Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску каля 1000, самае вялікае — на МАЗе. Расказваем пра бамбасховішчы ў Беларусі


Бомбасховішча ў Менску
Бомбасховішча ў Менску

«У асноўным гэта старыя падвальныя памяшканьні». Разьбіраемся, якія ёсьць бамбасховішчы ў Беларусі і ў якім яны стане.

Хто ратуе грамадзян у выпадку нападу

  • У Беларусі існуе закон «Аб грамадзянскай абароне», прыняты ў лістападзе 2006 году. Менавіта ў гэтым дакумэнце прапісана, хто адказны за дапамогу грамадзянам у выпадку нападу ці здарэньня.
  • Грамадзянскай абаронай у Беларусі кіруе Савет міністраў, начальнік грамадзянскай абароны — прэм’ер-міністар Беларусі. Цяпер гэта Раман Галоўчанка.
  • У раёнах грамадзянскую абарону ўзначальвае адзін з кіраўнікоў выканкаму, ён займае пасаду начальніка грамадзянскай абароны на гэтай тэрыторыі.
  • У ваенны час органы кіраваньня грамадзянскай абаронай — штабы грамадзянскай абароны, якія ствараюцца на базе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.
  • У мірны час органы кіраваньня грамадзянскай абаронай такія: на рэспубліканскім узроўні — Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, на тэрытарыяльным узроўні — абласныя і Менскае гарадзкое ўпраўленьні Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

Што зь беларускімі бамбасховішчамі

На сайтах МНС ды іншых дзяржаўных органаў не знаходзім інфармацыі пра плян бамбасховішчаў ці іх стан. Мяркуючы па ўсім, гэта закрытыя дадзеныя. Сам тэрмін «бамбасховішча» ў законах не ўжываецца, замест яго прымяняюць тэрмін «абарончая пабудова».

Асноўная частка гэтых бамбасховішчаў пабудаваныя пасьля Другой сусьветнай вайны, падчас «халоднай вайны» СССР з ЗША.

Як расказаў Свабодзе былы супрацоўнік МНС Андрэй, асноўная частка гэтых бамбасховішчаў — проста падвальныя памяшканьні. Цяпер дамы таксама будуюцца з бамбасховішчамі.

«Пасьля 2005 году пачалося частковае абнаўленьне гэтых бункераў і наладжваньне сыстэмы кіраваньня імі, але яны аднаўляліся выключна для кіраўніцтва. А большасьць бамбасховішчаў — гэта проста бамбасховішча пры доме, калі ён будуецца. Там няма прыпасаў, няма ежы. Тэрытарыяльная абарона абнавіла некалькі пунктаў для кіраваньня. Адзін зь іх — у вельмі добрым стане, ён знаходзіцца ў Прывольным, там ёсьць сыстэма фільтрацыі паветра, свая вада. Гэта для кіраўніцтва грамадзянскай абароны», — расказвае былы ратавальнік.

Люк у бомбасховішча ў Бабруйску
Люк у бомбасховішча ў Бабруйску

То бок абноўленыя, добра абсталяваныя бамбасховішчы прызначаныя для кіраўніцтва тэрытарыяльнай абароны на месцы. Іншыя бамбасховішчы — для звычайных грамадзян.

«У выпадку, калі прыходзяць дадзеныя выведкі пра нейкі дакладны напад, туды прыяжджае начальства раённай грамадзянскай абароны і разгортваецца штаб», — кажа былы ратавальнік.

Дакладнай лічбы бамбасховішчаў у Беларусі няма, ёсьць толькі лічбы па асобных гарадах.

У Менску, напрыклад, іх тысяча, такую лічбу выданьню «Аргументы и факты», супрацоўнікі МНС агучвалі ў 2013 годзе.

  • Самае новае, яно ж і самае вялікае, пабудавалі на заводзе МАЗ у 2006 годзе. Там можа ўкрыцца да 4 тысяч чалавек.
  • Яшчэ адно дастаткова новае бамбасховішча — на Батанічнай вуліцы, на тэрыторыі трамвайнага парку. Яго дабудавалі ў 2005 годзе. У ім можа разьмясьціцца да 250 чалавек.
  • Таксама вядомыя бамбасховішчы па адрасах Чырваназорная 1 і 3а, Казлова 5, 7 і 9, Залатая горка 10, праспэкт Незалежнасьці 44, 46 і 48, Якуба Коласа 4, 53, 55/2 і 59, Сурганава 31, Чырвоная 16 і 21а.
  • Ёсьць бамбасховішча на тэрыторыі лякарні хуткай дапамогі і ў будынку «Белтэлекама» на Камуністычнай вуліцы.
  • Дакладных лічбаў па іншых гарадах няма. Вядома пра 96 бамбасховішчаў у Берасьці, а таксама 500 падвальных і заглыбленых памяшканьняў.
  • Горадзенскія СМІ пісалі пра 100 сховішчаў. Самае вялікае — на заводзе «Белкард», там можа схавацца да 1200 чалавек.
  • Пры гэтым ад 20% да 50% бамбасховішчаў здаюцца ў арэнду. У асноўным бамбасховішчы знаходзяцца пад зямлёй на глыбіні ад 1,5 да 10 мэтраў.

У адным з матэрыялаў «Звязды» ратавальнікі расказвалі пра 2500 падвальных памяшканьняў у Менску, дзе магчыма ўкрыцца, і пра станцыі мэтрапалітэну, дзе можна схавацца.

Як зразумець, што трэба бегчы ў бамбасховішча

У 2015 годзе прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі наступным чынам апісваў альгарытм дзеяньняў грамадзян:

«Калі чалавек даўжэй за дзьве хвіліны чуе гук сырэны, ён павінен уключыць радыё, тэлевізар або зайсьці на сайт МНС. У тэлеэфіры зьявіцца бягучы радок або ўзьнікне перапыненьне эфіру, на радыё будзе ажыцьцёўлены FM-перахоп, на сайце зьявіцца асобнае паведамленьне з кароткім апісаньнем сытуацыі і інструкцыямі, што трэба рабіць. Эвакуацыя ў сховішчы патрэбная далёка ня ў кожнай сытуацыі, але калі ўзьнікне такая неабходнасьць — у паведамленьні будуць дадзены ўсе патрэбныя каардынаты».

Пасьля гэтага МНС займела сыстэму СМС-апавяшчэньня, яе некалькі разоў тэставалі. Праз такія СМС людзей апавяшчалі пра выбары, а Менгарвыканкам некалькі разоў прасіў такім чынам пачысьціць сьнег каля машынамесцаў. Гэтая ж сыстэма можа быць выкарыстаная ў выпадку нейкай пагрозы.

Аднак наладжаная сыстэма ў выпадку незвычайнай сытуацыі можа даваць збоі. Такі прыклад прыводзіць былы ратавальнік Андрэй:

«Любыя катаклізмы выклікалі каляпс беларускай сыстэмы. СМС-апавяшчэньне можа спрацаваць, можа не спрацаваць. Можна прыгадаць цыклён „Хавіер“, калі палова машын МНС стаяла замеценая сумётамі. Хоць пра цыклён было вядома, напрыклад, немцы да яго падрыхтаваліся выдатна», — кажа былы ратавальнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG