Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашчынскі супраць Гуськовай. Ці будуць у Беларусі паказваць зімовую Алімпіяду і калі можна заўзець за беларусак

Сустрэча Ганны Гуськовай у Менску пасьля яе алімпійскага "золата", 2018 год
Сустрэча Ганны Гуськовай у Менску пасьля яе алімпійскага "золата", 2018 год

Цырымонія адкрыцьця Гульняў пройдзе ў Італіі 6 лютага. Спаборніцтвы працягнуцца да 22 лютага.

Зімовыя Алімпійскія гульні сёлета афіцыйна адкрыюцца 6 лютага, хоць першыя спаборніцтвы пачаліся ўжо 4 лютага. Спартоўцы з усяго сьвету зьехаліся на поўнач Італіі, у Вэнэцыю і Лямбардыю. Беларусь праз санкцыі афіцыйна на Алімпіядзе не прадстаўленая. У гульнях прымуць удзел сем беларусак, але ўсе яны прыехалі ў Італію ў нэўтральным статусе. Расказваем, ці будуць сёлета ў Беларусі алімпійскія трансьляцыі і калі можна заўзець за ўраджэнак краіны.

Тэлетрансьляцыі

У праграме спартовага тэлеканалу «Беларусь 5» на раніцу 5 лютага трансьляцыя цырымоніі адкрыцьця гульняў не заплянаваная. Цырымонія пачнецца ў 22 гадзіны беларускага часу, але «Беларусь 5» у гэты час плянуе паказваць трансьляцыю тэніснага турніру ў Румыніі. Галоўны дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» таксама ня мае заплянаванай трансьляцыі з адкрыцьця Алімпіяды, у яго праграме на 6 лютага пакуль ёсьць толькі дзёньнік Алімпійскіх гульняў у 23:15.

Брак афіцыйных спартовых алімпійскіх трансьляцыяў у праграмных сетках беларускіх тэлеканалаў тлумачыцца санкцыямі, якія на Беларусь наклаў Міжнародны алімпійскі камітэт. Аднак дзяржаўныя СМІ могуць абыходзіць санкцыі з дапамогай «пірацкіх» трансьляцыяў. Гэта ўжо здаралася падчас футбольных чэмпіянатаў. Як будзе на гэты раз, пакуль невядома.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Агляды ўсіх падзеяў зімовай Алімпіяды заплянаваныя ў асобных спартовых перадачах беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, такіх як «Спорт-кадр», «Арэна» або спартовы дадатак да інфармацыйнай «Панарамы».

Пакуль усё выглядае гэтаксама, як у сытуацыі з Аліпіядай у Парыжы 2024 году. Тады беларусы ўпершыню з 1984-га не бачылі алімпійскіх трансьляцый. Невялікія фрагмэнты спаборніцтваў былі паказаныя на беларускім тэлебачаньні з заблюранымі алімпійскімі лягатыпамі.

Альтэрнатыўныя спосабы паглядзець гульні

Правы на трансьляцыю зімовай Алімпіяды–2026 набыў расейскі стрымінгавы сэрвіс Okko. Ён дасяжны ў Беларусі, але пакуль незразумела, ці змогуць беларусы глядзець алімпійскія спаборніцтвы зь яго дапамогай. Правы на паказ гульняў дзейнічаюць на тэрыторыі Расеі. Расейскія тэлеканалы, як і беларускія, афіцыйнай ліцэнзіі ня маюць.

Вельмі падобна, што некаторыя спаборніцтвы ў Беларусі можна будзе паглядзець на алімпійскім сайце olympics.com. На ім робяць дасяжнымі бясплатныя трансьляцыі для рэгіёнаў, дзе Алімпіяда афіцыйна не трансьлюецца ў тэлевізіі.

Калі выступаюць беларускі

На Алімпіядзе сёлета сем прадстаўнічак Беларусі, усе яны выступяць пад нэўтральным сьцягам.

Першымі стартуюць лыжніца Ганна Каралёва і канькабежка Марына Зуева. Іх спаборніцтвы заплянаваныя на 7 лютага.

17–18 лютага пройдуць спаборніцтвы фрыстайлістак Ганны Гуськовай, Анастасіі Андрыянавай і Ганны Дзяругі. Асабліва варта адзначыць выступленьне Гуськовай, якая выйграла Алімпіяду ў 2018 годзе і мела срэбра ў 2022-м. Экспэрты лічаць, што яна мае найбольш шанцаў на мэдаль з усіх беларусак, якія сёлета трапілі на гульні.

Выступ Ганны Гуськовай на Алімпіядзе ў Карэі ў 2018 годзе, якую яна выйграла
Выступ Ганны Гуськовай на Алімпіядзе ў Карэі ў 2018 годзе, якую яна выйграла

Гуськова выйдзе на кваліфікацыйныя выступленьні 17 лютага ў 12:45. Фінал у фрыстайлістак заплянаваны на 15:30 серады 18 лютага.

На 17–19 лютага заплянаваныя выступы ў фігурным катаньні, ад Беларусі тут удзельнічае Вікторыя Сафонава.

18 лютага ў гарналыжным слаламе стартуе Марыя Шканава, для яе гэта будзе ўжо пятая Алімпіяда.

Дашчынскі супраць беларусаў

З жаночым фрыстайлам зьвязаная і яшчэ адна цікавая для беларусаў гісторыя. Сёлета на Алімпіяду ў Італію прыедзе легендарны беларускі фрыстайліст Дзьмітры Дашчынскі. У 2022 годзе Дашчынскі эміграваў у Аўстралію, дзе пачаў трэнаваць мясцовых фрыстайлістаў. Зараз пад яго кіраўніцтвам выступае лідэрка ўсясьветнага рэйтынгу Лора Піл, якая будзе канкураваць зь беларускай Гуськовай. Акрамя Піл, беларус яшчэ трэнуе Даніель Скот, якая таксама мае шанцы на мэдалі.

Дзьмітры Дашчынскі на адным з этапаў Кубка сьвету па фрыстайле ў Беларусі. Раўбічы, архіўнае фота
Дзьмітры Дашчынскі на адным з этапаў Кубка сьвету па фрыстайле ў Беларусі. Раўбічы, архіўнае фота

Час выступленьняў у аўстраліек той самы, што і ў беларусак. Кваліфікацыя ў сераду 17 лютага, фінал — а 15:30 у чацьвер 18 лютага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG