Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка разышоўся са сваімі прапагандыстамі ў ацэнцы пратэстаў у Францыі

Пратэст парыскіх студэнтаў. 8 кастрычніка 2026 году
Пратэст парыскіх студэнтаў. 8 кастрычніка 2026 году

Сьцісла

  • Дзяржаўная прапаганда і МЗС Беларусі падтрымалі пратэсты ў Францыі і асудзілі дзеяньне тамтэйшых уладаў, паліцыі.
  • Лукашэнка, наадварот, нэгатыўна ацаніў паводзіны дэманстрантаў і выказаў разуменьне пазыцыі ўладаў.
  • Вулічныя пратэсты выклікаюць у Лукашэнкі страх і хваравітую рэакцыю.
  • Паводле яго ўяўленьняў, дзейны прэзыдэнт ня можа прайграць выбары.

Лукашэнка асудзіў акцыі пратэсту ў Францыі і фактычна падтрымаў дзейнасьць францускіх уладаў, бо, паводле ягоных уяўленьняў, любая ўлада — па вызначэньні зьява сакральная. І таму замах на яе — гэта блюзьнерства.

Лукашэнка дэзавуюе МЗС і дзяржаўную прапаганду

Падчас рабочай паездкі ў Менскі раён 12 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, разважаючы пра павышэньне ўрадлівасьці пясчаных глеб, проста ў полі раптам пачаў камэнтаваць пратэсты ў Францыі.

«Мы ня радуемся, я ня пляскаю ў ладкі таму, што адбываецца ў Францыі, у адрозьненьне ад нашых журналістаў. Таму што гэта недапушчальна. Гэта тое ж самае, што ў нас было (у 2020-м годзе. — заўвага прэс-службы Лукашэнкі). Палітыкі выкарыстоўваюць дзяцей у палітычных мэтах. Што тут добрага? Вядома, Макрон жорстка гэтыя рэчы спыняе. Чаго ж вы, у нас гэта было для іх добра, а ў іх гэта ж для іх дрэнна», — сказаў Лукашэнка.

Фактычна Лукашэнка нэгатыўна ацаніў пазыцыю дзяржаўных прапагандыстаў («нашых журналістаў»). Афіцыёзныя мэдыя Беларусі даводзяць, што пратэсты справядлівыя і законныя, а францускія ўлады ня маюць рацыі, паліцыя дзейнічае празьмерна жорстка.

Але пазыцыя Лукашэнкі разышлася ня толькі з уласнымі прапагандыстамі. МЗС Беларусі ў пачатку кастрычніка выказала «глыбокую занепакоенасьць» масавымі арыштамі непаўналетніх у Францыі, падкрэсьліўшы, што замест дыялёгу з грамадзтвам францускія ўлады зьвяртаюцца да масавых адвольных арыштаў. Міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» рэзка скрытыкаваў дзейнасьць францускай паліцыі: «Тысячамі хапаюць дзяцей (пяць ці шэсьць тысяч дзяцей пасадзілі ў вязьніцу), гэта ў іх усё нармальна».

А вось Лукашэнка асудзіў акцыі пратэстоўцаў («гэта недапушчальна») і фактычна падтрымаў дзейнасьць францускіх уладаў, тамтэйшай паліцыі («вядома, Макрон жорстка гэтыя рэчы спыняе»).

Уяўленьне пра сакральнасьць улады і непрыняцьце вулічных пратэстаў

Чаму раптам Лукашэнка насуперак сваёй прапагандысцкай машыне (а МЗС стала яе часткай), якая разьдзімае любыя праблемы на Захадзе, выступіў у абарону ўладаў Францыі? Бо гэтыя падзеі закранулі нешта вельмі важнае ў ягоным сьветапоглядзе, нейкія патаемныя струны з сфэры падсьвядомага, узбудзілі дэманаў 2020 году.

Паводле ўяўленьняў Лукашэнкі, любая ўлада — па вызначэньні зьява сакральная. І таму замах на яе — гэта блюзьнерства.

За больш як тры дзясяткі гадоў кіраваньня дзяржавай Лукашэнка распрацаваў, замацаваў вялізны арсэнал інструмэнтаў і мэханізмаў утрыманьня ўлады. Напрыклад, ён добра ведае, як правесьці выбары, каб атрымаць патрэбны вынік. А вось пратэстоўцы на вуліцах — гэта для яго абсалютная анамалія. Ён так і не навучыўся спакойна рэагаваць на дэманстрацыі пратэсту. Яны выклікаюць страх, стрэс, хваравітую рэакцыю, у іх ён бачыць прывіды рэвалюцыі. Асабліва на тле ўспамінаў пра 2020 год.

Таму Лукашэнка — рашучы праціўнік рэвалюцый. Ён увесь час рэфрэнам паўтарае, што ліміт рэвалюцый мы вычарпалі. Лукашэнка рэзка асудзіў украінскі Майдан. Ён да самага канца падтрымліваў сэрбскага аўтакрата Слабадана Мілошавіча, якога зрынула рэвалюцыя ў 2000 годзе. Беларусь дала палітычны прытулак прэзыдэнту Кіргізстана Курманбеку Бакіеву, зрынутаму рэвалюцыяй у 2010 годзе. Лукашэнка заклікаў надаць АДКБ яшчэ адну функцыю — бараніць аўтакратычныя рэжымы на постсавецкай прасторы ад іх уласных народаў, якія выходзяць на пратэст.

Яшчэ адна важная ўстаноўка Лукашэнкі палягае ў тым, што вулічныя пратэсты — гэта, як правіла, вынік замежнага ўплыву (ЦРУ, Сорас, «вашынгтонскі абкам»). Маўляў, за «каляровымі рэвалюцыямі» ці «Арабскай вясной» стаіць Захад, які падбухторвае законапаслухмяныя народы выступіць супраць сваіх уладаў.

Выключэньні з антырэвалюцыйнай ідэалягемы

Але ў такой антырэвалюцыйнай ідэалягеме ёсьць выключэньні. Напрыклад, стаўленьне ўладаў Беларусі да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расеі 1917 года цалкам пазытыўнае. Бо ўпісваецца ў больш шырокі канцэпт ідэалізацыі савецкага ладу, спадкаемцам якога разглядае сябе рэжым Лукашэнкі.

Ёсьць яшчэ адно выключэньне. Лукашэнка падтрымаў пратэст прыхільнікаў Дональда Трампа, якія не пагадзіліся з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, іхні штурм Капітолію. Але тут іншае тлумачэньне. Паводле ўяўленьняў Лукашэнкі, дзейны прэзыдэнт ня можа прайграць выбары. Таму параза кіраўніка, які знаходзіцца пры ўладзе — гэта, зь ягонага гледзішча, нонсэнс, такога проста не можа быць. Таму, напрыклад, ён упэўнена прадказваў перамогу дзейнага на той момант прэзыдэнта Пятра Парашэнкі падчас выбараў 2019 году ва Ўкраіне. Таму, вяртаючыся да падзей 2020 года ў ЗША, прыхільнікі Трампа мелі рацыю, бо баранілі ўладу дзейнага на той момант прэзыдэнта.

Таму, з гледзішча палітычнага сьветапогляду Лукашэнкі, асуджэньне пратэстоўцаў і абарона ўладаў Францыі падчас цяперашніх падзей не такая ўжо і нечаканая.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG