Галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе генэрал Алексус Грынкевіч прадставіў на канфэрэнцыі ў бясьпецы ў Варшаве новы ваенны плян альянсу па перадухіленьні патэнцыйнай расейскай агрэсіі на ўсходнім флянгу.
Паводле амэрыканскага выданьня The Wall Street Journal, якое прыводзіць дэталі агучанай Грынкевічам «тэорыі перамогі», расейскія камандныя пункты і аб’екты СПА ў Калінінградзкай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі могуць стаць цэлямі для ўдараў ракет вялікай далёкасьці NATO.
За тое, што Беларусь стала часткай ваеннай палітыкі Расеі, нясе адказнасьць Аляксандар Лукашэнка, лічыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.
«Лукашэнка фактычна падпарадкаваў Беларусь інтарэсам Расейскай Фэдэрацыі. Першы крок да гэтага быў зроблены яшчэ ў 2020 годзе, хаця і на працягу папярэдніх гадоў Лукашэнка таксама гандляваў нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі», — заявіў Павал Латушка ў камэнтары для «ПіКу Свабоды».
Паводле Латушкі, Лукашэнка ў 2020 годзе прайграў выбары і зьвярнуўся па дапамогу да Пуціна, каб захаваць уладу. Пуцін дапамог, а ўзамен Лукашэнка ў 2022 годзе «выканаў загад Пуціна, прадставіўшы тэрыторыю Беларусі для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну».
«І вось з гэтага моманту мы бачым значнае зьмяншэньне суб’ектнасьці як самога Лукашэнкі, так, на жаль, і нашай дзяржавы Беларусь. На сёньняшні дзень Лукашэнка рэалізуе ў зьнешняй палітыцы палітыку абсалютна ў інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі, якая не адпавядае нацыянальным інтарэсам беларускага народу ці дзяржавы Рэспублікі Беларусь», — сказаў Латушка.
У прыватнасьці, Лукашэнка падтрымлівае агрэсію супраць Украіны пры тым, што большасьць беларусаў ня бачыць у ёй ніякага сэнсу, адзначыў Латушка.
«Нават апошнім часам амэрыканскія палітыкі кажуць пра тое, што ў Лукашэнкі няма суб’ектнасьці. Той жа Кіт Келаг у нядаўнім інтэрвію выказаўся пра тое, што ён не ўяўляе сабой сур’ёзную зьнешнепалітычную фігуру. Дэлегацыя амэрыканцаў, якая апошнім часам сустракалася ў Крамлі з Пуціным, размаўляла пра беларускі калій, фактычна прапаноўвала з Пуціным дамовіцца аб зьняцьці санкцыяў на беларускі калій. Гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што Лукашэнка значна паменшыў сваю суб’ектнасьць», — сказаў Латушка.
Ён нагадаў, што Лукашэнка падпісаў з Расеяй вайсковую дактрыну і дамову аб гарантыях бясьпекі ў рамках так званай саюзнай дзяржавы. Што робіць Беларусь «часткай вайсковай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі».
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
Форум