З такімі пагрозамі апошнім часам выступае расейская прапаганда, лідэры Ўкраіны і краін Захаду зь непакоем рэагуюць на такія заявы, папярэджваюць аб нэгатыўных наступствах такога ўдару.
Нягледзячы на тое, што, на думку ваенных экспэртаў, магчымасьць прымяненьня тактычнай або стратэгічнай ядзернай зброі Расеяй супраць Украіны ці іншай дзяржавы малаімаверная, цалкам выключаць такую пагрозу нельга. На аснове парадаў экспэртаў Свабода сабрала правілы, што рабіць, каб выжыць і захаваць сваё здароўе ў выпадку ядзернага ўдару.
Ёсьць шмат жартаў пра тое, што пасьля ядзернага выбуху выжывуць толькі прусакі. Аднак гэта няпраўда — нават у гарадах, куды наўпрост пацэліць ядзерная бомба, загінуць да 60% жыхароў, а значыць, шанец выжыць і максымальна захаваць здароўе ёсьць.
Дык што рабіць, калі ў вашым горадзе ці побач адбыўся ядзерны выбух?
Шмат залежыць ад таго, дзе вас засьпеў момант выбуху. Разгледзім найбольш тыповыя варыянты падзеяў.
Калі вы дома
Калі вы пачулі сырэну грамадзянскай абароны, уключыце ТВ, радыё, зазірніце ў інтэрнэт для дадатковай інфармацыі. Майце на ўвазе, што самым надзейным сродкам атрыманьня інфармацыі будзе радыёпрымач, добра было б мець яго.
Самае небясьпечнае пры ядзерным выбуху — сьветлавое выпраменьваньне. Важна абараніць сябе ад яго. Таму тэрмінова захінайце фіранкі і залазьце пад стол, ніжэй за лінію акна.
Абараніце не пакрытыя адзеньнем участкі скуры — насуньце на галаву каптур, нацягніце рукавы на далоні. Бо нават за 10 км ад эпіцэнтру выбуху сьветлавы выбліск можа выклікаць на скуры апёкі ІІІ ступені. Небясьпека яшчэ і ў тым, што хуткая гібель нэрвовых клетак прытупляе адчуваньне болю, таму да пашкоджанай скуры можна выпадкова дакрануцца і дадаткова яе пашкодзіць.
Падрыхтуйце таблеткі ёдыду калію ці ёд. Не пры кожным ядзерным выбуху можа быць выкід радыяактыўнага ёду. Спэцыялісты раяць сачыць за навінамі. Калі адбыўся такі выкід, прыміце ёд. Калі ёсьць адмысловыя таблеткі ёдыду калію — выдатна. Калі не — замяніце звычайнай рашчынай ёду. Пра дозы для кожнай узроставай катэгорыі лепш загадзя даведацца ад доктара.
Таксама парада ад доктара Юрыя Бандажэўскага, навукоўца, які вывучае наступствы катастрофы на ЧАЭС. Ён рэкамендуе прыём мэтыляваных (актыўных) формаў вітамінаў В9 і В12.
Важна мець напагатове запасы вады ў бутэльках і кансэрваванай ежы. Заўсёды майце іх і папаўняйце, калі заканчваецца тэрмін прыдатнасьці! Вы ніколі ня будзеце ведаць дакладнай даты выбуху, але «ядзерная валізка», сабраная загадзя, можа вельмі дапамагчы ў першыя гадзіны і дні пасьля выбуху. Вось што ў ёй павінна быць: дазымэтар, разьлічаны на вялікую колькасьць радыяцыі, і акумулятар да яго, ліхтарык (і акумулятар да яго), радыёпрымач, компас, рэсьпіратары, адгазьнік, аднаразовыя бахілы, пальчаткі, накідкі, хімічныя грэлкі.
Самы небясьпечны час — 5 дзён пасьля выбуху (за гэты час распадуцца найбольш небясьпечныя караткавечныя ізатопы). Менавіта гэты час трэба правесьці ў падвале, бамбасховішчы ці кватэры (калі яна ацалела). Таму важна мець запас харчоў, каб не выходзіць на вуліцу.
Калі вы на вуліцы
Варта ведаць, што спачатку вы пабачыце выбліск, а гук прыйдзе зь вялікім спазьненьнем. Пастарайцеся адкрыць рот — гук будзе настолькі моцным, што можа парваць бубенныя балоны. Пабачыўшы выбліск, трэба пастарацца схавацца ў наступныя 5 сэкундаў, то бо найдалей за некалькі крокаў. Гэта можа быць хаця б кювэт, куды трэба скокнуць, легчы на жывот і закрыць неабароненыя ўчасткі скуры. Калі побач няма кювэту — кідайцеся на зямлю, галавой далей ад выбуху, і закрывайце твар і рукі. Калі ёсьць капюшон, абавязкова надзеньце яго. Ні ў якім разе не фатаграфуйце выбліск, не глядзіце знарок на яго — так вы можаце цалкам страціць зрок і скуру на адкрытых участках цела. І адразу шукайце сховішча. Ужо ў памяшканьні здыміце вопратку, у якой вы былі падчас выбуху на вуліцы, запакуйце яе ў плястыкавы пакет і схавайце. Ні ў якім разе ня спальвайце вопратку.
Калі зьявілася магчымасьць памыцца, то безь вяхоткі, бо яна можа траўмаваць скуру, але вазьміце як мага больш мыйнага сродку. Пасьля душу пазьбягайце кантакту з вадой, радыяцыя паступова будзе прасочвацца ў грунтавыя воды.
Калі вы ў машыне
Загамуйце да поўнага спыненьня, пастаўце аўтамабіль на ручны тормаз. Абавязкова падыміце шыбы машыны. Апусьціцеся ніжэй за ўзровень ветравой шыбы, каб абараніцца ад сьветлавых апёкаў. І далей шукайце месца, дзе схавацца.
Памятайце: каб зьнізіць узьдзеяньне радыяцыі, трэба апынуцца як мага далей ад выбуху, знайсьці памяшканьне з максымальна тоўстымі сьценамі і не выходзіць адтуль як мага даўжэй.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.