Дональд Трамп заявіў, што Расея пастаўляе на ўсясьветны рынак мільёны барэляў дызэлю па нізкіх цэнах, а прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ігнаруе эканамічныя наступствы ўдараў. Ён таксама абвінаваціў Зяленскага ў нежаданьні завяршаць вайну, нягледзячы на фінансавую падтрымку з боку Эўропы і папярэдняй амэрыканскай адміністрацыі.
«Два гады таму ён мог бы заключыць больш выгадную ўгоду, чым цяпер», — напісаў Трамп у Truth Social.
Трамп таксама заявіў, што заключыў пагадненьне з Расеяй аб пастаўках дызэльнага паліва і адмовіўся прымяняць частку новых санкцый супраць Масквы, каб не сарваць перамовы аб спыненьні вайны ва Ўкраіне.
«Маё рашэньне наконт Расеі вельмі простае. Я вяду перамовы аб Міры ў вайне паміж Расеяй і Ўкраінай і не хачу рабіць нічога, што магло б неразумна адштурхнуць Расею ад перамоўнага стала», — адзначыў Трамп.
Амэрыканскі прэзыдэнт таксама адзначыў, што Расея практычна не надае дапамогу Ірану, хоць магла б гэта рабіць. Паводле Трампа, ён зацікаўлены ў захаваньні такога становішча.
ЗША аднавілі перадачу Ўкраіне выведных зьвестак
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваю чаргу паведаміў NBC News, што Вашынгтон аднавіў перадачу папярэджаньняў аб запусках расейскіх балістычных ракет пасьля трохдзённага перапынку.
«Мы вельмі ўдзячныя за гэта. Цяпер усё працуе», — заявіў Зяленскі.
Паводле яго, Украіна можа атрымліваць такую інфармацыю толькі ад ЗША. Пры гэтым абмежаваньні на выкарыстаньне спадарожнікавай сувязі Starlink для ўкраінскіх вайскоўцаў працягваюць дзейнічаць.
9 кастрычніка Трамп абвясьціў аб дамоўленасьці з Уладзімірам Пуціным наконт паставак расейскага дызэльнага паліва на амэрыканскі і ўсясьветны рынкі. Пасьля гэтага Вашынгтон запатрабаваў ад Кіева спыніць удары па расейскіх НПЗ. На фоне рознагалосьсяў амэрыканскі бок часова прыпыніў перадачу часткі выведнай інфармацыі і абмежаваў працу Starlink, сьцьвярджаў Зяленскі.
Пуцін прапанаваў Трампу і Сі Дзіньпіну абмеркаваць Украіну безь Зяленскага
Паводле інфармацыі амэрыканскага выданьня The Wall Street Journal (WSJ), Уладзімір Пуцін прапанаваў Дональду Трампу правесьці трохбаковы саміт з удзелам старшыні КНР Сі Дзіньпіна для абмеркаваньня завяршэньня вайны. Ініцыятыва, паводле зьвестак журналістаў, прагучала ў тэлефоннай размове Пуціна і Трампа 9 кастрычніка. Тады бакі таксама дамовіліся аб пастаўках расейскага дызэльнага паліва.
Сустрэча можа адбыцца 18–19 лістапада на палях саміту Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы (АЦЭС) у Кітаі. Удзел у ёй прэзыдэнта Ўкраіны не плянуецца.
Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў WSJ, што магчымасьць сустрэчы абмяркоўваецца, але дамоўленасьцяў аб яе правядзеньні і парадку дня пакуль няма. Паводле крыніцы выданьня ў амэрыканскай адміністрацыі, Трамп яшчэ ня даў згоды на саміт. Кітайскі бок, як сьцьвярджаюць суразмоўцы газэты, не пярэчыць перамовам, калі ў іх возьме ўдзел прэзыдэнт ЗША.
Форум