Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль ня скончыўся: якія радыянукліды засталіся ў Беларусі праз 40 гадоў

Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Цэзій у лясах, рызыка ў Астраўцы: што трэба ведаць праз 40 гадоў пасьля Чарнобылю.

40 гадоў пасьля Чарнобылю: якія радыянукліды засталіся ў Беларусі, якія небясьпекі нясе Астравецкая АЭС, пабудаваная расейцамі. Разьбіраліся з экспэртамі — радыяцыйным хімікам Сяргеем Бесарабам і эколягам, прадстаўніцай «Зялёнага Альянсу», кандыдатам геаграфічных навук Ганнай Скрыган.

26 красавіка 2026 году спаўняецца 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС — найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагодзьдзя. За гэты час вырасла новае пакаленьне, для якога Чарнобыль — гісторыя. Аднак наступствы аварыі ня зьніклі. Частка радыянуклідаў працягвае заставацца ў навакольным асяродзьдзі, трапляць у ежу і ваду, а значыць — уплываць на здароўе людзей.

Сяргей Бесараб
Сяргей Бесараб

Як кажа радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб, «самую жорсткую фазу гэтай катастрофы мы сапраўды перажылі. Гэта ўзьдзеяньне ёду-131, які асабліва моцна ўдарыў па шчытавіцы дзяцей і дарослых. Гэта вельмі актыўны кароткатрывалы ізатоп з пэрыядам паўраспаду восем дзён. Ён нанёс сваю шкоду ўвесну 1986 году і зьнік. У гэтым сэнсе да той страшнай „ёднай“ катастрофы мы ўжо ня вернемся. Але засталіся доўгатрывалыя ізатопы — перадусім цэзій-137 і стронцый-90».

Чым небясьпечны цэзій-137

Цэзій-137 — радыяактыўны ізатоп штучнага паходжаньня. У прыродзе яго не існавала да пачатку ядзернай эры. Ён утвараецца пры дзяленьні ядраў у ядзерных рэактарах і пры выбухах ядзернай зброі. Пры аварыі на ЧАЭС у навакольнае асяродзьдзе былі выкінутыя велізарныя аб’ёмы радыянуклідаў, зь якіх значную частку складаў менавіта цэзій-137. Ён распаўсюдзіўся далёка за межы Ўкраіны, Беларусі і Расеі, зрабіўшы радыяцыю глябальнай праблемай. Асаблівасьць цэзію-137 у тым, што ён ня проста ёсьць у навакольным асяродзьдзі — ён уключаецца ў харчовыя ланцужкі, трапляе ў арганізм чалавека і назапашваецца ў тканках. Дасьледаваньні паказалі, што цэзій разьмяркоўваецца ў целе нераўнамерна. У жыцьцёва важных органах — сэрцы, пячонцы, нырках — яго канцэнтрацыя можа быць у 10–100 разоў вышэйшая, чым сярэдні паказьнік ува ўсім арганізьме. Найбольш уразьлівыя да гэтага ўзьдзеяньня дзеці і падлеткі. Паводле навукоўца Сяргея Бесараба, цэзій-137 — вельмі актыўны радыяактыўны ізатоп.

«Нядаўна на Нэтфліксе выйшаў бразыльскі міні-сэрыял сэрыял Radioactive Emergency, заснаваны на падзеях рэальнай аварыі з цэзіем-137 у Гаяніі ў 1987 годзе. Тады ў Бразыліі пры радыяцыйнай аварыі ў навакольле трапіла каля 20 грамаў цэзію-137, і гэта прывяло да забруджаньня 68 км² тэрыторыі. Больш за 100 000 чалавек былі абсьледаваныя, каля дзясятка памерлі. Пры Чарнобыльскай аварыі ў навакольле было выкінута каля 100 кіляграмаў цэзію-137. У Беларусі маштабы гэтага забруджаньня ў 5 000 разоў большыя. У сэрыяле вельмі добра паказаныя наступствы для здароўя людзей. Цэзій небясьпечны тым, што трапляе ў арганізм празь ежу і ваду, назапашваецца ў тканках і доўга апраменьвае чалавека знутры. Гэта хранічнае радыяцыйнае атручваньне, якое разбурае імунную сыстэму і павялічвае рызыку цяжкіх захворваньняў».

Чым небясьпечныя стронцый-90 і ўран-235

Паводле Сяргея Бесараба, радыяактыўныя стронцый і цэзій небясьпечныя яшчэ і тым, што яны падобныя да жыцьцёва неабходных элемэнтаў. Напрыклад, стронцый сваімі ўласьцівасьцямі нагадвае кальцый.

«Кальцый — аснова нашых костак. Таму стронцый можа замяшчаць кальцый у касьцяной тканцы і апраменьваць арганізм знутры. Гэта асабліва небясьпечна для крывятворнай сыстэмы і імунітэту. Калі казаць пра яго распад, то сёньня мы знаходзімся толькі ў першым пэрыядзе паўраспаду. Калі ў 1986 годзе умоўна было выкінута 50 кіляграмаў стронцыю, то цяпер засталася прыкладна палова гэтай колькасьці».

Адрозна ад ёду, цэзію ці стронцыю, пэрыяд паўраспаду ўрану — мільёны гадоў. Гэта ўжо зусім іншы маштаб часу, кажа Бесараб.

«Уран-235 выпраменьвае альфа-часьцінкі. І ёсьць важны момант: большасьць бытавых дазімэтраў выяўляюць гама- і бэта-выпрамяненьне, але ня альфа-выпрамяненьне. Звонку альфа-часьцінкі ня вельмі небясьпечныя — іх затрымлівае нават папера або верхні пласт скуры. Але калі пыл з такімі часьцінкамі трапляе ў лёгкія ці страўнікава-кішачны тракт, рызыкі вельмі сур’ёзныя. Гэта можа выклікаць анкалягічныя захворваньні».

Радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб называе тры групы радыянуклідаў, за якімі важна сачыць беларусам і разумець рызыкі ад іх:

Ізатопы ёду — яны першымі зьяўляюцца пры аварыі на дзейным рэактары.
Цэзій і стронцый — асноўныя доўгатрывалыя пагрозы пасьля выкідаў.
Цяжкія трансуранавыя элемэнты — плютоній, амэрыцый, уран.

Легендарны ўнёсак у радыяцыйную мэдыцыну прафэсара Бандажэўскага

Юры Бандажэўскі
Юры Бандажэўскі

Беларускі навуковец, доктар мэдычных навук прафэсар Юры Бандажэўскі быў адным з першых дасьледнікаў, хто адкрыта гаварыў пра небясьпеку малых дозаў радыяцыі. У 1999 годзе быў зьняты з пасады рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту, арыштаваны паводле падазрэньня ў атрыманьні хабару, правёў за кратамі шэсьць гадоў. На думку праваабаронцаў, сапраўднай прычынай арышту Бандажэўскага стала яго нязгода з палітыкай уладаў Беларусі ў пераадоленьні наступстваў аварыі на ЧАЭС. Бандажэўскі падкрэсьліваў, што няма дозаў, аднолькава «бясьпечных» для ўсіх людзей, бо існуе індывідуальная генэтычная адчувальнасьць. Для людзей, схільных да пэўных захворваньняў, нават адносна невялікія дозы могуць стаць трыгерам сур’ёзных праблемаў са здароўем. Вось што Бандажэўскі казаў у інтэрвію Свабодзе 10 гадоў таму:

«Існуе індывідуальная адчувальнасьць арганізму, якая залежыць ад генэтычнай асаблівасьці. Нават калі няма вялікіх дозаў і цэзій не назапашваецца ў вельмі вялікай канцэнтрацыі, але перавышае нормы ў вадзе ці харчах, то ён робіць сваю згубную справу. На людзях, якія маюць генэтычную схільнасьць да адпаведных хваробаў, гэта адбіваецца і праяўляецца нэгатыўным чынам. У гэтым сутнасьць праблемы наступстваў Чарнобылю... Ёсьць дозы, здольныя выклікаць запраграмаваныя ў арганізьме хваробы. Мяне пытаюцца, чаму я ўвесь час кажу пра радыяцыю. Таму што няма мацнейшага фактару, які спрыяе праяўленьню гэтай генэтычнай схільнасьці», — падсумоўваў Юры Бандажэўскі.

Радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб згодны з высновамі Бандажэўскага:

«Бандажэўскі быў прынцыповым навукоўцам, які дасьледаваў доўгатэрміновае ўзьдзеяньне малых дозаў радыяцыі, асабліва цэзію, што трапляе ў арганізм з ежай. Ён паказаў, што гэтыя ізатопы наносяць сур’ёзны ўдар па міякардзе, асабліва ў дзяцей. Гэта ня толькі агульны акісьляльны стрэс, але і беспасярэдняе пашкоджаньне сардэчнай тканкі. Яго праца стала асновай вядомага фільму „Чарнобыльскае сэрца“. Гэта легендарны ўнёсак у радыяцыйную мэдыцыну Беларусі, хоць сёньня ўнутры краіны пра гэта амаль не гавораць».

«Радыяцыя не даруе невуцтва»

Пытаюся ў Сяргея Бесараба: ці галоўныя наступствы Чарнобыльскай аварыі ўжо ў мінулым, бо завяршыўся пэрыяд паўраспаду некаторых найбольш небясьпечных элемэнтаў?

«Іх пэрыяд паўраспаду каля 30 гадоў. А ў радыяцыйнай экалёгіі лічыцца, што да ўмоўна натуральнага фону ізатопы вяртаюцца толькі пасьля дзесяці пэрыядаў паўраспаду. Гэта значыць, што цяпер прайшоў толькі першы этап. Мы фактычна яшчэ ў самым пачатку доўгага шляху ачышчэньня ад чарнобыльскіх выкідаў».

Ці можа чалавек у Беларусі сёньня праверыць, колькі радыянуклідаў у яго арганізьме? Навуковец адказвае:

«Раней такую магчымасьць даваў інстытут „Белрад“. Гэта была вельмі важная ініцыятыва, якая займалася не толькі вымярэньнямі, але і адукацыяй. Людзей вучылі карыстацца дазімэтрамі, правяраць прадукты, разумець рызыкі. Таксама ў Гомлі была спэцыяльная ўстаноўка, распрацаваная яшчэ пры ўдзеле прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Чалавек сядаў у спэцыяльнае крэсла, а прылада вызначала, колькі радыянуклідаў назапашана ў арганізьме і ці патрэбная дэтаксыкацыя. Наколькі мне вядома, цяпер гэтая сыстэма ўжо не працуе. А Беларусь стала значна больш закрытай, таму атрымаць дакладную інфармацыю цяжка».

Радыяцыйны хімік Бесараб кажа, што незалежная беларуская радыяцыйная навука калісьці была вельмі моцнай.

«Былі выдатныя навукоўцы, інжынэры, лекары. Але сёньня гэтая сфэра моцна аслабленая і маргіналізаваная. Таму людзям застаецца самім клапаціцца пра сваю бясьпеку. Радыяцыя не даруе невуцтва. Асноўная абарона ад радыяцыі — гэта веды. Кожная сям’я павінна мець дазімэтар і разумець, як ён працуе. Трэба ўнікаць сьляпой радыяфобіі, але і ня быць абыякавымі. Радыяцыя любіць дакладнасьць: калі чалавек разумее законы, паводле якіх яна дзейнічае, ён можа сябе абараніць і жыць бяз панікі. Чарнобыль ня скончыўся. Ён проста перайшоў у іншую фазу — менш бачную, але доўгатэрміновую. І адказам на яе павінны быць не забыцьцё і ня страх, а веды, кантроль і адказнасьць».

«Для ядзернай небясьпекі неканечне патрэбная тэхнічная аварыя. Дастаткова мець суседа-вар’ята і вайну побач»

Ганна Скрыган
Ганна Скрыган

Эколяг, прадстаўніца «Зялёнага Альянсу», кандыдат геаграфічных навук Ганна Скрыган кажа пра тры новыя рызыкі для беларусаў праз 40 гадоў пасьля Чарнобыльскай катастрофы.


«Сёньня Беларусь сутыкаецца і з новымі рызыкамі — БелАЭС на поўначы і праблемы вакол Чарнобыльскай зоны й Запароскай АЭС на поўдні. Калі кіравацца крытэрамі МАГАТЭ, а ў іх сем крытэраў бясьпекі станцыі, то на Запароскай станцыі цяпер парушаныя пяць. Гэта азначае, што за апошнія гады мы атрымалі новыя рызыкі, зьвязаныя зь ядзернай энэргетыкай. І гэтыя рызыкі паказваюць: неканечне патрэбная аварыя ці неналежная эксплюатацыя станцыі. Дастаткова мець суседа-вар’ята і вайну побач».

Калі казаць пра Беларускую АЭС, то расейскія рэактары — гэта праблема, кажа экспэртка.

«Што б ні казаў „Росатом“, яны ня лічацца самымі бясьпечнымі. Калі ішлі дыскусіі аб праекце станцыі ў Астраўцы, казалі, што яна вытрымае простае трапляньне бомбы. Але прыклад Запароскай АЭС паказаў: ня трэба бамбіць саму станцыю. Яна вельмі адчувальная да ўласнага энэргазабесьпячэньня і да сыстэмы ахалоджваньня. Калі гэтыя ланцужкі парушаныя, нават без пашкоджаньня рэактару гэта пагражае наступствамі. І нават рэактары трэцяга пакаленьня, якія будуе і эксплюатуе „Росатом“, цяпер выклікаюць вялікую міжнародную дыскусію аб іхнай бясьпецы».

Ганна Скрыган фармулюе яшчэ адну праблему Беларускай АЭС — гэтым рэактарам пасуе толькі расейскае ядзернае паліва. Гэта ўзмацняе залежнасьць і стварае дадатковую рызыку.

«І кожны інцыдэнт на Беларускай АЭС — гэта пагроза ўсёй краіне. Бо пераважны кірунак вятроў — паўночна-заходні. Гэта значыць, што наступствы закрануць вялікія тэрыторыі Беларусі. Калі ў выпадках з Чарнобылем або Запарожжам яшчэ можна спадзявацца на спрыяльны вецер, то зь Беларускай АЭС — не. Гэта і ёсьць спэцыфіка пагрозы, у якой мы пастаянна жывём: кожны інцыдэнт можа закрануць усіх жыхароў краіны».

Эколяг кажа, што цяпер 97% усіх рэактараў у сьвеце будуюць у Расеі і Кітаі.

«Новае будаўніцтва вельмі дарагое, патрабуе спэцыялістаў, тэхналёгіяў і вялікіх крэдытаў. Расея прапануе схему: рэактар, крэдыт, паліва — і сваіх спэцыялістаў. Беларусь тут стала паказальным прыкладам таго, што адбываецца, калі краіна трапляе ў такую залежнасьць. У істоце гэтая станцыя ў Беларусі нам не належыць. Гэта значыць — рэактар расейскі, крэдыт расейскі, ядзерныя адкіды вы ў сябе закапайце. І гэта схема, паводле якой „Росатом“ будуе рэактары. Тое ж ён прапануе і ў іншых краінах — і ў Індыі, і ў Пакістане».

Чаго варта асьцерагацца людзям у Беларусі

Эколяг Ганна Скрыган канстатуе, што цяпер масавыя дасьледаваньні ўзьдзеяньня радыяцыі на здароўе людзей фактычна не праводзяцца, а гэта азначае, што мы ня маем поўнай карціны таго, што адбываецца. Паводле экспэрткі, вялікую ролю адыгрывае лад жыцьця.

«Афіцыйныя дасьледаваньні паказвалі: чым мацней жыцьцё чалавека зьвязанае зь мясцовымі прадуктамі і дарамі лесу, тым большую ўнутраную дозу ён атрымлівае. Напрыклад, бабуля жыве ў вёсцы, ходзіць у грыбы і ягады, робіць нарыхтоўкі і спажывае іх. А яе дзеці жывуць у горадзе, не ядуць такіх прадуктаў — і нават пры аднолькавым узроўні забруджаньня тэрыторыі іх індывідуальная доза будзе ніжэйшая. Пасьля аварыі былі распрацаваныя памяткі, як бясьпечна весьці гаспадарку на забруджаных землях. Але з часам гэта забываецца. Сорак гадоў — гэта ўжо за межамі чалавечага гарызонту плянаваньня. Людзям хочацца жыць без пастаяннага страху і абмежаваньняў».

Паводле Ганны Скрыган, наступствы радыяцыі для здароўя застаюцца і праз 40 гадоў.

«Паводле зьвестак, якія яшчэ былі даступныя раней, пасьля аварыі рост захворваньняў шчытавіцы ў падлеткаў склаў 1600%. Гэта не агаворка — гэта статыстыка. Таксама вырасла колькасьць анкалягічных захворваньняў розных лякалізацыяў. Пералік хваробаў, якія афіцыйна зьвязвалі з Чарнобылем, спачатку быў шырэйшы, потым яго значна скарацілі. Бо гэта беспасярэдне зьвязана зь дзяржаўнымі выдаткамі на падтрыманьне пацярпелых».

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.


  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG