Перамога апазыцыі ва ўмовах аўтакратыі
У свой час беларускую апазыцыю моцна ўразіў посьпех «каляровай рэвалюцыі» у Югаславіі ў 2000 годзе, калі ў выніку вулічных пратэстаў быў зрынуты аўтарытарны рэжым Слабадана Мілошавіча. Тады ў ейным асяродзьдзі нават узьнік лёзунг, які выкарыстоўваўся падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году: «Учора — Бялград, заўтра — Менск».
Прайшло чвэрць стагодзьдзя, і зноў сусьветныя мэдыя зь цікавасьцю асьвятляюць апошнія падзеі ў Сэрбіі. 25 кастрычніка Сэрбская прагрэсіўная партыя пад фактычным кіраўніцтвам Аляксандра Вучыча, якая кіравала краінай 14 гадоў, прайграла парлямэнцкія выбары «Студэнцкаму сьпісу» — руху, які вырас з масавых пратэстаў. Паводле папярэдніх вынікаў, апошні набраў 52,71% галасоў і забясьпечыў сабе абсалютную большасьць у парлямэнце. Кіроўная кааліцыя атрымала 39,17% галасоў.
Тое, што цяпер адбылося ў Сэрбіі — гэта ня проста выбары, у выніку якіх апазыцыя перамагла кіроўную партыю, што для Эўропы было б звычайнай справай. Цяперашнюю выбарчую кампанію там можна назваць электаральнай рэвалюцыяй. Рэжым, які існаваў у Сэрбіі, называлі паліталягічнымі тэрмінамі «канкурэнтная аўтакратыя» альбо «электаральная аўтакратыя». У такіх сыстэмах, як правіла, на выбарах перамагаюць кіроўныя партыі.
Таму тое, што ў рамках такога рэжыму перамагла апазыцыйная сіла, ужо само па сабе падзея, вартая ўвагі і аналізу. Пагатоў цікава, што цяперашнія перамены ў Сэрбіі шмат у чым адрозьніваюцца ад клясычных «каляровых рэвалюцый» і, магчыма, задаюць новы трэнд у палітычных працэсах, прычым ня толькі дэмакратычных краін.
Штуршок да пратэстаў і іх працягласьць
Зь іншага боку, у цяперашніх сэрбскіх падзеях можна ўбачыць паралелі з 2020 годам у Беларусі.
Найперш, варта зазначыць, што перамены ў Сэрбіі пачаліся са студэнцкіх пратэстаў. Падставай для іх стала трагедыя ў Новым Садзе: 1 лістапада 2024 году на чыгуначным вакзале гэтага горада абваліўся адрамантаваны бэтонны навес, што прывяло да гібелі 16 чалавек. Гэты вакзал незадоўга да катастрофы быў адрамантаваны за вялікія грошы.
Падзея з гледзішча гістарычнага часу, як можа падавацца, не такая і значная. Да жалю, аварыі і катастрофы ў сьвеце здараюцца рэгулярна. Аднак гэтая трагедыя стала сымбалем карупаванасьці і безадказнасьці ўладаў Сэрбіі. Яна паказала, як канкрэтная падзея можа ператварыць назапашанае незадавальненьне ў масавы палітычны рух.
Пратэсты ў Сэрбіі аказаліся доўгімі і ўстойлівымі, яны цягнуліся два гады і сталі цэнтральным пунктам парадку дня краіны
Пратэсты ў Сэрбіі аказаліся доўгімі і ўстойлівымі, яны цягнуліся два гады і сталі цэнтральным пунктам грамадзкага парадку дня краіны. У Беларусі ў 2020 годзе вулічныя акцыі цягнуліся каля паўгоду. На першы погляд, параўнаньне не на карысьць беларускіх пратэстаў. Аднак такая выснова некарэктная.
У Беларусі масавыя затрыманьні і жорсткае зьбіцьцё пратэстоўцаў пачаліся адразу пасьля выбараў 9 жніўня. Увосень рэпрэсіі працягнуліся, паступова звужаючы магчымасьці для вулічных акцыяў. Кожны, хто выходзіў на вуліцы, рызыкаваў апынуцца за кратамі на месяцы і гады.
Сэрбскія ўлады таксама ўжывалі сілу супраць пратэстоўцаў. Праваабаронцы фіксавалі зьбіцьцё, адвольныя затрыманьні і жорсткае абыходжаньне. Аднак рэпрэсіі ня мелі таго маштабу, як у Беларусі, і не спынілі масавага руху, які здолеў дамагчыся датэрміновых выбараў і перамогі свайго сьпісу.
Пратэсты абуджаюць грамадзтва
Сэрбскія студэнты разбудзілі, раскачалі грамадзтва, якое ў пэўным сэнсе знаходзілася ў стане «вывучанай бездапаможнасьці». «Студэнты абудзілі сэрбскае грамадзтва, вырвалі яго са стану апатыі, а таксама з-пад уплыву сыстэматычнай дэманізацыі і стыгматызацыі палітычнай уцягнутасьці і грамадзянскай актыўнасьці»», — лічыць прафэсар факультэту палітычных навук Бялградскага ўнівэрсітэту Мілан Крсьціч.
І беларускае грамадзтва, якое доўга спала, у 2020 годзе зазнала пасіянарны выбух. Ён стаў нечаканым для ўсіх. Высьветлілася, што да гэтага часу ў беларускім грамадзтве назапасіўся вялікі пратэставы патэнцыял. Тут у адзін момант сышлося адразу шмат фактараў, што стварыла сытуацыю «ідэальнага шторму». За некалькі месяцаў адбылася паскораная палітызацыя грамадзтва. Абывацелі раптоўна ператварыліся ў грамадзян, мэтафарычна названых «неймавернымі». Народ ператварыўся ў палітычны суб’ект, чаго рэжым не жадаў прызнаваць.
І ў Беларусі. і ў Сэрбіі вэртыкальна арганізаванай пірамідзе ўлады супрацьстаяла гарызантальна пабудаваная стыхія пратэсту
У Сэрбіі абуджэньне грамадзтва выявілася ў рэкорднай яўцы выбаршчыкаў (каля 67%), што стала найвышэйшым паказчыкам з 1992 году. І ў Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году былі вялізныя чэргі на выбарчых участках, у некаторых месцах давялося працягнуць час галасаваньня.
І ў Сэрбіі, і ў Беларусі выйшаў на паверхню канфлікт, стылістычны разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сфэры, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай, і даміноўнай у краіне аўтарытарнай, герархічнай кіраўніцкай вэртыкальлю. На лічбавай плятформе была створана вялікая інфраструктура грамадзкага руху, якая ўключала прафэсійныя і рэгіянальныя суполкі, адпаведныя чаты для іх зносін. Вэртыкальна арганізаванай пірамідзе ўлады супрацьстаяла гарызантальна пабудаваная стыхія пратэсту.
Вуліца перамагла ўладу
А вось далей падзеі ў Сэрбіі пайшлі па зусім іншым сцэнары, чым у Беларусі. Студэнцкі пратэставы рух трансфармаваўся ў палітычныя перамены. Інструмэнтам пераменаў сталі выбары, якія прызначылі на год раней за тэрмін. Улады разьлічвалі з дапамогай выбарчай кампаніі зьбіць студэнцкія пратэсты і атрымаць вотум даверу народу. Але атрымалася наадварот.
У Беларусі ж пратэсту не было куды трансфармавацца. Тут дэмакратычныя інстытуты адсутнічалі. Ад слова «зусім». Існы ў Беларусі рэжым апрыёры адрынае любы ўдзел насельніцтва ў палітычным жыцьці.
Сэрбская электаральная рэвалюцыя выявіла важны фэномэн грамадзка-палітычнага жыцьця, які сягае за межы краіны. Можна казаць, што вуліца перамагла ўладу. Выбаршчыкі аддалі перавагу новай сіле перад кіроўнымі і традыцыйнымі апазыцыйнымі партыямі. Традыцыйная апазыцыя не атрымала падтрымкі выбаршчыкаў. Адбылося адрынаньне палітычнай клясы ўвогуле.
Студэнцкі рух імкнуўся дэманстраваць, што ён не змагаецца за ўладу для сябе. У сьпісе з 250 кандыдатаў у дэпутаты не было саміх студэнтаў і арганізатараў пратэсту. Там былі новыя людзі, якія раней не займаліся палітыкай.
І тут можна правесьці паралелі з 2020 годам у Беларусі. Пратэстоўцы выказалі недавер да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Улада страціла маральны аўтарытэт, адбылася яе дэсакралізацыя.
Але і апазыцыйныя партыі не выклікалі даверу грамадзтва. Праймэрыз, які спрабавала ладзіць беларуская апазыцыя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, не выклікалі амаль ніякай цікавасьці людзей.
А яшчэ сэрбскі і беларускі пратэст яднае тое, што ён адбываўся без відавочнага ўдзелу і ўплыву буйнога бізнэсу.
У Беларусі, як і ў Сэрбіі, вулічны пратэст таксама адбываўся без лідэраў. Аднак у беларускім выпадку не было сьвядомага іх адрынаньня. Людзі, якія прэтэндавалі на гэтую ролю, апынуліся альбо за кратамі (Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец), або былі выштурхнутыя за мяжу (Сьвятлана Ціханоўская, Валер Цапкала, Павал Латушка). Тое быў спантанна самаарганізавальны пратэст.
Недавер да істэблішмэнту і адсутнасьць геапалітычнага выбару
Важна канстатаваць, што сэрбская электаральная рэвалюцыя адлюстроўвае сусьветную тэндэнцыю на антыэлітызм, недавер да істэблішмэнту ўвогуле. Масавыя пратэсты, якія цяпер адбываюцца ў краінах Эўропы, у значнай ступені стыхійныя, ім бракуе дакладных патрабаваньняў да ўрадаў. Гэта дэманстрацыя недаверу да ўладаў, якія яны самі выбіралі.
Паколькі асноўнай прэтэнзіяй, галоўнай тэмай як сэрбскага, так і беларускага пратэсту было пытаньне якасьці ўлады, то гэта дазволіла стварыць шырокую кааліцыю, пераадолець раскол, аб’яднаць людзей з рознымі каштоўнасьцямі, ідэалёгіямі, кансалідаваць, умоўна кажучы, левых і правых. Рэжымы Сэрбіі і Беларусі мелі пэрсанальнае ўвасабленьне ў фігурах Аляксандра Вучыча і Аляксандра Лукашэнкі. Таму патрабаваньне сыходу лідэраў было натуральным лёзунгам у абедзьвюх краінах.
І ў Сэрбіі, і ў Беларусі пратэст быў прынцыпова мірным. Адрозьненьне палягала ў тым, што ў беларускім выпадку мірнаму характару вулічных акцый супрацьстаяла неймаверная жорсткасьць сілавых структур.
Вучыч патлумачыў сваю паразу на выбарах умяшаньнем вонкавых суб’ектаў. Ён назваў іх вынікам «бруднай працы» тых сілаў у ЗША, якія выступаюць супраць палітыкі прэзыдэнта Дональда Трампа, а таксама кіраўнікоў іншых эўрапейскіх сталіц. Таксама і Лукашэнка шмат разоў даводзіў, што ў 2020 годзе быў мяцеж, арганізаваны Захадам.
Аднак насамрэч у Сэрбіі, як і ў Беларусі падчас пратэстаў, не было геапалітычнага кантэксту. Вулічныя акцыі не былі ні празаходнімі, ні прарасейскімі. Падчас іх у Сэрбіі выкарыстоўваліся толькі сэрбскія сьцягі, а ў Беларусі — нацыянальная бел-чырвона-белая сымболіка. Адсутнасьць праблемы геапалітычнага выбару таксама садзейнічала стварэньню шырокай кааліцыі ў абедзьвюх краінах.
Чаму Вучыч ня стаў сілай утрымліваць уладу
Вучыч ня стаў сілай утрымліваць уладу, як Лукашэнка, а прызнаў паразу і сыходзіць у апазыцыю. На гэта паўплывала шмат прычынаў.
Найперш, розная прырода рэжымаў. У Беларусі існуе жорсткі аўтарытарызм, у Сэрбіі, параўнальна мяккая аўтакратыя. Там пасьля 2000 году некалькі разоў прайшлі дэмакратычныя выбары, мянялася ўлада. Кіроўная партыя ў Сэрбіі знаходзілася на чале дзяржавы толькі 14 гадоў, а не 26 (на момант 2020 году), як у Беларусі. Там пасьпела скласьціся дэмакратычная традыцыя.
Распаду Югаславіі спадарожнічала крывавая грамадзянская вайна, раны ад якой яшчэ сьвежыя і не зарубцаваліся ў гістарычнай памяці народу. Таму любыя намёкі на сілавы сцэнар утрыманьня ўлады з магчымымі ахвярамі даволі хваравіта ўспрымаюцца і грамадзтвам, і элітай.
Сэрбія мае статус кандыдаткі на далучэньне да Эўразьвязу з 2012 году. Для сэрбскага грамадзтва эўрапейская пэрспэктыва — рэч безальтэрнатыўная. Таму эліта вымушаная зважаць на тое, што скажа Брусэль, калі б Вучыч паспрабаваў сілай утрымаць уладу.
У Сэрбіі і Беларусі — зусім іншая геаграфія. Расея была гатовая прыйсьці на дапамогу Аляксандру Лукашэнку ў 2020 годзе, Уладзімір Пуцін абвяшчаў пра створаны на просьбу Лукашэнкі рэзэрв расейскіх сілавікоў для магчымай дапамогі беларускім уладам.
Вайна супраць Украіны магла звузіць магчымасьці Масквы падтрымаць Вучыча ў выпадку спробы сілай утрымаць уладу. Да таго ж Сэрбія, у адрозьненьне ад Беларусі, ня мае агульнай мяжы з Расеяй, што істотна ўскладняе магчымасьць непасрэднага сілавога ўмяшаньня.
Прызнаньне паразы дазваляе Вучычу працягваць барацьбу за ўладу ўжо ў апазыцыі, хоць само па сабе не гарантуе яму абароны ад магчымых расьсьледаваньняў. У Беларусі ж дзесяцігодзьдзі пэрсаналісцкага кіраваньня і масавыя рэпрэсіі робяць пытаньне зьмены ўлады непарыўным з пытаньнем адказнасьці за яе ўтрыманьне. Гэта можа быць адной з прычынаў, чаму Лукашэнка так упарта адмаўляе саму магчымасьць палітычнай канкурэнцыі.
Форум