Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь беларускіх баскетбалістаў зьнялі санкцыі, а лыжнікаў дапусьцілі да спаборніцтваў у нэўтральным статусе

Гульня ў баскетбол, ілюстрацыйнае фота
Гульня ў баскетбол, ілюстрацыйнае фота

Адразу дзьве міжнародныя спартовыя фэдэрацыі далі навіны для беларускіх атлетаў.

Міжнародная фэдэрацыя баскетболу (FIBA) зьняла абмежаваньні зь беларускіх і расейскіх баскетбалістаў. Але клюбы і зборныя па-ранейшаму адхіленыя ад афіцыйных турніраў.

Рашэньне прынялі ў адпаведнасьці з новымі рэкамэндацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Зьняцьце абмежаваньняў тычыцца ўсіх гульцоў, трэнэраў судзьдзяў і іншых афіцыйных асобаў у баскетболе ў «клясычнай» форме 5×5, а таксама ў фармаце 3×3.

«Расейскія і беларускія гульцы змогуць удзельнічаць, а афіцыйныя асобы змогуць прызначацца на ўсе спаборніцтвы FIBA зь неадкладным уступленьнем рашэньня ў сілу», — паведаміла FIBA.

FIBA таксама заявіла, што будзе шчыльна супрацоўнічаць з МАК і алімпійскімі фэдэрацыямі для вырашэньня пытаньняў лягістыкі і бясьпекі, зьвязаных зь вяртаньнем на спаборніцтвы клюбаў і нацыянальных зборных Беларусі і Расеі.

У той жа час Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту (FIS) дапусьціла беларусаў да спаборніцтваў. Атлеты з краіны змогуць выступаць у сэзоне-2026/27. Пры гэтым застаецца абавязковай умова ўдзелу выключна ў нэўтральным статусе.

У заяве арганізацыя спасылаецца на нядаўныя парады МАК.

«Рада FIS разгледзела сытуацыю і вырашыла, што спартоўцам і дапаможнаму пэрсаналу зь дзьвюх краін могуць даць доступ да спаборніцтваў FIS пры ўмове падпісаньня імі дэклярацыі пра нэўтралітэт, якая заснаваная на шэрагу прынцыпаў, устаноўленых FIS. Выкананьне гэтых прынцыпаў будзе пастаянна кантралявацца, а ў выпадку іх парушэньня прадугледжаныя санкцыі».

Удзел спартоўцаў абмяжоўваецца індывідуальнымі спаборніцтвамі, дадала фэдэрацыя. Пры ўмове, што ня будзе выкарыстоўвацца ніякая дзяржаўная сымболіка, такая як сьцягі, гімны або строі.

Спартоўцы таксама павінны адпавядаць усім дзейным антыдопінгавым патрабаваньням.

Чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Пасьля гэтага абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў ужо зьнялі фэдэрацыі ў наступных відах спорту: аўтамабільныя гонкі, барацьба, бокс, валейбол, веславаньне на байдарках і каноэ (з 2027 году), гандбол, гімнастыка, конны спорт, настольны тэніс, парусны спорт, роварны спорт, стральба з лука, студэнцкі спорт (унівэрсіяды), сучаснае пяцібор’е, фэхтаваньне, хакей на траве, цяжкая атлетыка, шахматы.

У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца толькі ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў: мужчынскага юніёрскага чэмпіянату сьвету ў найвышэйшым дывізіёне, жаночага юніёрскага ў трэцім дывізіёне і жаночага дарослага — у чацьвёртым. Да галоўных турніраў — мужчынскага чэмпіянату сьвету году і моладзевага чэмпіянату сьвету (для гульцоў да 20 гадоў) — доступу не далі.

У скалалажаньні і тэнісе беларусам дазволілі выступаць толькі паасобку і ў нэўтральным статусе. У стралковым спорце ў нацыянальным статусе могуць выступаць толькі юніёры.

Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі па-ранейшаму цалкам забараняе беларускім спартоўцам удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах — нават паасобку і ў нэўтральным статусе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG