Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці ў грыбах, ягадах і закатках знайшлі цэзій-137

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гомельскі абласны цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя правёў у верасьні дасьледаваньне 719 пробаў харчовых прадуктаў, найперш — ягад, грыбоў і кансэрваў з іх на зьмяшчэньне цэзію-137.

Пра гэта паведамляе сайт Гомель.Навіны.

З дзяржаўнага сэктара дасьледавана 78 пробаў харчовых прадуктаў і 28 пробаў вады. Усе яны былі ў норме. З прыватнага сэктара дасьледавалі 641 пробу. Перавышэньне цэзію-137 выяўлена ў 90 пробах, зь іх — у 73 пробах грыбоў сьвежых і прадуктаў іх пераробкі, ягад дзікарослых і прадуктах іх пераробкі ці кансэрваваных прадуктаў зь іх.

«Перавышэньне гігіенічных нарматываў зарэгістравана на 11 адміністрацыйных тэрыторыях Гомельскай вобласьці — у Брагінскім, Добрускім, Ельскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Нараўлянскім, Рэчыцкім, Сьветлагорскім і Хойніцкім раёнах. Пры нарматыве 500 Бк/кг, утрыманьне цэзію-137 у пробах сьвежых грыбоў і прадуктаў іх пераробкі саставіла ад 529 Бк/кг (Сьветлагорскі раён) дэ 12002 Бк/кг (Кармянскі раён). Пры нарматыве 2500 Бк/кг, утрыманьне цэзію-137 у пробах грыбоў сушаных склала ад 2844 Бк/кг (Калінкавіцкі раён) дэ 38870 Бк/кг (Нараўлянскі раён). Пры нарматыве 160 Бк/кг, утрыманьне цэзію-137 у пробах ягад дзікарослых і кансэрваваных прадуктаў зь іх саставіла ад 218 Бк/кг (Кармянскі раён) дэ 746 Бк/кг (Брагінскі раён)», — паведамляе гомельскае выданьне.

Праведзены таксама дасьледаваньні 49 проб харчовых прадуктаў і 1 пробы вады на зьмяшчэньне стронцыю-90, перавышэньняў гігіенічных нарматываў не ўстаноўлена, паведамляе рэсурс.

Чаму гэта важна

Калі цэзій-137 трапляе ў арганізм разам з прадуктамі харчаваньня, ён апраменьвае органы і тканкі чалавека знутры, ён цяжка выводзіцца з арганізма, што павышае рызыку анкалягічных хвароб. Найбольш цэзій-137 назапашваюць лясныя ягады і грыбы, рыба і дзічына. Таму гэтыя прадукты, здабытыя на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, неабходна правяраць на наяўнасьць цэзію. Такія праверкі ў Гомельскай вобласьці праводзяцца бясплатна.

Чым небясьпечны цэзій-137

Цэзій-137 — радыяактыўны ізатоп штучнага паходжаньня. У прыродзе яго не існавала да пачатку ядзернай эры. Ён утвараецца пры дзяленьні ядраў у ядзерных рэактарах і пры выбухах ядзернай зброі. Пры аварыі на ЧАЭС у навакольнае асяродзьдзе былі выкінутыя велізарныя аб’ёмы радыянуклідаў, зь якіх значную частку складаў менавіта цэзій-137. Ён распаўсюдзіўся далёка за межы Ўкраіны, Беларусі і Расеі, зрабіўшы радыяцыю глябальнай праблемай.

Асаблівасьць цэзію-137 у тым, што ён ня проста ёсьць у навакольным асяродзьдзі — ён уключаецца ў харчовыя ланцужкі, трапляе ў арганізм чалавека і назапашваецца ў тканках. Дасьледаваньні паказалі, што цэзій разьмяркоўваецца ў целе нераўнамерна. У жыцьцёва важных органах — сэрцы, пячонцы, нырках — яго канцэнтрацыя можа быць у 10–100 разоў вышэйшая, чым сярэдні паказьнік ува ўсім арганізьме. Найбольш уразьлівыя да гэтага ўзьдзеяньня дзеці і падлеткі.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG