Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зрабіў Беларусь мішэньню ў магчымай вайне Расеі з NATO, — Карбалевіч

Вайскоўцы NATO ў Аб'яднаным апэратыўным і разьведвальным цэнтры падчас вучэньняў «Avenger Triad 26» у Вісбадэне (Нямеччына). 9 кастрычніка 2026 году
Вайскоўцы NATO ў Аб'яднаным апэратыўным і разьведвальным цэнтры падчас вучэньняў «Avenger Triad 26» у Вісбадэне (Нямеччына). 9 кастрычніка 2026 году

Сьцісла

  • Дзяржаўная прапаганда прыкладае шмат намаганьняў, каб замацаваць вобраз краіны як выспы міру і бясьпекі.
  • Аднак усё большая агрэсіўнасьць Расеі пагражае ўцягнуць Беларусь у прорву вайны.
  • NATO у вайсковым пляне не аддзяляе Беларусь ад Расеі і ў адказ на магчымую агрэсію апошняй плянуе ўдарыць па расейскіх вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Беларусі.

Новая стратэгія NATO паказвае, што ў выпадку вайны з Расеяй цэлямі ўдараў могуць стаць і вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі. Нягледзячы на міралюбную рыторыку Лукашэнкі, ягоны вайсковы хаўрус з Масквой стварае для краіны ўсё большыя рызыкі.

Сумнеўны вобраз

Апошнім часам дзяржаўная прапаганда Беларусі прыкладае шмат намаганьняў, каб замацаваць вобраз краіны як выспы міру, бясьпекі, спакою. Маўляў, мірнае неба пасярод ваенных катаклізмаў у сьвеце — гэта цяперашні вобраз краіны. Менавіта ў гэтым рэчышчы гучаць заявы афіцыйных асобаў Беларусі. Нядаўна міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў заявіў, што краіна гатовая аднавіць вайсковыя каналы сувязі з NATO, вярнуцца да мэханізмаў вэрыфікацыі, раньняга папярэджаньня ды іншых захадаў дзеля празрыстасьці ў вайсковай сфэры.

Пры гэтым Аляксандра Лукашэнку прадстаўляюць як гаранта міру. Ёсьць нават спробы рытарычнага дыстанцыяваньня ад Расеі. Падчас сустрэчы ў Менску з кіраўнікамі ўрадаў краін ЭАЭС 2 кастрычніка Лукашэнка прызнаў, што ў пытаньні вайны ва Ўкраіне пазыцыя Беларусі не ўва ўсім супадае з пазыцыяй Расеі: «Я прэзыдэнту Пуціну адкрыта пра гэта сказаў: у мяне ёсьць сваё разуменьне асобных аспэктаў канфлікту ва Ўкраіне».

Таксама афіцыйны Менск дэманструе свае міратворчыя высілкі дзеля замірэньня ў вайне Расеі супраць Украіны. Лукашэнка прапануе сябе на ролю пасярэдніка, заклікае правесьці перамовы аб міры ў беларускай сталіцы.

Мішэнь за саюзьніцтва з Расеяй

Аднак выступ вярхоўнага галоўнакамандуючага Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе Алексуса Грынкевіча на форуме бясьпекі ў Варшаве 12 кастрычніка павінен ацьвярозіць. Паводле яго, тры месяцы таму NATO ўхваліла плян дзеяньняў на выпадак расейскай агрэсіі супраць эўрапейскіх чальцоў паўночнаатлянтычнага альянсу.

Паводле The Wall Street Journal, гэта плян прадугледжвае, што ракеты вялікай далёкасьці павінны нанесьці ўдары па расейскіх камандных пунктах і аб’ектах супрацьпаветранай абароны ў Калінінградзкай вобласьці Расеі, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі.

Лёгіка кіраўніцтва NATO зразумелая. Напад Расеі на Польшчу і краіны Балтыі цяжка ўявіць без выкарыстаньня беларускай тэрыторыі, бо Беларусь мяжуе з усімі гэтымі краінамі. Расія ўжо выкарыстоўвала беларускую тэрыторыю для ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, таму ў рэгіёне такі сцэнар успрымаюць сур’ёзна.

Грынкевіч не раскрыў вялікай ваеннай таямніцы. У заходніх вайсковых колах яшчэ з 1990-х гадоў Беларусь успрымалася найперш як вайсковы саюзьнік Расеі.

Дарэчы, менавіта так успрымалі Беларусь і ў Крамлі. Вядома, што яшчэ з часоў Барыса Ельцына расейскія сілавікі — самыя надзейныя лябісты Лукашэнкі ў Расеі. Ад самага стварэньня гэтак званай саюзнай дзяржавы вайсковы складнік адыгрываў вельмі важную ролю ў працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі.

Хоць у 2010-е гады, асабліва пасьля захопу Расеяй Крыму, Лукашэнка спрабаваў ухіляцца да цесных вайсковых абдымак з Расеяй, супраціўляўся стварэньню ў Беларусі паўнавартаснай расейскай вайсковай базы. Казаў, што, маўляў, гэта немэтазгодна, варта яе будаваць далей ад межаў з краінамі-чальцамі NATO, каб яе ня зьнішчылі.

Шчыльны вайсковы хаўрус пасьля 2020 году

Але 2020 год і, асабліва, пачатак вайны Расеі супраць Украіны ўсё радыкальна памяняў. Напад на ўкраінскую тэрыторыю адбыўся з тэрыторыі Беларусі. Да восені 2022 году адсюль Расея вяла абстрэлы Ўкраіны. Міжнародныя арганізацыі асудзілі ўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку выкарыстаньне беларускай тэрыторыі для расейскага ўварваньня.

Увогуле ў Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй заключана каля чатырох дзясяткаў міжнародных дамоваў, накіраваных на каардынацыю сумеснай дзейнасьці ў вайсковай сфэры. Яшчэ больш за 40 дамоваў рэгулююць вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаў. Функцыянуе сумесная Рэгіянальная групоўка войскаў, Адзіная рэгіянальная сыстэма супрацьпаветранай абароны. Кожны год праводзяцца сумесныя вучэньні войскаў. На тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя два расейскія вайсковыя абʼекты: радыёлякацыйная станцыя «Волга» (Баранавічы) і 43-ці вузел сувязі Ваенна-марскога флёту (Вілейка).

2 сакавіка 2021 году міністэрствы абароны дзьвюх краін падпісалі праграму стратэгічнага партнэрства на пяць гадоў. Таксама існуе дамова аб стварэньні трох цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў. У лістападзе 2021-га была абноўленая Ваенная дактрына саюзнай дзяржавы.

Узаемныя абавязацельствы падтрымліваць саюзьніка ў выпадку зьнешняй агрэсіі зафіксаваныя ў некалькіх дакумэнтах, прынятых і падпісаных Беларусьсю і Расеяй у рамках саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, такія абавязацельствы ёсьць у дамовах у рамках АДКБ. У 2024 года Менск і Масква падпісалі Дамову аб узаемных гарантыях бясьпекі.

Зь вялікім прапагандысцкім шумам абвясьцілі пра разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Арэшнік».

Усё гэта адбываецца на тле эскаляцыі ў вайне Расеі супраць Украіны і яе супрацьстаяньні з Эўропай. Масква ўсё часьцей пагражае эўрапейскім краінам ядзернай зброяй. Расея падымае стаўкі і нагнятае напружанасьць.

Словы не супадаюць са справамі

Кіраўніцтва Беларусі ў гэтых умовах спрабуе манэўраваць. З аднаго боку, ладзяцца бясконцыя вайсковыя вучэньні, праверкі гатоўнасьці розных падразьдзяленьняў, трэніроўкі запасьнікоў у рамках тэрытарыяльнай абароны і інш. І ўсё гэта на тле паўтарэньня тэзісаў расейскай прапаганды аб агрэсіўным Захадзе.

З другога боку, Лукашэнка ўвесь час запэўнівае ў сваім міралюбстве. Падчас нарады 13 кастрычніка ён заявіў: «Мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазьбегнуць. Ні на каго мы нападаць не зьбіраемся, як апошнім часам у СМІ нашыя заходнія „сябры“ разгарнулі кампанію, што Расія нападзе на краіны Балтыі як мінімум, магчыма, на Польшчу з тэрыторыі Беларусі і разам з Беларусьсю».

Аднак заходнія суседзі глядзяць не на словы, а на справы. Зьяўляецца ўсё больш фактаў, што Расея вядзе «гібрыдную вайну» супраць Эўропы, а Беларусь ёй дапамагае. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць і новыя абвінавачаньні Латвіі на адрас Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам на супольнай мяжы. Лукашэнка 13 кастрычніка адхіліў абвінавачаньні ў пранікненьні ўзброенай групы зь беларускай тэрыторыі.

З ростам ваенна-палітычнага напружаньня ва Ўсходняй Эўропе суб’ектнасьць Беларусі як самастойнага геапалітычнага гульца зьмяншаецца. Яна разглядаецца як адзінае цэлае з Расеяй. А Лукашэнка, разважаючы пра «нашую агульную Айчыну ад Берасьця да Ўладзівастоку», толькі ўмацоўвае такія ўяўленьні. Таму ў выпадку расейскай агрэсіі супраць NATO вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі могуць стаць цэлямі ўдараў у адказ.

Менавіта ў выніку палітыкі Лукашэнкі Беларусь стала закладніцай агрэсіўных расейскіх імпэрскіх амбіцый.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG