Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбія выбірае парлямэнт: ці ўтрымае Вучыч уладу пасьля 14 гадоў?

Аляксандар Вучыч і сэрбскія пратэстоўцы. Каляж
Аляксандар Вучыч і сэрбскія пратэстоўцы. Каляж

Пасьля 14 гадоў дамінаваньня ў палітыцы Сэрбіі Аляксандар Вучыч сутыкнуўся з найсур’ёзьнейшым выклікам свайму кіраваньню. На парлямэнцкіх выбарах 25 кастрычніка ягоным галоўным супернікам стане апазыцыйны рух, які ўзьнік на хвалі масавых студэнцкіх пратэстаў.

Аднак выбарчую кампанію суправаджаюць усё большыя асьцярогі наконт сумленнасьці галасаваньня. Балканская служба Радыё Свабода выявіла каля 500 тысяч чалавек, унесеных у сьпісы выбарнікаў бяз поўнага адрасу. Гэта выклікае падазрэньні ў магчымых фальсыфікацыях.

Пасьля папярэдніх выбараў у Сэрбіі ў 2023 годзе адбыліся пратэсты. Міжнародныя назіральнікі тады паведамілі пра парушэньні, у тым ліку арганізаваны падвоз выбарнікаў з суседняй Босьніі і Герцагавіны і запалохваньне ўдзельнікаў галасаваньня.

У канцы верасьня Вучыч падаў у адстаўку з пасады прэзыдэнта. Паколькі балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін ён ня можа, цяпер ён імкнецца заняць пасаду прэм’ер-міністра, якую займаў у 2014–2017 гадах, да абраньня кіраўніком дзяржавы.

Кіраваньне Вучыча вызначалася спробамі балянсаваць паміж Захадам, Расеяй і Кітаем. Ён імкнуўся падтрымліваць добрыя адносіны з заходнімі краінамі, адначасова збліжаючыся з Масквой і Пэкінам. Аднак кітайскія інвэстыцыі мелі для яго і палітычную цану.

Трагедыя ў Новым Садзе

Выбары адбудуцца ўсяго за некалькі дзён да другой гадавіны трагедыі ў Новым Садзе.

1 лістапада 2024 году ў выніку абрынаньня адрамантаванага навесу на чыгуначным вакзале гораду загінулі 16 чалавек. Трагедыя выклікала пратэсты па ўсёй краіне на фоне паведамленьняў пра карупцыю падчас будаўнічых работ. Рэканструкцыя вакзалу была адным з найважнейшых урадавых праектаў, які рэалізоўвалі кітайскія кампаніі.

Улады адпрэчылі абвінавачаньні ў карупцыі. Пратэсты суправаджаліся гвалтам з боку паліцыі і затрыманьнямі. Адзін з найсур’ёзьнейшых інцыдэнтаў адбыўся 15 сакавіка 2025 году, калі, паводле сьцьверджаньняў пратэстоўцаў, улады выкарысталі супраць мірных дэманстрантаў незаконную акустычную зброю.

Пратэст у Новым Садзе. 15 сакавіка 2025 году
Пратэст у Новым Садзе. 15 сакавіка 2025 году

Празь некалькі дзён пасьля чарговай студэнцкай акцыі пратэсту ў чэрвені гэтага году Вучыч абвясьціў, што сыдзе ў адстаўку і правядзе датэрміновыя выбары.

Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што сэрбскае грамадзтва ў асноўным падзялілася на два лягеры: прыхільнікаў шырокай кааліцыі вакол кіроўнай партыі і тых, хто падтрымлівае студэнцкі рух.

«Гэта першыя больш як за дзесяцігодзьдзе выбары, вынік якіх сапраўды вельмі цяжка прадказаць», — сказаў Радыё Свабода Ўладзімір Більчык, былы дакладчык Эўрапейскага парлямэнту ў пытаньнях Сэрбіі.

Студэнцкі рух ня мае фармальных лідэраў, а ягоны выбарчы сьпіс складаецца зь беспартыйных кандыдатаў, пераважна ўнівэрсытэцкіх выкладчыкаў. Узначальвае сьпіс кардыёляг Ілія Срданавіч. Аднак прадстаўнікі руху падкрэсьліваюць, што ў выпадку перамогі гэта не абавязкова азначае ягонае прызначэньне прэм’ер-міністрам.

Кардыёляг з Новага Саду Ілія Срданавіч узначаліў выбарчы сьпіс пратэставага руху
Кардыёляг з Новага Саду Ілія Срданавіч узначаліў выбарчы сьпіс пратэставага руху

Ці будуць выбары сумленнымі?

Урад Сэрбіі сьцьвярджае, што выканаў усе рэкамэндацыі місіі назіральнікаў АБСЭ, дадзеныя пасьля выбараў 2023 году. Аднак прамежкавая справаздача Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ сьведчыць, што ня ўсе праблемы былі разьвязаныя. Арганізацыя накіравала ў Сэрбію місію назіраньня за выбарамі і плянавала прыцягнуць яшчэ 300 кароткатэрміновых назіральнікаў на дзень галасаваньня.

Расьсьледаваньні Радыё Свабода выявілі парушэньні ўжо на першым этапе выбарчага працэсу: пры складаньні сьпісаў выбарнікаў. Журналісты высьветлілі, што ў рэестры больш за паўмільёна чалавек ня маюць дакладна пазначанага адрасу. У зьвестках пра іх адсутнічаюць назва вуліцы або нумар дому.

Радыё Свабода таксама выявіла сотні выбарнікаў, зарэгістраваных па адрасах грамадзкіх установаў, у тым ліку цэнтраў сацыяльнай дапамогі, а таксама ў дамах, дзе фізычна ня можа пражываць такая вялікая колькасьць людзей.

Гэтыя знаходкі выклікалі грамадзкую ўвагу, паколькі раней назіральнікі ўжо выказвалі падазрэньні, што ўлады арганізоўвалі «масавую міграцыю» выбарнікаў. Ішлося пра грамадзянаў Сэрбіі з суседніх краінаў, якіх нібыта рэгістравалі па адрасах у Сэрбіі, каб яны маглі там галасаваць. Такая практыка магла даваць перавагу кіроўнай партыі.

Расьсьледаваньні Радыё Свабода таксама паказалі, што перад выбарамі павялічылася колькасьць людзей, якія маюць права галасаваць на сэрбскіх выбарах у Босьніі і Косаве. Этнічныя сэрбы ў абодвух рэгіёнах лічацца важнай часткай электарату Прагрэсіўнай партыі Вучыча.

Чатыры супрацоўнікі ўстановаў у Косаве, якія фінансуюцца Сэрбіяй, паведамілі Радыё Свабода, што на іх аказвалі ціск, прымушаючы галасаваць за кіроўную партыю. У раёнах Косава, дзе пераважае сэрбскае насельніцтва, розныя адукацыйныя і мэдычныя ўстановы атрымліваюць фінансаваньне ад сэрбскай дзяржавы.

Мясцовыя назіральнікі за выбарамі зафіксавалі падобную практыку на працоўных месцах у некалькіх муніцыпалітэтах Сэрбіі.

Выбары таксама праходзяць на фоне абвінавачаньняў у незаконным сачэньні і арыштах апанэнтаў улады. За 14 гадоў кіраваньня Вучыч узмацніў свой кантроль над спэцслужбамі.

У сумеснай заяве ад 20 кастрычніка сем амэрыканскіх сэнатараў выказалі занепакоенасьць паведамленьнямі пра незаконнае праслухоўваньне прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама пра спробы дыскрэдытаваць місіі назіраньня за выбарамі і перашкаджаць іхнай працы.

Паводле дасьледаваньняў сэрбскай фундацыі SHARE і лябараторыі Citizen Lab пры Ўнівэрсытэце Таронта, у 2026 годзе як найменей 16 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Сэрбіі сталі аб’ектамі нападаў з выкарыстаньнем шпіёнскага праграмнага забесьпячэньня або атрымалі папярэджаньні пра такія напады. Дасьледнікі пацьвердзілі, у прыватнасьці, заражэньне тэлефонаў некалькіх чалавек шпіёнскай праграмай Pegasus.

Апазыцыя і студэнты абвінавачваюць улады ў арганізацыі сачэньня. Прадстаўнікі ўраду адмаўляюць, што шпіёняць за сваімі апанэнтамі.

Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ў Сэрбіі назіраецца пагаршэньне сытуацыі з правамі і свабодамі. Гэтую тэндэнцыю адзначае і міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House ў сваёй апошняй справаздачы.

Вучыч і Пуцін. Масква, 9 траўня 2025 году
Вучыч і Пуцін. Масква, 9 траўня 2025 году

Паміж Усходам і Захадам

Некаторыя амэрыканскія заканадаўцы папярэджваюць, што Масква можа адыграць актыўную ролю ў сэрбскіх выбарах. Эўрапейскі парлямэнт таксама выказваў занепакоенасьць апэрацыямі Расеі дзеля пашырэньня свайго ўплыву ў краіне.

«Расея задзейнічае свае найлепшыя рэсурсы, тактыку і мэтады, каб сачыць за грамадзянамі Сэрбіі, душыць іхную актыўнасьць і перашкаджаць ім, а таксама магутнаму студэнцкаму руху, які імкнецца аднавіць вяршэнства права ў краіне», — сказаў Радыё Свабода кангрэсмэн-рэспубліканец Джо Ўілсан.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін асабіста выказаў падтрымку Вучычу напярэдадні выбараў.

Падчас выбарчай кампаніі Вучыч паабяцаў працягваць ранейшы замежнапалітычны курс, у тым ліку і надалей адмаўляцца ад заклікаў Эўразьвязу ўвесьці санкцыі супраць Расеі за яе поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну.

Студэнцкі рух засяродзіў сваю кампанію на барацьбе з карупцыяй, адсунуўшы замежнапалітычныя пытаньні на другі плян. Аднак ягоныя прадстаўнікі таксама выступілі супраць санкцыяў у дачыненьні да Расеі і пацьвердзілі падтрымку афіцыйнай пазыцыі Бялграду, які адмаўляецца прызнаваць незалежнасьць Косава.

Тым часам інтэграцыя Сэрбіі ў Эўразьвяз зайшла ў тупік. Краіна, якая некалі разам з Чарнагорыяй была сярод лідэраў працэсу пашырэньня ЭЗ, цяпер апынулася амаль у канцы сьпісу кандыдатаў. З канца 2021 году ў перамовах пра далучэньне Сэрбіі да Эўразьвязу не адкрылі ніводнага новага разьдзелу.

Сярод галоўных прычынаў застою называюць адступленьне ад дэмакратычных стандартаў, неўрэгуляваныя адносіны з Косавам і адмову ўводзіць санкцыі супраць Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG