Беларусь застаецца «асноўным і адзіным саюзьнікам Расеі на заходнім кірунку», заявіў першы намесьнік старшыні Службы зьнешняй выведкі Ўкраіны Алег Лугаўскі ў інтэрвію «Укрінформ».
Паводле яго слоў, Беларусь «працягвае выступаць у ролі тылу Расеі, пастаўляючы снарады, бесьпілётныя сыстэмы, а таксама рамантуючы расейскую вайсковую тэхніку».
Лугаўскі канстатаваў, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну «беларускі ВПК інтэграваўся ў расейскі».
«Больш за 80% беларускіх прадпрыемстваў прыцягнутыя да выкананьня расейскай дзяржабаронзамовы і дзяржаўнай праграмы ўзбраеньняў Расеі на 2025–2034 гады, — сказаў прадстаўнік СЗВ. — Тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўваецца для пастаўкі тэхналёгій і прадукцыі для прадпрыемстваў расейскага ВПК з мэтай абыходу санкцый».
«Беларускія прадпрыемствы рамантуюць бранятанкавае і ракетна-артылерыйскае ўзбраеньне, сродкі сувязі, аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня і авіяцыйную тэхніку», — дадаў ён.
24 лютага 2022 году Расея распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Эўропе пасьля Другой сусьветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 году, а пасьля на працягу многіх месяцаў зь Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расейскіх вайскоўцаў. Паводле зьвестак журналістаў-расьсьледавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасьцю на карысьць расейскага вайскова-прамысловага комплексу, піша «Позірк».
Форум