Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя тэнісу не падтрымала вяртаньня зборных Расеі і Беларусі ў спаборніцтвы

Беларуска Арына Сабаленка на турніры U.S. Open. Нью-Ёрк, 8 верасьня 2026 году
Беларуска Арына Сабаленка на турніры U.S. Open. Нью-Ёрк, 8 верасьня 2026 году

Некаторыя міжнародныя спартовыя фэдэрацыі дапусьцілі беларускія зборныя на свае турніры, іншыя захоўваюць абмежаваньні, зьвязаныя з вайной Расеі супраць Украіны, якую падтрымлівае афіцыйны Менск.

Як паведамляе Міжнародная фэдэрацыя тэнісу (IFT), галасаваньне за рэзалюцыі аб аднаўленьні ўдзелу расейскіх і беларускіх нацыянальных зборных у міжнародных камандных спаборніцтвах і аб аднаўленьні права сяброўства тэнісных фэдэрацыяў гэтых краін у IFT прайшло 13 кастрычніка ў Алматы (Казахстан) на канфэрэнцыі і агульным сходзе фэдэрацыі.

«Падчас гэтай сэсіі рада агульнага сходу прагаласавала за захаваньне прыпыненьня сяброўства Фэдэрацыі тэнісу Расеі і Фэдэрацыі тэнісу Беларусі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе IFT.

Такім чынам, дзейныя абмежаваньні застаюцца ў сіле.

Таксама Фэдэрацыя тэнісу Ўкраіны заяўляе, што «працягне працу, накіраваную на недапушчэньне вяртаньня Расеі і Беларусі ў міжнародныя камандныя тэнісныя спаборніцтвы».

Чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і ад 28 сакавіка 2023 году стасоўна Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Пасьля гэтага абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў зьнялі фэдэрацыі ў наступных відах спорту: аўтамабільныя гонкі, барацьба, бокс, валейбол, веславаньне на байдарках і каноэ (з 2027 году), гандбол, гімнастыка, конны спорт, настольны тэніс, ветразевы спорт, роварны спорт, стральба з лука, студэнцкі спорт (унівэрсіяды), сучаснае пяціборства, фэхтаваньне, хакей на траве, цяжкая атлетыка, шахматы.

У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца толькі ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў: мужчынскага юніёрскага чэмпіянату сьвету ў найвышэйшым дывізіёне, жаночага юніёрскага ў трэцім дывізіёне і жаночага дарослага — у чацьвёртым. Да галоўных турніраў — мужчынскага чэмпіянату сьвету і моладзевага (для гульцоў да 20 гадоў) чэмпіянату сьвету — доступу не далі.

У скалалазеньні і тэнісе беларусам дазволілі выступаць толькі паасобку і ў нэўтральным статусе. У стралецкім спорце ў нацыянальным статусе могуць выступаць толькі юніёры.

Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі па-ранейшаму цалкам забараняе беларускім спартоўцам удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах — нават паасобку і ў нэўтральным статусе.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG