Згодна з інфармацыяй праекту, у 2022 годзе Ўзброеныя сілы Расеі або Міністэрства абароны Расеі падпісалі толькі 94 кантракты з іншаземцамі, у 2023-м такіх было ўжо 4067, у 2024-м — 8877, у 2025-м — 16 085, за 9 месяцаў 2026 году — 16 168.
У праекце «Хачу жыць» сьцьвярджаюць, што ў 2026 годзе расейская армія плянуе падпісаць кантракты з 18 500 іншаземцамі.
«Цяпер Расея вэрбуе прыблізна 1800 іншаземцаў штомесяц. Пры захаваньні цяперашніх тэмпаў плян будзе перавыкананы ўжо ў лістападзе, а да канца году колькасьць новых кантрактнікаў можа дасягнуць 21 500. Найбольш іншаземцаў завэрбавалі ва Ўзбэкістане, Таджыкістане і Беларусі. Пры гэтым найхутчэйшымі тэмпамі вэрбаваньне нарастае ў краінах Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі», — адзначылі ў праекце.
Паводле інфармацыі праекту, сёлета кантракты з расейскай арміяй падпісалі 1862 грамадзяніны Беларусі.
У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі дадалі, што Расея абяцае іншаземцам вялікія заробкі і грамадзянства, а пасьля накіроўвае іх на штурмы. «Тых, каму пашанцавала выжыць, проста кідаюць у палоне — у Крамлі палічылі, што ім больш выгадна набыць яшчэ аднаго іншаземнага найміта, чым вяртаць з палону праз абмен», — гаворыцца ў паведамленьні.
Колькі грамадзян Беларусі ваююць на расейска-ўкраінскай вайне
Грамадзяне Беларусі ваююць і на баку Расеі, і на баку Ўкраіны, але дакладная іх колькасьць невядомая.
Сёлета ў траўні, паводле інфармацыі ўкраінскага боку, у складзе расейскіх войскаў ваяваў 2871 грамадзянін Беларусі, але ў чэрвені ўжо называлі лічбу 3 тысячы чалавек.
На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія былі ў расейскім палоне. Апошні абмен, у межах якога Расеі перадалі беларускага палоннага, адбыўся 6 траўня 2025 году.
Паводле ацэнак аналітыкаў, на баку Ўкраіны з 2014 году ваявалі прыблізна 1300 чалавек. Улады Беларусі агучвалі лічбу ў 15000 грамадзян, якія нібыта ваявалі ці ваююць ва ўкраінскім войску.
За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 400 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
Форум