але калі агулам, то заставацца ў прафэсійным спорце за мяжой практычна немагчыма. На нашым прыкладзе — мы нікому не патрэбныя. У Беларусі міністэрства здымала вяршкі, тут — ніхто. Мы разглядаем зьмену грамадзянства для дачкі, таму што так ня можа працягвацца вечна. Гэта ілюзія — што без падтрымкі можна стабільна быць на высокім узроўні. Тое, што ў нас атрымалася, гэта хутчэй выключэньне.
— Вас не запрашалі вярнуцца ў Беларусь?
— Калі так можна сказаць — крымінальнай справай. Мне прыйшло апавяшчэньне, што я ў вышуку. Хутчэй за ўсё, справа заведзена і ў Беларусі, і ў Расеі.
— Ці магчымы спартовы посьпех унутры Беларусі без палітычных зьмен?
— Я думаю, што магчымы. У іншых краінах, дзе таксама вельмі моцны ціск, няма дэмакратыі, але ёсьць вынік. Галоўнае — верыць у сябе. За цябе ніхто не будзе бегчы на лыжні і страляць. Вера ў сябе — гэта 30-40% посьпеху, калі ты адораны. Калі ня верыш у сябе — нічога не будзе.
Калі выступаюць беларускі
На Алімпіядзе сёлета сем прадстаўнічак Беларусі, усе яны выступяць пад нэўтральным сьцягам.
Першымі стартуюць лыжніца Ганна Каралёва і канькабежка Марына Зуева. Іх спаборніцтвы заплянаваныя на 7 лютага.
17–18 лютага пройдуць спаборніцтвы фрыстайлістак Ганны Гуськовай, Анастасіі Андрыянавай і Ганны Дзяругі. Асабліва варта адзначыць выступленьне Гуськовай, якая выйграла Алімпіяду ў 2018 годзе і мела срэбра ў 2022-м. Экспэрты лічаць, што яна мае найбольш шанцаў на мэдаль з усіх беларусак, якія сёлета трапілі на гульні.
Гуськова выйдзе на кваліфікацыйныя выступленьні 17 лютага ў 12:45. Фінал у фрыстайлістак заплянаваны на 15:30 серады 18 лютага.
На 17–19 лютага заплянаваныя выступы ў фігурным катаньні, ад Беларусі тут удзельнічае Вікторыя Сафонава.
18 лютага ў гарналыжным слаламе стартуе Марыя Шканава, для яе гэта будзе ўжо пятая Алімпіяда.
Форум