Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэрбіі да ўлады прыйшла апазыцыя, у Баўгарыі ўсё вырашыцца ў другім туры

У Сэрбіі апазыцыя сьвяткуе перамогу над Вучычам. Бялград, 25 кастрычніка 2026 году
У Сэрбіі апазыцыя сьвяткуе перамогу над Вучычам. Бялград, 25 кастрычніка 2026 году

У Сэрбіі адбыліся парлямэнцкія выбары, а ў Баўгарыі — прэзыдэнцкія.

Былы прэзыдэнт Сэрбіі, лідэр кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі (СПП) Аляксандар Вучыч увечары 25 кастрычніка прызнаў паразу на парлямэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў нядзелю, паведаміла Сэрбская служба Радыё Свабодная Эўропа.

Паводле папярэдніх вынікаў, СПП атрымлівае 105 месцаў у Народнай Скупшчыне — аднапалатным парлямэнце краіны. Апазыцыйны «Студэнцкі сьпіс», які падтрымалі ўдзельнікі масавых пратэстаў апошніх двух гадоў, атрымлівае ня менш за 135 месцаў.

У цэнтры Бялграду сьвяткуюць паразу партыі Вучыча на парлямэнцкіх выбарах. Сэрбская прагрэсіўная партыя заставалася ва ўладзе ў краіне больш за 14 гадоў.

«Відавочна, што мы прайгралі гэтыя выбары», — заявіў Вучыч на прэсавай канфэрэнцыі позна ўвечары 25 кастрычніка, пасьля закрыцьця выбарчых участкаў па ўсёй Сэрбіі.

Аляксандар Вучыч (у цэнтры фота) прызнаў паразу на парлямэнцкіх выбарах у Сэрбіі, 25 кастрычніка 2026 году
Аляксандар Вучыч (у цэнтры фота) прызнаў паразу на парлямэнцкіх выбарах у Сэрбіі, 25 кастрычніка 2026 году

Некаторыя назіральнікі параўналі паразу Вучыча з паразай іншага аўтарытарнага лідэра, які падтрымліваў сяброўскія адносіны з Расеяй, — прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана на парлямэнцкіх выбарах у красавіку.

У выбарах у Сэрбіі ўдзельнічалі 18 выбарчых сьпісаў, у якія ўваходзілі больш за 2400 кандыдатаў. У парлямэнт павінны прайсьці 250 дэпутатаў, якім належыць сфармаваць новы ўрад.

«Заўтра мы пачынаем працаваць над стварэньнем дзяржавы, дзе пануе вяршэнства права», — заявіў Ілія Срданавіч, які ўзначальвае «Студэнцкі сьпіс».

«Мы паказалі, што перамены магчымыя, калі ёсьць воля іх ажыцьцявіць. Цяпер мы павінны даказаць, што вартыя гэтага моманту. Студэнты перамаглі. Мы хочам разам будаваць краіну, дзе кожны мае права на праўду, права голасу і будучыню», — дадаў ён.

Радамір Саічыч, прафэсар Бялградзкага ўнівэрсытэту і кандыдат ад «Студэнцкага сьпісу», заявіў: «Дарагая Сэрбія, сёньня ўвечары голас народу пачуты. Сёньня мы сьвяткуем перамогу, заўтра будзем будаваць будучыню».

Лідэр апазыцыйнага сьпісу, кардыёляг з Новага Саду Ілія Срданавіч сьвяткуе выбарчую перамогу ў Бялградзе. 25 кастрычніка 2026 году
Лідэр апазыцыйнага сьпісу, кардыёляг з Новага Саду Ілія Срданавіч сьвяткуе выбарчую перамогу ў Бялградзе. 25 кастрычніка 2026 году

Старшыня Эўрапейскай рады Антоню Кошта таксама вітаў вынікі выбараў, заявіўшы, што яны дапамогуць Сэрбіі прасунуцца да магчымага сяброўства ў Эўразьвязе.

«Сёньня грамадзяне Сэрбіі ў рэкорднай колькасьці прыйшлі на выбары, каб вызначыць будучыню сваёй краіны. Віншую „Студэнцкі сьпіс“ зь перамогай на парлямэнцкіх выбарах», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X.

«Мы гатовыя падтрымліваць рэформы, накіраваныя на забесьпячэньне вяршэнства права, свабоды мэдыя, барацьбу з карупцыяй і ўмацаваньне дэмакратычных інстытутаў, а таксама супольна працаваць дзеля прасоўваньня Сэрбіі да сяброўства ў Эўразьвязе», — заявіла старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Хоць канчатковых вынікаў выбараў яшчэ не абвясьцілі, незалежныя назіральнікі паведамлялі, што яўка можа стаць найвышэйшай за апошнія дзесяцігодзьдзі і наблізіцца да 70%. Цягам дня на выбарчых участках па ўсёй балканскай краіне з насельніцтвам каля 6,6 мільёна чалавек утвараліся доўгія чэргі.

Вучыч, які займаў пасаду прэзыдэнта з 2017 году, у канцы верасьня падаў у адстаўку. Ня маючы юрыдычнай магчымасьці балятавацца на трэці тэрмін, ён абвясьціў датэрміновыя выбары і разьлічваў пасьля іх стаць прэм’ер-міністрам.

Сэрбскае грамадзтва ў значнай ступені падзялілася на прыхільнікаў выбарчага сьпісу на чале з кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыяй Вучыча і «Студэнцкага сьпісу», які ўзьнік на хвалі шматмесячных пратэстаў пасьля гібелі 16 чалавек у выніку абрынаньня павеці чыгуначнага вакзалу ў Новым Садзе ў лістападзе 2024 году.

Трагедыя ў гэтым горадзе на поўначы Сэрбіі ўзрушыла грамадзтва падчас паведамленьняў пра карупцыю як прычыну няякасных будаўнічых работаў на вакзале. Яго рэканструкцыя была адным з найважнейшых урадавых праектаў, які рэалізоўвалі кітайскія кампаніі.

Цягам дня на выбарчых участках па ўсёй Сэрбіі утвараліся доўгія чэргі. Бялград, 25 красавіка 2026 году
Цягам дня на выбарчых участках па ўсёй Сэрбіі утвараліся доўгія чэргі. Бялград, 25 красавіка 2026 году

Нягледзячы на хуткае прызнаньне паразы, Вучыч абурыўся вынікамі выбараў. Ён назваў іх вынікам «бруднай працы» тых сілаў у ЗША, якія выступаюць супраць палітыкі прэзыдэнта Дональда Трампа, а таксама кіраўнікоў іншых эўрапейскіх сталіцаў.

«Я хачу, каб людзі ведалі: гэта была легітымізацыя рэвалюцыі, якую правялі пры беспасярэдняй падтрымцы розных эўрапейскіх краінаў і амэрыканскай „глыбіннай дзяржавы“, той самай, якая супрацьстаіць прэзыдэнту Трампу».

Ён дадаў, што ягоныя апанэнты «ўсяго толькі выконваюць брудную працу, задуманую кімсьці іншым дзеля разбурэньня сувэрэннай дзяржавы. На нейкі час вам гэта ўдалося. Пабачым, [як надоўга]».

«Да сакавіка або красавіка вы будзеце мець уведзеныя санкцыі супраць Расейскай Фэдэрацыі. Вось пабачыце. Яны зробяць усё тое, пра што не хацелі вам казаць, усё тое, пра што хлусілі, бо, паўтаруся, яны ўсяго толькі выканаўцы чужых плянаў».

Сэрбію з Расеяй зьвязваюць даўнія сувязі. У краіне па-ранейшаму шмат прыхільнікаў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і праціўнікаў санкцыяў супраць Крамля.

Вучыч, які некалі адкрыта прытрымліваўся ўльтранацыяналістычных поглядаў, дамінаваў у сэрбскай палітыцы больш за 14 гадоў. За гэты час ён умацаваў сваю ўладу, стварыўшы сабе новы імідж рэфарматара, які імкнецца балянсаваць паміж курсам Сэрбіі на ўступленьне ў Эўразьвяз і захаваньнем цесных сувязяў з Расеяй і Кітаем.

У Баўгарыі перамагае прыхільніца перамоваў з Расеяй

Паводле экзытполаў, Іліяна Ётава, якая выконвала абавязкі прэзыдэнта з студзеня 2026 году, зь нязначным адрывам заняла першае месца ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Баўгарыі. Выбары праходзілі ў атмасфэры ўстурбаванасьці пытаньнямі бясьпекі пасьля сэрыі дронавых атак на караблі ў Чорным моры.

Як паведаміла агенцтва AFP, згодна з вынікамі трох апытаньняў, Ётава, якая выступае за дыялёг з Масквой і супраць вайсковай дапамогі Ўкраіне, атрымала ад 35 да 36,5% галасоў.

Іліяна Ётава выконвала абавязкі прэзыдэнта Баўгарыі з студзеня 2026 году
Іліяна Ётава выконвала абавязкі прэзыдэнта Баўгарыі з студзеня 2026 году

У другім туры, прызначаным на 1 лістапада, яна сустрэнецца з Андрэем Гюравым — банкірам і былым выканаўцам абавязкаў прэм’ер-міністра, якога падтрымлівае празаходняя апазыцыя. Ён заняў другое месца з 32,2–32,5% падтрымкі.

Папярэднія апытаньні прагназавалі ўпэўненую перамогу Ётавай. Папярэдне, яўка склала прыблізна 20%.

Андрэй Гюраў — банкір і колішні выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра
Андрэй Гюраў — банкір і колішні выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра

Пасьля галасаваньня Ётава заявіла, што мае намер заняцца «вострай праблемай беднасьці» ў найбяднейшай краіне Эўразьвязу, а таксама «няроўнасьцю і рэгіянальнымі дыспрапорцыямі».

«Я ўважаю, што павінны быць мір, стабільнасьць і бясьпека», — сказала 62-гадовая кандыдатка, якая зрабіла тэму вайны ва Ўкраіне цэнтральнай у сваёй кампаніі і паабяцала стаць «прэзыдэнтам міру».

Гюраў, у сваю чаргу, заявіў, што хоча бачыць Баўгарыю як краіну, «якая глядзіць наперад — эўрапейскую, свабодную і ганарлівую краіну… дзе дзяржава працуе так, як павінна».

Перамога Ётавай узмоцніць пазыцыі сілаў, якія выступаюць за дыялёг з Масквой і супраць вайсковай дапамогі Ўкраіне. Перамога Андрэя Гюрава, якога падтрымліваюць праэўрапейскія сілы, стала б сыгналам на карысьць больш рашучай падтрымкі Ўкраіны і шчыльнейшай супрацы ў межах Эўразьвязу і NATO.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG