Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Сэрбіі Вучыч датэрмінова пакінуў сваю пасаду, але ён плянуе зноў вярнуцца ва ўладу

Аляксандар Вучыч пасьля заявы аб адстаўцы, 27 верасьня 2026 году
Аляксандар Вучыч пасьля заявы аб адстаўцы, 27 верасьня 2026 году

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч абвясьціў аб сваёй адстаўцы — ён знаходзіўся на гэтай пасадзе 12 гадоў, а сёлета ў канцы чэрвеня заявіў аб намеры датэрмінова сысьці ў адстаўку.

Як паведаміла агенцтва Reuters, Аляксандар Вучыч ачоліць сьпіс кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі і стане кандыдатам у прэм’ер-міністры.

У 2027 годзе мусіў закончыцца яго другі тэрмін на пасадзе прэзыдэнта. Згодна з Канстытуцыяй краіны, адна і тая ж асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны.

Што папярэднічала

7 верасьня ўрад Сэрбіі папрасіў прэзыдэнта распусьціць Народную Скупшчыну — аднапалатны парлямэнт краіны і прызначыць новыя выбары. Аляксандар Вучыч так і зрабіў. Новыя выбары адбудуцца 25 кастрычніка.

Сэрбія — парлямэнцкая рэспубліка. Выканаўчая ўлада ў краіне належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Прэзыдэнт, аднак, таксама мае шэраг паўнамоцтваў, найперш, у сфэры вонкавай палітыкі і бясьпекі.

Прэзыдэнт, які сустракаўся і з Лукашэнкам і зь Ціханоўскай

Аляксандар Вучыч кіруе краінай з 2017 году. Ён пазыцыянуе сябе рэфарматарам, які вядзе Сэрбію ў ЭЗ, але пры гэтым захоўвае цесныя сувязі з Расеяй і Кітаем.

Вучыч таксама чатыры разы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, у 2017 (калі быў яшчэ прэм’ер-міністрам), 2019 (двойчы)і 2024 годзе.

На апошняй сустрэчы Лукашэнка казаў Вучычу, што «старых сяброў губляць нельга», таму трэба падтрымліваць стасункі з Расеяй і Беларусьсю. «Гэта сапраўдныя сябры, глыбокія сябры, і ў гэтым кірунку, я мяркую, у Сэрбіі будуць рабіць максымум», — заявіў тады Лукашэнка.

Вучыч быў першым сярод кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаў, якія павіншавалі Лукашэнку з «перамогай на выбарах» 26 студзеня 2025 году. Ён зрабіў гэта двума днямі пазьней.

У кастрычніку 2025 году Вучыч на палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Даніі сустрэўся зь Сьвятланай Ціханоўскай. Яны абмеркавалі праграмы рэабілітацыі для беларусаў у Сэрбіі і шляхі далейшай дапамогі тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Ціханоўская падзякавала сэрбскаму прэзыдэнту за «канструктыўны дыялёг і супрацу».

У Сэрбіі паўтара году не сьціхаюць антыўрадавыя пратэсты

У Сэрбіі ўжо больш за паўтара году працягваюцца антыўрадавыя пратэсты, якія ўсчаліся пасьля абвалу навесу на чыгуначным вакзале ў Нові-Садзе. Тады загінулі 16 чалавек.

Прычынай трагедыі, якая адбылася 1 лістапада 2024 году, пратэстоўцы называюць карупцыю, вынікам якой стала няякаснае будаўніцтва вакзала. Правядзеньне датэрміновых выбараў было адным з асноўных патрабаваньняў дэманстрантаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG