Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Алімпійскіх гульнях будуць як мінімум сем чалавек зь Беларусі. Усе ў нэўтральным статусе, усе жанчыны


Фрыстайлістка Ганна Гуськова
Фрыстайлістка Ганна Гуськова

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 да 22 лютага 2026 году ў італьянскіх гарадах Мілян і Картына-д’Ампэца.

Як паведаміла міністэрства спорту Беларусі ў сваім тэлеграм-канале, беларусы ў лыжнай акрабатыцы атрымалі яшчэ дзьве ліцэнзіі на зімовыя Алімпійскія гульні ў Мілане-Корціне:

«Магчымасьць выступіць на маючых адбыцца стартах у фрыстайле зараз ёсьць у Ганны Дзяругі і Анастасіі Андрыянавай. Раней на Гульні-2026 адабралася чэмпіёнка Алімпіяды-2018 Ганна Гуськова».

Такім чынам на гэты момант вядома, што на XXV зімовыя Алімпійскія гульні ў Міляне і Карціна-д’Ампецца прайшлі адбор 7 спартсмэнак зь Беларусі з нэўтральным статусам:

  • горналыжны спорт — Марыя Шканава,
  • канькабежны спорт — Марына Зуева,
  • лыжныя гонкі — Ганна Каралёва,
  • фігурнае катаньне — Вікторыя Сафонава,
  • фрыстайл — (лыжная акрабатыка) Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава, — паведаміла міністэрства спорту.


У кастрычніку FIS абвясьціла, што захоўвае забарону на ўдзел спартсмэнаў з дзьвюх краін напярэдадні Гульняў у Мілане-Карціне, якія пройдуць з 6 па 22 лютага. Але рашэньне Спартыўнага арбітражнага суда пазьней адмяніла гэтую забарону, адкрыўшы шлях для расейцаў і беларусаў да спробы кваліфікавацца на лыжныя спаборніцтвы, якія складаюць больш за палову праграмы зімовых Гульняў.

Удзельнікам спаборніцтваў па лыжных гонках і сноўбордынгу з дзьвюх краін было забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах FIS пасьля ўварваньня Масквы ва Украіну ў 2022 годзе.

Сьпіс спартсмэнаў з дзьвюх краін, якім дазволена спаборнічаць пад нэйтральным сьцягам, верагодна, павялічыцца.

Міжнародны алімпійскі камітэт абвясьціў у верасьні, што спартсмэнам з Расеі і Беларусі будзе дазволена спаборнічаць на Алімпіядзе пад нэйтральным сьцягам, калі яны будуць адпавядаць строгім умовам.

Сюды ўваходзяць спаборніцтвы пад нэйтральным сцягам, удзел толькі ў індывідуальных відах спорту і праходжаньне праверак, каб даказаць, што яны актыўна не падтрымлівалі вайну ва Ўкраіне і не мелі ніякіх сувязяў з арміяй.

Такія ж умовы дзейнічалі і на летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы, на якіх спаборнічалі 15 расейцаў і 17 беларусаў, якія ў агульнай складанасьці заваявалі пяць мэдалёў.

На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 да 22 лютага 2026 году ў італьянскіх гарадах Мілян і Картына-д’Ампэца.

Беларускія фрыстайлісты з 1998 году заваёўвалі мэдалі на ўсіх Алімпіядах.

Спрэчкі пра нэўтральны статус

Асобныя фэдэрацыі ў відах спорту безумоўна забаранілі беларускім і расейскім атлетам удзел у турнірах, у тым ліку алімпійскай кваліфікацыі. Так, у прыватнасьці, зрабілі міжнародныя фэдэрацыі біятлёну і лыжаў. Тады ж складанасьці паўсталі й перад паралімпійцамі розных відаў.

Некаторыя ж рашэньні пра допуск спартоўцаў зь дзьвюх названых дзяржаваў выклікалі пратэсты Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны. І гэта тычыцца ня толькі зімовых відаў спорту. Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і Міністэрства моладзі й спорту краіны ўключылі беларускую гімнастку Аліну Гарноську і батутыста Івана Літвіновіча ў сьпіс для ўвядзеньня супраць іх санкцыяў і забароны на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах.

Беларускія спартоўцы апынуліся ў сьпісе разам з васьмю расейскімі атлетамі, якія ўдзельнічаюць у «прапагандысцкіх захадах і, нягледзячы на гэта, атрымліваюць нэўтральны статус і працягваюць браць удзел у міжнародных спаборніцтвах». Цяпер на падставе гэтай інфармацыі Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны будзе дабівацца забароны ім удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG